Археолагі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі паведамілі пра адкрыццё раней невядомага абарончага аб’екта Вялікага Княства Літоўскага на тэрыторыі Гомельскай вобласці, паведамляе тг-канал Інстытута гісторыі НАН.
Экспедыцыя працуе ў вёсцы Антонаў Нараўлянскага раёна. Падчас раскопак даследчыкі выявілі мураваныя канструкцыі інкастэляванага (абарончага) двара, або замка, XVI–XVII стагоддзяў. Паводле гісторыкаў, ён належаў аршанскаму старасту, вядомаму дзяржаўнаму дзеячу і палемісту Філону Кміце-Чарнабыльскаму, а пазней — ягонаму зяцю Лукашу Сапегу.
Як паведаміў вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алег Дзярновіч, даследчыкі, верагодна, знайшлі падмурак абарончай вежы, якая ўзвышалася над ракой Славечнай. Пра яе існаванне было вядома з інвентара 1628 года. Для будаўніцтва выкарыстоўвалася характэрная для таго часу цэгла-пальчатка з падоўжнымі бароздкамі.
Навукоўцы адзначаюць, што помнік знаходзіцца пад пагрозай знішчэння. Бераг пастаянна падмывае рака Славечна, таму частка замка ўжо абвалілася ў ваду. Разам з грунтам у раку трапілі фрагменты кафлі канца XVI — пачатку XVII стагоддзя. Частка такіх знаходак ужо захоўваецца ў музеі сярэдняй школы № 2 імя Івана Шаўрэя ў Нароўлі.
Акрамя падмуркаў вежы, археолагі выявілі рэшткі абарончага валу. Паводле папярэдняй версіі даследчыкаў, сам двор нобіля і паселішча былі знішчаныя падчас казацкіх рэйдаў у сярэдзіне XVII стагоддзя.
У Інстытуце гісторыі НАН Беларусі адзначаюць, што вынікі экспедыцыі фактычна вяртаюць на гістарычную карту краіны яшчэ адзін замак эпохі Вялікага Княства Літоўскага, пра існаванне якога раней навуцы не было вядома.



