HomelDays_Logo_Main-mobil

Кейт Браўн пра Чарнобыль і Беларусь (рэцэнзія)

Сярод кніг, прысвечаных аварыі на Чарнобыльскай АС, Manual for Survival: A Chernobyl Guide to the Future аўтарства прафесара гісторыі навукі Кейт Браўн (ЗША) з’яўляецца адной з найменш вядомых беларускаму чытачу. Бо, як ні дзіўна, пакуль не існуе ні беларускага, ні ўкраінскага, ні рускага выдання кнігі. У Польшчы пры гэтым пераклад пад назвай Czarnobyl: instrukcje przetrwania з’явіўся амаль адначасова з выхадам арыгінала, у 2019 годзе.

Кніга Кейт Браўн Manual for Survival пра Чарнобыль і Беларусь

Кніга Manual for Survival: A Chernobyl Guide to the Future

“А што ў Беларусі? Там радыеактыўных выкідаў асела столькі, як нідзе.”

“Я паляцела ў Мінск, вывучала акты ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Потым наведала Гомель і Магілёў, гарады, што апынуліся ў эпіцэнтры чарнобыльскай навальніцы. Хапала працы і маім асістэнткам. Вольга, нягледзячы на маразы, паехала ў Маскву, каб заказаць дакументы. Каця цягніком, а потым аўтобусам дабіралася ў Чэрыкаў, у маленькі, пазбаўлены ацяплення архіў, што месціцца ў будынку райвыканкама. Мясцовыя архівісты так усцешыліся з’яўленню госці, што пачціва дапусцілі яе да актаў чэрыкаўскай бальніцы.”

Навукова-папулярная праца на 400 старонках – гэта не выданне, напісанае здалёк. Гісторык наведала тры краіны, чый лёс закранулі смутныя падзеі саракагадовай даўніны. Не ў сам момант здарэння, канешне (прадстаўнікі заходніх краін не былі ў СССР жаданым гасцямі), а пазней, калі з’явілася магчымасць працаваць з дакументамі. Браўн і яе памочніцы (на жаль, у кнізе не пазначана, беларускі яны ці не) працавала ў архівах (у тым ліку ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях), размаўляла са сведкамі.

Кейт Браўн аўтарка кнігі Manual for Survival пра Чарнобыль

Кейт Браўн — даследчыца гісторыі навукі і аўтарка кнігі Manual for Survival пра Чарнобыль і яго наступствы. Фота: www.americanacademy.

Беларускае кіраўніцтва відавочна не спяшалася з распаўсюдам сумных вестак.

Для навукоўцаў, якія даследавалі прычыны і наступствы катастрофы, мо ў кнізе і не будзе нічога новага. Але для шырокага чытача, якога цікавіць не толькі гісторыя, але і тое, якім чынам наступствы катастрофы могуць сёння ўплываць на нашае жыццё, кніга будзе прыдатнай.

“Пры аналізе гэтых новых матэрыялаў мне падалося, што адбылося нешта вар’яцкае: спачатку шкода для здароўя ад Чарнобыльскай аварыі аспрэчвалася, а потым раптоўна паўднёвая частка рэспублікі была прызнана “зонай адчужэння”.

— Пры гэтым варта адзначыць адну своеасаблівасць. Калі праз некалькі тыдняў пасля катастрофы Масква загадала правесці масавы медыцынскі агляд асоб з групы рызыкі, украінскія ўлады імкліва выканалі распараджэнне. У Беларусі такой спрытнасці не назіралася. Рашэнні аб абследаванні жыхароў вёсак і ахоўных мерапрыемствах даходзілі да пакрытых радыеактыўнымі выкідамі тэрыторый са спазненнем на некалькі месяцаў. Беларускае кіраўніцтва відавочна не спяшалася з распаўсюдам сумных вестак. Першапачаткова прызналі пацярпелымі ад выбуху на ЧАЭС толькі пяць раёнаў. Потым высветлілася, што тым ці іншым чынам аварыя закранула 54 раёна. Анатоль Раманенка заснаваў ў Кіеве Усесаюзны навуковы цэнтр радыяцыйнай медыцыны, калі не прайшло яшчэ і пяці месяцаў з моманту катастрофы. Беларускае міністэрства аховы здароўя тры гады адтэрміноўвала стварэнне аналагічнай пляцоўкі, а калі нарэшце адпаведны інстытут паўстаў, на яго зваліліся такія клопаты (як з фінансаваннем, так і з кадрамі), што даследаванне наступстваў катастрофы там факктычна не праводзілася.

Колькасць жыхароў, якія падлягалі медыцынскаму агляду, з 166 тысяч павялічылі да 2 мільёнаў

Прафесар сабрала і прааналізавала неверагодную колькасць матэрыялу: спіс крыніц займае каля 50 старонак дробным шрыфтам. Можа з меншай стараннасцю Кейт Браўн штудзіравала ўжо напісанае іншымі аўтарамі. Бо часам яна спрабуе прымусіць чытача паверыць, што ніхто раней не пісаў пра Чарнобыль так дэталёва і глыбока, як яна, што, несумненна, не адпавядае рэчаіснасці.

“Праз некалькі год пасля выбуху беларускія ўлады выдалі новыя распараджэнні адносна абследавання насельніцтва з забруджаных тэрыторый. Першапачатковыя нарматывы з 1986 года трэба было абнавіць, бо недахоп спецыялістаў-медыкаў, абсталявання і нават звычайных канцтавараў, празмерная сакрэтнасць і амаль што адсутнасць зацікаўленасці тэмай прывялі да таго, што ў тыя часы агляд прайшла толькі нязначная частка беларусаў з пацярпелых ад аварыі тэрыторый. Калі кіраўніцтва рэспублікі ўсвядоміла, якія землі насамрэч пацярпелі ад аварыі, колькасць жыхароў забруджаных раёнаў, што падлягае медыцынскаму агляду, з 166 тысяч павялічылі да 2 мільёнаў. Нарэшце, праз тры гады пасля катастрофы, да Міністэрства аховы здароўя БССР пачалі даходзіць першыя звесткі аб асобах, чыё здароўе пагоршала пад уплывам радыяцыйнага забруджвання.”

Не бракуе ў кнізе і залішняй эмацыянальнасці ў выказваннях. Але як мог пазбегнуць вялікіх эмоцый чалавек з дэмакратычнай краіны, калі бачыў, як камуністычны рэжым дзеля ўласнай устойлівасці замоўчвае, хлусіць і пакідае насельніцтва сам насам з наступствамі трагедыі?

“З адной табліцы вынікала, што ў моцна забруджаных рэгіёнах Магілёўскай вобласці паміж 1985 і 1987 гадамі колькасць насельніцтва зменшылася напалову. Толькі з аднаго рэгіёна самаадвольна выехала 15 000 асоб. Ужо гэта выглядала нядобра, але ў дрыжыкі мяне кінула ад наступнага сцвяржэння: “Як бачна з папярэдняе табліцы, ані істотных дэмаграфічных змен, ані міграцыі ў Краснапольскім раёне не назіралася.”

“Як гэта не назіралася, калі знікла палова насельніцтва? Падобна, што адказныя за складанне рапарта разлічвалі на тое, што ніхто яго не прачытае. Я знайшла і іншыя дакументы, дзе сувязь паміж фактамі і зробленымі на іх падставе вывадамі выглядае дзіўна. Аналіз сасудзістых захворванняў галаўнога мозгу і неўралгічных праблем на забруджаных тэрыторыях сведчыў, што іх колькасць паміж 1985 і 1988 гадамі павялічылася ўтрая, аднак ніжэй нейкі чыноўнік сцвярджаў, што не выяўлена „прынцыповых змен ці заўважнага прыросту”.

22 % проб мацярынскага малака перавышала дапушчальны ўзровень радыеактыўнасці

З аднаго боку, чалавеку з далёкага замежжа часам цяжка разабрацца ў фантасмагарычных рэаліях СССР. Але ў той жа час асоба, што глядзіць на сітуацыю іншымі вачыма, дазваляе нам паглядзець на знаёмую сітуацыю па-новаму.

“У першы год пасля катастрофы медыкі абследавалі пару тысяч жыхароў, палова паходзіла з найбольш забруджаных мясцін. Аналізы крыві паказалі, што ад 5 да 25 % даследаваных мелі “дрэнныя вынікі” і высокі ўзровень радыеактыўнасці шчытападобнай залозы. 22 % проб мацярынскага малака перавышала дапушчальны ўзровень радыеактыўнасці. З адной справаздачы вынікае, што ніхто пры гэтым не быў шпіталізаваны. Іншы дакумент сведчыць, што ў раённай бальніцы лячылі сто асоб.

На наступны год паказчыкі раслі. У 1987 годзе, неўзабаве пасля таго, як маскоўскі біяфізік Леанід Ільін паведаміў міжнароднай навуковай супольнасці, што прынятыя дзеля забеспячэння харчаваннем меры прынеслі плён, чэрыкаўскія санітарныя інспектары выявілі, хто сельскагаспадарчая прадукцыя з бягучага года была больш бруднай, чым з папярэдняга.

У 1988 годзе ў чвэрці малака паказчыкі радыеактыўнасці перавышалі дапушчальную норму. Па ўсіх пракантраляваных тэрыторыях, нават тых, што лічыліся “адносна чыстымі” (менш за 15 Кі/км2), частка малака была занадта радыеактыўная для спажывання. З 59 проб дзічыны 47 былі настолькі апрамененыя, што есці мяса было нельга. Толькі ў адным лесе рэгіёну грыбы заставаліся ў нормах радыёактыўнасці.

На Чэрыкаўшчыне даўно бракавала лекараў, але з цягам часу дэфіцыт павялічваўся. Пад канец 1987 года тутэйшыя жыхары адмаўляліся ад ўдзелу ў абследаваннях, якія праводзілі выязныя медыцынскія брыгады, бо тыя дактары глядзелі на ўсіх з пагадай. Праз недахоп персаналу была абследавана толькі частка насельніцтва з зоны рызыкі. Карціна малявалася не найлепшым чынам.”

Кніга Кейт Браўн, прысвечаная гістарычным падзеям, істотна паўплываўшым на развіццё нашай краіны і лёс значнай колькасці беларусаў, павінна была б з’явіцца на палічках беларускіх кнігарняў.

Штодзень

 

 

Слайдар пастоў