У Гомельскай вобласці на траціну вырасла колькасць ДТЗ з дзікімі жывёламі

Усяго за 2025 год ў рэгіёне зарэгістравана 741 ДТЗ. З удзелам казуль адбылося звыш 60% ДТЗ, чвэрць усіх аварый звязаныя з ласямі. Радзей пад колы аўтамабіляў траплялі дзікі, некалькі здарэнняў адбылося з удзелам аленяў, паведамляе афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава.

У мінулым годзе ў Гомельскай вобласці ў ДТЗ з удзелам дзікіх звяроў 11 чалавек пацярпелі, 5 загінулі. Колькасць жывёлаў, якія загінулі, не прыводзіцца. Дзейсным, хоць і дарагім для бюджэту вырашэннем праблемы з’яўляецца ўзвядзенне экадукаў –  мастоў ці тунэляў, якія дазваляць перасекчы магістраль, чыгунку ці іншыя небяспечныя для жывёл кавалкі міграцыйнага шляху.

Як пісаў «Штодзень», у 2023 годзе на трасе М-10 “Гомель-Кобрын” анансавалі першы такі надземны пераход для жывёлаў у Беларусі. Але мост так і не пабудавалі, зрабілі спецыяльны пераход па зямлі.

Надземных пераходаў для буйных жывёлаў у Беларусі да гэтага часу няма. Хутчэй за ўсё, праз іх высокі кошт – некалькі мільёнаў еўра. Але трэба разумець, пакуль дзяжава не будзе выдаткоўваць грошы на рашэнні такіх праблемаў, будзе папаўняцца статыстыка ДТЗ з удзелам дзікіх звяроў.

Штодзень

Слайдар пастоў