Навіны горада

У Гомелі аднамомантна з’явіліся паблікі небяспечнай моладзевай субкультуры ЧВК “Р’ёдан”

“Р’ёдан Гомель” ў тэлеграме створаны пад чырвона-зялёным сцягам

ЧВК “Р’ёдан” не мае нічога агульнага з ваеннымі кампаніямі. Гэта падлеткавая субкультура, для якой характэрны культ грубай сілы і аматары якой ужо заўважныя ў некалькіх масавых бойках. Спачатку сутычкі падлеткаў з удзелам ЧВК “Р’ёдан” адбыліся ў Расеі, потым перакінуліся ва Украіну. На дадзены момант украінскія праваахоўнікі высвятляюць, ці ёсць расейскі след у дадзенай субкультуры.

Масавыя сутычкі непаўналетніх адбыліся 26 лютага ў Харкаве, Кіеве і іншых украінскіх гарадах. У Гомелі да боек справа пакуль не дайшла. Аднак раптоўна таксама 26 і 27 лютага ў ЦікТоку і тэлеграме з’явіліся паблікі “Р’ёдан Гомель”.

Прычым канал ЧВК “Р’ёдан Гомель” ў тэлеграме створаны 26 лютага пад афіцыйным сцягам. Аднамомантна там набралася больш за 500 падпісчыкаў. І ўжо 27 лютага з’явіліся пагрозы офнікам (офнікі – каляфутбольныя фанаты), пад якімі рэзка з’явілася больш за 11 тысяч каментароў. Усяго ў тэлеграме —  тры каналы ЧВК “Р’ёдан Гомель”. І адна суполка пад назвай “Гомель супраць “ЧВК Р’ёдан”, дзе ўжо ідуць пагрозы прыхільнікам новай моладзевай групіроўкі. Першае паведамленне ЧВК “Р’ёдан Гомель” у ЦікТоку таксама датуецца 26 лютым.

ЧВК “Р’ёдан” – моладзевая субкультура, аматары анімэ, а менавіта серыяла “Hunter x Hunter”, дзе і сустракаецца злачынная групоўка пад назвай “Р’ёдан”. Сімвалы р’ёдан – чорны колер, павукі на вопратцы і лічба 4. Прыхільнікі гэтага руху выступаюць супраць ультрасаў і мігрантаў.

Штодзень