Пра мову, дзяцінства, гомельскіх нефармалаў і “SOŽ”. Вялікая гутарка з Алесем Плоткам

by ZB

Музыка і літаратар, фронтмэн гурта “SOŽ” Алесь Плотка нарадзіўся ў Гомелі ў першым радзільным доме, у будынку, у якім цяпер месціцца Следчы камітэт. Некалі Алесь нядоўга працаваў на круізных лайнерах, з таго часу мае псеўданім “Байсан”, што з марскога слэнгу азначае “зямляк”, бо ў моры зямляцтва “мае асаблівы смак”.

Мова Гомель распытала Алеся Плотку пра яго дзіцячыя ўспаміны і дарослыя роздумы.

Алесь Плотка

Вашы ўспаміны з дзяцінства, наколькі яны звязаныя менавіта з Гомелем?

– Цікавае пытанне. З Гомелем. Дзяцінства ў мяне, напэўна, як і багата каго, падзеленае на ўспаміны паміж горадам, дзе нарадзіўся і жыў, і тымі мясцінамі, куды ездзіў да бабуляў пажыць. Маё дзяцінства хіба на тры роўныя этапы дзеліцца, трымаецца на трох чарапахах: Гомель, Бабруйск, дзе жыла адна бабуля, і Баранавічы, дзе жыла другая бабуля. Такі трохкутнік атрымаўся ў мяне і параўнанні гэтых месцаў, гарадоў. Не сказаць, што гэта такі глыбокі падзел “усход – захад”, але адрозненні ёсць. Баранавічы – гэта была больш далёкая паездка, калі ты дзіця, то гэта здавалася і вельмі далёка, трэба было ехаць начным цягніком, калі прачынаешся, пад’язджаеш, п’еш з падстаканнікаў. Цікава было ў Баранавічах глядзець польскае тэлебачанне. Гэта для гродзенцаў нармальна, яны глядзяць з дзяцінства польскія каналы. Я – абсалютны беларус у сямі пакаленнях, няма ніякага намёку на нешта іншае, і мне было прыкольна, што там польская, каталіцкая прысутнасць. На ўсходзе карцінка ўсё ж больш аднастайная. У Баранавічах можна было і польскамоўную газету набыць. У Гомелі гэтага быць не магло зусім. Такія кантрасты добра запомніліся, бо ты параўноўваеш увесь час.

Мяне  ў дзяцінстве паматала. Я жыў на Багдана Хмяльніцкага, трохі паспеў пажыць у Навабеліцы, блізка за мостам, скуль, на жаль, запомніў абсалютна жудасны пах ад мясакамбіната, хто там жыве ўсе гэта ведаюць. Потым жыў у Савецкім раёне на вуліцы Косарава.

 

Ці запомнілася вам, як бабулі вашы размаўлялі, бо не кожны гэта ў дзяцінстве ўсведамляў? Вы памятаеце такія моманты?

– Так, памятаю. Па-рознаму гаварылі бабулі з дзядулямі. У мяне не было бабуляў на вёсках, я вёску не бачыў, толькі па другім бацьку, які быў рэальна з вёскі, але я туды рэдка-рэдка ездзіў, такі турызм абсалютны. Мае бабулі і дзядулі – першае пакаленне з вёсак. Хоць у Баранавічах быў свой дом, свая хата ў цэнтры горада, мы там трымалі нейкіх курэй нават, таму некаторыя рэшткі вясковага ўкладу там захоўваліся. Што да стылю мову, то я добра памятаю некаторыя рэчы. Бабуля баранавіцкая казала на тыповым такім “наваградскім строі” мовы, некаторымі спецыфічнымі словамі беларускімі. Я не ведаю, як сказаць, гэта такая нібыта трасянка з асноўнай беларускай, але не хачу тут прыдумляць. Там былі такія слоўцы кшталту “не веле” ды іншыя. Таксама цікава было, што ў бабулі (а яна пражыла доўга, да 90 год і тое кавід “дапамог”) былі арганічныя націскі ў словах загаднага ладу множнага ліку. Яна казала заўсёды “хадзеце”, а не “хадзіце”. Мы, гарадскія, мы вучылі мову збольшага па падручніках наркамаўскіх, дзе “хадзіце, глядзіце”. Для бабулі было “хадзеце”. Такія глыбокія адметнасці беларускай мовы.

Ваша беларуская мова ўсё ж адкуль? Вы ўжо ў дарослым жыцці пачалі размаўляць па-беларуску?

– Так, беларуская мова ўся афармлялася найперш як мова творчасці і ёй застаецца. Калі я пачаў пісаць вершы, а пачаў пісаць як і ўсе ў гадоў 15-16, там былі рускія вершы, але ад пачатку было багата і на беларускай мове. Але сёння іх чытаць неяк не хочацца…

Вы захавалі іх?

– Так, зусім знішчыць неяк не змог. Нармальныя пубертатныя вершы. А далей – гэта шлях працы над сабою. Зноў такі, я не лічу, што ведаю беларускую мову дасканала, максімум “на чацвёрку”. Чым больш ведаеш, тым больш разумееш, што нічога не ведаеш.

Чым больш ты занураешся, хоць прыкладна ўяўляеш сабе, што такое абсяг мовы, калі слоўнікі пачынаеш чытаць, калі перакладам займаешся, то разумееш, наколькі гэта велічэзная рэч. Я зноў такі вельмі самакрытычны.

 

Пра вас калі пішуць, або чытаеш інтэрв’ю з вамі, то ўвесь час прасочваецца, што вы выйшлі з гомельскага андэграўнду. Вось раскажыце пра гэта, скуль вы выйшлі…

– Пад гэтым трэба разумець гомельскую рок-метал-панк сцэну. Нефармальства такое, слова якое адыходзіць у гісторыю. Тое, што было ў канцы 1990-х, у нулявыя, цяжкія гурты, “Gods Tower”, рок-н-рольныя гурты. Гэта вельмі моцна мяне сфарміравала, абсалютна дакладна. І шчыра вам скажу, вось гэтае паходжанне з субкультуры мне часам дапамагае нават у глабальным свеце. Скажу тут дзве рэчы. Першая, што тыя людзі, нефармалы, потым у далейшым жыцці мяне ніколі не падводзілі, гэта вельмі крэпкае ядро, недаследаваны феномен. Па-другое, гэта дапамагае глабальна. Так, у пачатку года ў “Gods Tower” былі канцэрты ў краінах Балтыі, я паехаў за кампанію. Ехаў з літоўскімі металістамі, маладзейшымі за мяне. І мы былі ў адной сістэме каардынат. Вось я жыву эміграцыі, тут свае праблемы, сацыялізацыя і так далей, а з браткамі-нефармаламі адразу проста, як са сваім чалавекам гаворыш. Мне з гэтымі рабятамі дужа дамагаюць размовы эмацыйна. Можа ў дактароў таксама так адбываецца, нейкі гурток па інтарэсах… Але мне гэта дапамагае.

 

Ваш гурт “SOŽ” надалей жывы, можна так сказаць?

– Так, яго хвалі не хуткаплынныя, але ён жывы, існуе, проста павольна існуе. Гэта найперш таму, што я ў Літве жыву, а ўсе хлопцы – у Польшчы, і гэта нам дужа замінае. Таксама крызіс каштоўнасны, бо я хацеў бы больш “туды” напрацаваць, а хлопцы хацелі б больш граць канцэрты і гэта нармальна, бо мы рэдка выступаем. Але гэта не драма. Мы дарослыя людзі і ў нейкі новы, іншы метад робім музыку. Нам важна быць “Сажом”, там увесь час гучыць гомельская тэма. І яна заўжды будзе гучаць, бо назва заўжды застанецца з намі. Мы не плануем усё жыццё спяваць пра Гомель, але заўжды гэта будзе фонам нашага паходжання, можна не сумнявацца.

 

Калі б так памарыць пра выступ гурта “Сож” у Гомелі, то дзе б ён адбыўся?

– Я думаю, што на набярэжнай ці на ўласна параходзе было б здорава зрабіць. Мы выступалі ў гэтым годзе на наберажнай Віслы, і ёсць такі жарт, што мы выступаем толькі на лакацыях, якія знаходзяцца ў блізкасці да ракі ў 100-150 метраў, каб рэчку можна было адчуваць. Але на параходзе было б здорава.

 

Цяпер у вашым жыцці больш літаратуры ці музыкі на сённяшні дзень, ці гэта не варта падзяляць?

– З “Сажом” мы гэты год не так актыўна выступаем, як хацелася б. Гэты год быў пад знакам літаратуры. У нас з Сашам Чарнухам толькі скончылася турнэ з прэзентацыямі двух кніг, гэта 20 выступаў і асобных, і супольных, гэта не мала. Першая кніга  “Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine”, кніга вершаў і фотаздымкаў, гуманітарны праект у падтрымку цэнтру рэабілітацыі пад Кіевам, пяць тысяч долараў мы сабралі. Для мяне важная вось гэтая інструменталізацыя творчага прадукту, для мяне гэта было нейкім сэнсам усім гэтым займацца, таму што цяжкі час цяпер для мяне асабіста. Думаеш, якія там вершы, песні, творчасць, навошта ўсё гэта трэба. Мне зараз цяжка знаходзіць творчую мову. Гэтая кніжка надала сэнс гэтаму году. І другая кніга, “Свінні” па-беларуску – класны прадукт Сашы Чарнухі, які я пераклаў. Цікава было паехаць па дыяспарах, я кайфаваў, калі бачыў, колькі ў людзях энергіі, колькі ўсяго робіцца. Мне гэта шмат дало. Слухаць людзей, размаўляць з людзьмі, вучыцца, рэфлексаваць разам, калі мы ўжо аказаліся ў гэтай частцы нацыі, якая ёсць эміграцыя. Нечакана прадуктыўны год аказаўся з улікам агульнай дэпрэсіі і сітуацыі.

Як далёка вы планы будуеце на перспектыву?

– Гарызонт планавання дужа моцна знізіўся, як ва ўсіх. Не больш за год напэўна, і то ў некаторых пытаннях практычна засяроджваешся на руціне. Жывеш нейкімі праектамі хутчэй. Гэта зрабіць, тое зрабіць. Жыццё атрымала праектны падыход у нас ва ўсіх.

 

Штодзень

Фота: Дар’я Роскач

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png