HomelDays_Logo_Main-mobil

Карціну ўраджэнца Гомеля Міхаіла Кікоіна набылі ў Ізраілі. Яе плануюць перадаць у гомельскі музей

Ініцыятыва MALDZIS набыла на аўкцыёне ў Ізраілі «Партрэт жанчыны» Міхаіла Кікоіна — прадстаўніка Парыжскай школы мастацтва. Пра гэта паведамляецца на сайце ініцыятывы. Авальная карціна, напісаная алеем на дошцы, датуецца 1918–1920 гадамі і мае подпіс аўтара. Пакупку прафінансавалі Павел Данэйка, Іван Шыла і мецэнатка, якая пажадала застацца неназванай.

Міхаіл Кікоін нарадзіўся ў Гомелі ў 1892 годзе ў габрэйскай сям’і. Вучыўся мастацтву ў Менску і Вільні, сябраваў з Хаімам Суціным і Пінхусам Крэменем. У 1912 годзе пераехаў у Парыж і пасяліўся ў знакамітым доме мастакоў «Вулей». Менавіта да гэтага ранняга парыжскага перыяду належыць набыты партрэт.

У будучыні работу плануюць перадаць у Музей гісторыі Гомеля як грамадскі падарунак. Тэрмін перадачы ў Беларусь пакуль не названы. Паводле MALDZIS, у гомельскіх музеях жывапісных твораў Кікоіна няма. А 7 лістапада карціну можна будзе пабачыць на канферэнцыі TEDxUlicaMińskaWomen ў Варшаве.

MALDZIS — ініцыятыва, якая займаецца вяртаннем і папулярызацыяй беларускай культурнай спадчыны, працягваючы справу даследчыка Адама Мальдзіса. Яна працуе з 2024 года.

Штодзень

Слайдар пастоў