Жыхары Гомеля звярнулі ўвагу на незвычайны колер вады ў лебядзінай сажалцы ў цэнтры горада. Вада набыла ярка-зялёнае адценне, што адразу выклікала жарты: “Гэта ўжо Дзень Святога Патрыка?”

Скрыншот з відэа @tusimby
Найбольш верагодная прычына такой прыроднай з’явы — анамальная спёка і масавае размнажэнне мікраскапічных водарасцяў (так званае “цвіценне” вады). Калі вада моцна праграваецца, а плынь амаль адсутнічае, водарасці пачынаюць вельмі хутка размнажацца і надаюць вадаёму насычаны зялёны колер.
Само па сабе такое “цвіценне” не заўсёды небяспечнае, але можа мець сур’ёзныя наступствы. Падчас адмірання водарасці спажываюць вялікую колькасць кіслароду, з-за чаго ў вадзе яго становіцца менш. Гэта можа выклікаць стрэс у рыбы, а пры працяглай спёцы — нават яе масавую гібель. Акрамя таго, асобныя віды сіне-зялёных водарасцяў здольныя выдзяляць таксіны, небяспечныя для жывёл і птушак.
Пакуль няма падстаў сцвярджаць, што ў гомельскай сажалцы адбываецца менавіта такое небяспечнае “цвіценне”. Аднак незвычайны колер вады сведчыць, што экасістэма вадаёма цяпер знаходзіцца пад значнай нагрузкай з-за працяглай спёкі.