Навіны горада

Ветэрынар з Зябраўкі, якога падазраюць у “шпіянажы”, граў ва ўкраінскім рок-гурце (відэа)

Новыя падрабязнасці пра арыштаванага Яўгена Глушкова

Склад гурта “Діти Неба”. Жыхар Зябраўкі. Яўген Глушкоў — першы справа

Ветэрынар з Зябраўкі Яўген Глушкоў, якога затрымалі па падазрэнні ў “шпіянажы на карысць Украіны”, у 2012 годзе быў музыкам у складзе ўкраінскага рок-гурта “Діти Неба”. Рокеры спявалі па-ўкраінску і выступалі ў эфіры нацыянальных тэлеканалаў Украіны. “Штодзень” знайшоў архіўнае відэа выступу гурта, у якім Яўген грае на ўдарных.

 

Гурт “Діти Неба” дынамічна развіваўся, як вынікае з публікацый у сеціве. Пазней творчая кар’ера занесла Яўгена ў Кітай, дзе ён працягнуў займацца ўлюбёнай справай. І нават пазнаёміўся з кітаянкай — пераможцай конкурсаў прыгажосці. Аднак здарылася пандэмія каронавіруса, якая пакінула музыку без сродкаў да існавання. Пабыўшы два гады ў Кітаі, Яўген вырашыў вярнуцца дадому. І вось у гэты перыяд пачалася вайна. Толькі нядаўна “Штодзень” даведаўся пра тое, што ў жніўні 2022 года музыку арыштавалі.

Яўген Глушкоў — этнічны ўкраінец, у біяграфіі якога ёсць перыяд працы ва Украіне. Магчыма, гэты факт паўплываў на падвышаную цікавасць да ягонай асобы ў боку органаў. У дадзены момант ён знаходзіцца ў гомельскім СІЗА №3.

Яўген Глушкоў у 2014 годзе

Вёска Зябраўка Гомельскага раёна пастаянна згадваецца ў маніторынгах як месца дыслакацыі расейскіх войскаў.

 

Штодзень