
Адноўлены будынак фабрыкі «Палесдрук». Фота: Гомельская праўда, 9 снежня 1947 (region.goub.by)
Развіццё тэхналогій і рост долі паслуг у гаспадарцы непазбежна прыводзяць да вызвалення нейкай часткі былых вытворчых памяшканняў. Знос будынкаў і ўзвядзенне новых – не найлепшае рашэнне як з пункту гледжання эканомікі, так і экалогіі. Куды лепей перапрафіляваць пустыя квадратныя метры ў офісныя ці жылыя памяшканні (лофты), альбо адкрыць тут культурніцкія, забаўляльна-гандлёвыя, гастранамічныя ўстановы. Такое перапрафіляванне ў спалучэнні з ператварэннем прылеглай тэрыторыі ў рэкрэацыйныя зоны спрыяе ажыўленню раёна, робіць яго больш камфортным для мясцовых жыхароў і прывабным для турыстаў. Гэта і называюць рэвіталізацыяй.
У Гомелі хапае апусцелых заводскіх цэхаў і фабрычных бюро, у тым ліку і ў цэнтры горада. Але прыкладаў комплекснай рэканструкцыі пакуль няма. Нават праект маецца толькі адзін: перабудова Завода вымяральных прыбораў (што павінна з’явіцца на месцы занядбанага кавалка тэрыторыі, якія плюсы і мінусы рэканструкцыі, «Штодзень», пісаў раней. Але на дадзены момант у адкрытым доступе няма пацвярджэнняў таму, што працы над рэалізацыяй праекта пачаліся.

Апусцелы будынак Завода вымяральных прыбораў. Фота: wikipedia.org
Вынік менш маштабнай, але цалкам удалай спробы надання пустым памяшканням новага жыцця можна ўбачыць на вул. Падгорнай. Бар «Сожскі хаб» і забаўляльная пляцоўка «Цэх» (з 2025 года не працуе, пра закрыццё клубаў пры незразумелых абставінах чытайце тут) – канцэптуальныя сучасныя прасторы з добрымі інтэр’ерамі і ўтульным падворкам. Але гэта лакальная ініцыятыва прыватнага бізнесу. Сюды прыедзе толькі той, хто хоча наведаць непасрэдна хаб. Да таго ж тут не ходзіць грамадскі транспарт, за агароджай – толькі занядбаныя рэшткі прамысловай велічы савецкіх часоў. Каб гомельцы з’язджаліся на Падгорную з усяго горада, патрэбны куды большыя перамены.

Тэраса «Сожскі Хаб». Фота: @sozhskihub
Самай перспектыўнай для ажыццяўлення паўнавартаснай рэвіталізацыі падаецца будова на пачатку вул. Савецкай. Цэнтр горада, добра развітая камунікацыя, побач парк, які штодня наведвае значная колькасць асоб, у тым ліку і турыстаў. Аднавіць трэба было б толькі невялікі кавалак прылеглай тэрыторыі і сам будынак (гэта танней, чым рэканструкцыя цэлага завода).

Будынак Гарадской думы. Фота: orda.of.by
У адрозненне ад большасці занядбаных гомельскіх гмахаў, гэта не савецкая, а дарэвалюцыйная пабудова. Першапачаткова ва ўзведзеным у 1880-я гады па праекце Яўгена Торліна будынку месціліся крамы (на першым паверсе) і Гарадская дума (на другім паверсе, трэці дабудавалі толькі ў 1935 годзе). Адразу пасля рэвалюцыі 1917 года памяшканні заняла рэдакцыя газеты «Гомельская праўда». А з 1921 – тыпаграфія «Палесдрук».
Пасля аб’яднання ў 2012 годзе двух дзяржаўных прадпрыемстваў – «Палесдрук» і «Сож» – вытворчасць была перанесена на вул. Лепешынскага. Будынак па вул. Савецкай часткова пуставаў, часткова быў здадзены ў арэнду.
Малы бізнес хутка ацаніў перспектыўнасць месца. Неўзабаве тут з’явіліся дзве кавярні і артыстычная студыя. Але напоўніцу тэрыторыя не выкарыстоўвалася. Калі ў 2024 годзе арандатарам не падоўжылі кантракты з-за запланаванага рамонту, хацелася верыць, што наперадзе сапраўдная рэвіталізацыя. У 2025 годзе частка памяшканняў зноў стала даступнай наведвальнікам. Зараз свае паслугі і тавары прапануюць дзве арганізацыі.
Гастранамічная цікавостка – кандытарская з трдзельнікамі. Насуперак распаўсюджанаму стэрэатыпу, гэта не чэшскі, а славацкі прысмак. Назва ўтворана ад «trdlo» – палка, ражон, валік, на якім пякуць слодыч. Трдзельнік – абаронены таварны знак, які можна выкарыстоўваць толькі для вырабаў з пэўных рэгіёнаў Славакіі. Таму гомельскія трдзельнікі (як, зрэшты, чэшкія і польскія) маюць «пірацкі» прысмак. Ёсць у гэтым нешта сімвалічнае: будынак узводзілі для мясцовага самакіравання, а ў выніку рэй тут вядзе «палка»…
Кошык з трдзельнікамі. Фота: вікіпедыя
У забаўляльнай зоне можна арганізаваць спаборніцтвы па гідраболе (бяспечным, па словах арганізатараў, аналагу страйкбола) і Pixel Room (пляцоўка для розных гульняў з элементамі інтэрактыву).

Выгляд памяшкання Pixel Room. Фота: kort.by
Прапановы, бясспрэчна, нетыповыя і ўнікальныя для Гомеля. Але гэта нішавыя тавары і паслугі, якімі карыстаюцца даволі рэдка. Каб прыцягнуць сюды больш наведвальнікаў і будынак пачаў эксплуатавацца напоўніцу, варта было б размясціць тут крамы, кавярні, пункты з рознымі паслугамі – тое, у чым сярэднестатыстычны беларус мае патрэбу куды часцей.
Добры прыклад рэвіталізацыі некалі прамысловых тэрыторый – Фабрыка Норбліна ў цэнтры Варшавы. Гастраномія на любы густ (нават паб з крафтавым півам), фермерскі рынак, крамы (у тым ліку і сувенірныя), караоке, дзіцячыя пляцоўкі, пякарні, кінатэатр і г.д. – усё гэта прыцягвае самыя розныя катэгорыі насельніцтва.
Гандлёва-забаўляльны цэнтр «Фабрыка Норбліна», Варшава
У дрэннае надвор’е калідоры і лесвіцы становяцца месцам для шпацыру. Тут можна не проста прагульвацца, але і паглядзець на музейныя экспанаты: ювелірныя і парцэлянавыя вырабы, створаныя яшчэ падчас працы фабрык; механізмы і працоўныя прылады.
Музейныя экспанаты пасярод «Фабрыкі Норбліна»
Гэтую ідэю можна было б рэалізаваць і ў Гомелі. Чаму б не зрабіць у будынку, які большую частку існавання мясціў друкарню, экспазіцыю тыпаграфскіх станкоў і іншых артэфактаў з гісторыі друку ў Беларусі? Горад ужо мае ўніверсітэт імя Францішка Скарыны, чаму б не займець і тэматычную выставу? Не музей, які б прастойваў большую частку часу ў чаканні аўтобусаў з турыстамі, а экспазіцыю ў напоўненым людзьмі месцы. Тутака можна было б размясціць і сучасную кнігарню, такую, дзе можна пагартаць кнігі за кубкам кавы ці наведаць прэзентацыю новага выдання.
Толькі наяўнасць разнастайных гандлёвых, гастранамічных і забаўляльных кропак прыцягне сюды гараджан. Гаражы і склады на падворку можна замяніць на адкрытыя пляцоўкі рэстаранаў ці часовыя кірмашы рамеснікаў. Калі канструкцыя будынка дазволіць, можна было б зрабіць частку даху эксплуатаванай.
Спробы рэвіталізацыі ў Гомелі пакуль не выходзяць за межы кропкавага аднаўлення. Гэта можна параўнаць з латаннем дзірак у асфальце – часовай мерай, дзякуючы якой кола аўтамабіля не захрасне, але пакрыццё як было старым, так і застаецца. Чаму так адбываецца? Рэвіталізацыя патрабуе вялікіх фінансавых і арганізацыйных сродкаў. Іх акумуляцыя магчыма толькі пры аб’яднанні высілкаў органаў улады (адказваюць за сацыяльную скіраванасць праекту), буйных інвестараў (фінансуюць праект) і дробнага бізнесу (арандуе памяшканні і прадае тавары і паслугі). Малы бізнес у Гомелі актыўна спрабуе ўключыцца ў гульню, але не мае моцы, каб даць рады вырашэнню ўсіх пытанняў самастойна. Таму, пакуль не наладзіцца паўнавартаснае супрацоўніцтва паміж усімі зацікаўленымі бакамі, велізарны патэнцыял гэтых будынкаў будзе застацца нерэалізаваным.




