29 кастрычніка ў выніку расійскай атакі на цэнтр Чарнігава загінулі дзве 15-гадовыя дзяўчыны. Абедзве вучыліся ў дзясятым класе ліцэя № 1. Пра гэта “Суспільнаму Чарнігаў” паведаміла дырэктарка ўстановы Вольга Шэлест.

Паводле паведамлення “Суспільнага”, станам на 13:46 паводле ўкраінскага часу колькасць параненых дасягнула 23 чалавек. Сярод іх чацвёра дзяцей: 10, 16 і 17 гадоў, а таксама дзесяцімесячная дзяўчынка.
Кіраўнік Чарнігаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Вячаслаў Чавус паведаміў, што расійцы нанеслі ўдар “Бандэроллю”. Пашкоджаныя крамы, гарэлі аўтамабілі. Звесткі пра наступствы атакі ўдакладняюцца.
30 кастрычніка ў Чарнігаве абвясцілі Днём жалобы па жыхарах, якія загінулі ад расійскіх удараў з 21 да 29 кастрычніка. Акрамя дзвюх 15-гадовых дзяўчат, за гэты час атакі забралі жыцці двух мужчын — 61 і 68 гадоў. У горадзе прыспусцяць дзяржаўныя сцягі з чорнымі стужкамі і скасуюць забаўляльныя мерапрыемствы.