26 студзеня адбудзецца Марш Героя Нябеснай Сотні, Героя Украіны і Нацыянальнага Героя Беларусі Міхаіла Жызнеўскага, які загінуў 22 студзеня 2014 года на вуліцы Грушэўскага ад кулі спецпадраздзялення “Беркут”. Таксама падчас маршу ўшануюць памяць больш як 80 ураджэнцаў Беларусі, што загінулі ў баях за Украіну ў перыяд з 2014 па 2025 год.
Марш памяці праводзіцца штогод і традыцыйна аб’ядноўвае беларусаў і ўкраінцаў, якія выходзяць, каб ушанаваць тых, хто аддаў сваё жыццё за свабоду і годнасць. У апошнія гады падчас акцыі згадваюць не толькі Міхаіла Жызнеўскага, але і ўсіх беларусаў, якія загінулі, абараняючы Украіну.

Паводле арганізатараў, збор удзельнікаў пачнецца а 17:30 на Міхайлаўскай плошчы каля помніка княгіні Вользе. А 18:00 калона рушыць па маршруце: Міхайлаўская плошча — Сафійская плошча — Тэатральная плошча — вуліца Хмяльніцкага — Храшчацік — Еўрапейская плошча — народны мемарыял Міхаілу Жызнеўскаму на вуліцы Грушэўскага.
Арганізатары нагадваюць, што ў выпадку паветранай трывогі ўсе ўдзельнікі маршу павінны неадкладна прайсці ў бліжэйшыя ўкрыцці.