Гомельскі паэт, перакладчык і культурны менеджар Алесь Плотка рыхтуе да выдання “Антарэс” — першую асобную беларускамоўную анталогію ўкраінскага Расстралянага адраджэння. Над перакладамі і ўкладаннем кнігі ён працаваў два гады. Для Плоткі гэта спосаб захоўваць беларуска-ўкраінскія культурныя сувязі на фоне вайны і нагадваць пра супольны досвед савецкіх рэпрэсій.

Алесь Плотка. Фота: з персанальнага архіву героя публікацыі
“Падобны перакладчыцкі мосцік — рэдкая магчымасць зрабіць нешта ў культуры на фоне неметафарычна ўзарваных мастоў”, — адзначае ўкладальнік у апісанні праекта.

Кніга выйдзе ва ўкраінска-беларускім фармаце: арыгіналы будуць суседнічаць з перакладамі. Выданне рыхтуе ініцыятыва “Пурпурная майстэрня”, рэдактарка — Наталля Русецкая, аўтарка прадмовы — Мар’я Знарачан.
Як падтрымаць выданне
Сродкі збіраюць на платформе Gronka. Мэта кампаніі — 2240 еўра на рэдагаванне, дызайн, вёрстку, друк і падаткі.
Падтрымаць праект можна, выбраўшы адзін з трох лотаў: 10 еўра — паштоўка з цытатай, 20 еўра — кніга з паштовай дастаўкай, 500 еўра — вячэра з укладальнікам у Варшаве. Продаж праз кнігарні і публічныя прэзентацыі не плануюцца.
“Абірайце кнігу, суму данату, і потым, калі [збор] скончыцца, гэтыя кнігі будуць дасланы ўсім, хто паўдзельнічаў у фінансаванні гэтага праекта”, — патлумачыў Плотка.
Удзельнікам з Беларусі ён асобна нагадвае пра рызыкі: “Ёсць вядомая беларуская платформа — “Гронка”. Яна, канешне, абвешчаная экстрэмісцкай, і таму, калі вы слухаеце нас з Беларусі, вам небяспечна”.
Не пералічвайце сродкі з беларускіх і расійскіх банкаўскіх картак. Атрыманне кнігі ў Беларусі таксама патрабуе ацэнкі бяспекі: арганізатары прапануюць пры неабходнасці замовіць асобнік на адрас блізкіх за мяжой.
Пакаленне, якое знішчалі рэпрэсіямі
Расстраляным адраджэннем называюць пакаленне ўкраінскіх літаратараў і мастакоў 1920-х — пачатку 1930-х гадоў, чый творчы ўздым быў перарваны савецкім тэрорам. Маштаб трагедыі не абмяжоўваецца адным месцам або адной хваляй расстрэлаў. Паводле Украінскага інстытута нацыянальнай памяці, толькі з 27 кастрычніка да 4 лістапада 1937 года ў Сандармоху расстралялі 1111 вязняў, сярод якіх — 287 украінцаў і людзей, звязаных з Украінай. Гэта не колькасць забітых паэтаў: сярод ахвяр былі прадстаўнікі розных прафесій, у тым ліку пісьменнікі і дзеячы культуры.
У “Антарэс” увойдуць творы 26 аўтараў: Мыколы Зэрава, Мыхайля Сэмэнкі, Майка Ёгансэна, Яўгена Плужныка, Ладзі Магілянскай, Веранікі Чэрняхіўскай, Міраславы Сапілкі ды іншых. Проза будзе прадстаўленая творам Мыколы Хвылёвага “Я (Рамантыка)”.
Плотка падкрэслівае: анталогія ахоплівае не толькі расстраляных, але і аўтараў, якія зазналі іншыя формы пераследу. Побач з сучаснымі перакладамі змесцяць працу Алеся Дудара з 1920-х гадоў — яшчэ адно сведчанне даўніх літаратурных сувязяў паміж беларусамі і ўкраінцамі.
Можна пачытаць па тэме:
Пра мову, дзяцінства, гомельскіх нефармалаў і “SOŽ”. Вялікая гутарка з Алесем Плоткам
“Заходжу я да дзядзькі Янкі з перакладам Сыракомлі”
Гомельскі паэт Алесь Плотка ахвяраваў грошы на рэабілітацыю ўкраінскіх вайскоўцаў