HomelDays_Logo_Main-mobil

Індыйскі след Чарнобыля: забытая гісторыя дзяцей з Гомельшчыны

Масавае аздараўленне беларускіх дзяцей з забруджаных радыяцыяй рэгіёнаў Гомельшчыны стаў магчымым толькі ў 1990-я гады. Але першыя выезды пачаліся на пару гадоў раней — яшчэ тады, калі камуністычная сістэма толькі пачынала хістацца. І ўжо ў той час знайшліся краіны, гатовыя працягнуць руку дапамогі. Прычым не толькі блізкія і зразумелыя, але і зусім нечаканыя. Куба яшчэ як-небудзь укладвалася ў логіку таго часу. Але Індыя? Менавіта яна таксама прыняла беларускіх дзяцей — факт, які і сёння гучыць амаль неверагодна.

Выпадковая знаходка ў кнізе

Пра адпачынак гомельскіх дзяцей у Індыі я даведаўся выпадкова — проста чытаючы кнігу нямецкай журналісткі, карэспандэнткі Der Spiegel і Die Zeit у Расіі і Еўропе Мэрлы Хілбэк. У 2009–2010 гадах яна прыязджала ў Беларусь і Украіну, каб напісаць кнігу “Чарнобыль Бэйбі”. І менавіта там, на старонках кнігі ў жанры нонфікшн, адкрываецца нечаканы факт: яшчэ ў 1989 годзе група беларускіх дзяцей — 25 чалавек — выехала на адпачынак у Індыю.

Як дзеці з Беларусі апынуліся ў Індыі

Вось як Мэрла апісвала акалічнасці гэтага падарожжа, цытуючы тагачасную дзяячку фонда “Дзеці Чарнобыля” Ірыну Грушавую:

“…Маскоўскае аб’яднанне мастакоў паведаміла (…), што наладзіла кантакты ў Індыі і дзякуючы падтрымцы сям’і Гандзі хоча адправіць туды на адпачынак дваццаць пяць савецкіх дзяцей.

— Савецкіх дзяцей? — казалі члены камітэта. — Беларусь жа ўсё яшчэ частка СССР. Таму варта ўзяць і некалькі дзяцей ад нас!

Масквічы паабяцалі ім сем месцаў.

Уладам Беларусі паведамілі, што гаворка ідзе пра паездку, прысвечаную Махатме Гандзі, новую форму “паездкі сяброўства”. Гэта спрацавала. Беларускія дзеці атрымалі неабходныя пашпарты, у той час як маскоўскія не паспелі аформіць свае дакументы. Таму у снежні 1989 года дваццаць пяць дзяцей з забруджаных радыяцыяй тэрыторый выехалі на адпачынак у Індыю, дзе, як яны са здзіўленнем расказвалі, было “больш ежы, чым у іх дома ў Беларусі”

Інтэрнэт-пошукі пра тую паездку ў Індыю даюць амаль нічога. Толькі рэдкія, фрагментарныя згадкі. У адным з інтэрв’ю Аляксандра Тамковіча прафесар Генадзь Грушавы пацвярджае: дзеці з Хойнікаў сапраўды ездзілі ў Індыю. Але адразу дадае — гэта было амаль неверагодна.

У канцы 1980-х выезд за мяжу для савецкіх дзяцей быў жорстка рэгламентаваны: толькі правераныя, толькі пад кантролем КДБ. І раптам — група дзяцей з чарнобыльскай зоны, са звычайнай вёскі Стрэлічава, без звыклай сістэмы адбору, без гарантаванай “бяспекі”. Гэта выглядала як выключэнне з правілаў, як збой у сістэме. І насамрэч так і было. Бо гаворка ішла не проста пра хойніцкую групу, а пра нешта большае: пра першы пралом у закрытай савецкай рэальнасці, выкліканы катастрофай, якая ўжо не ўкладвалася ні ў якія інструкцыі.

Хойнікі ў пачатку 1990-х. Фота: https://kopyl.by

У лістападзе 1986 года савецкі кіраўнік Міхаіл Гарбачоў наведаў Індыю падчас прэм’ерства Раджыва Гандзі. Візіт умацаваў інда-савецкія адносіны і прывёў да падпісання шэрагу ключавых пагадненняў, у тым ліку Дэлійскай дэкларацыі, якая падкрэслівала прынцыпы мірнага суіснавання і глабальнага раззбраення.

Візіт Міхаіла Гарбачова ў Індыю

Гэтая дыпламатычная падзея адыграла важную ролю ў захаванні трывалых двухбаковых адносін паміж дзвюма краінамі. Адным з канкрэтных вынікаў той паездкі якраз стала запрашэнне групы беларускіх дзяцей у экзатычную краіну…

Рэпартаж, які ўсё адкрыў

Як стала магчымым, што менавіта з Хойніцкага раёна дзеці паехалі на аздараўленне ў Індыю? Адказ на гэтае пытанне ляжыць у некалькіх плоскасцях. Па-першае, гэта ініцыятыва і настойлівасць мясцовых актывістаў кшталту жыхаркі Хойнікаў Розы Львоўны Сідзьковай, якія дзейнічалі фактычна без падтрымкі зверху, апынуўшыся сам-насам з наступствамі катастрофы. Па-другое, гэта вынік журналісцкай працы. У познесавецкі час журналісты адчувалі сябе значна свабодней, чым гэта можа здавацца сёння. Адна з нашых калег — Святлана Саўрасава — у пачатку 1990-га апублікавала ў часопісе “Парус”, які выходзіў пад патранажам Ленінскага камсамола, серыю гучных, рэзанансных матэрыялаў.

Святлана Саўрасава

І тут ёсць пэўны парадокс: менавіта пад “дахам” афіцыйнай структуры з’яўляліся тэксты ў духу Перабудовы — вострыя, крытычныя, такія, што адкрыта паказвалі бяздзейнасць, нядбайнасць і абыякавасць савецкіх уладаў да чарнобыльскіх праблем.

Часопіс “Парус”

І менавіта Святлана Саўрасава адной з першых публічна загаварыла пра тое, у якім стане апынуліся людзі ў Хойніках пасля катастрофы. У №3 часопіса “Парус” за 1990 год журналістка апублікавала моцны і вельмі шчыры рэпартаж пра жыццё ў Хойніках пасля Чарнобыля. У 1989–1990 гадах савецкая прэса ўпершыню атрымала магчымасць адносна адкрыта пісаць пра праблемы, звязаныя з катастрофай. І Саўрасава гэтай магчымасцю скарысталася. Яна адной з першых напісала пра тое, як у рэгіёне імкліва расце колькасць анкалагічных захворванняў, як хварэюць людзі, як дзеці рэагуюць на новыя, траўматычныя ўмовы жыцця. Але галоўнае — яна паказала Чарнобыль вачыма дзяцей. У тэксце былі змешчаныя лісты школьнікаў, у тым ліку адзінаццацікласнікаў з Хойнікаў. Яны пісалі пра асабістую трагедыю, пра вымушаны ад’езд з родных мясцін, пра страчанае дзяцінства.

Вось некалькі цытат падлеткаў, якія былі апублікаваныя ў часопісе “Парус”:

“Я Лісоўскі Мікалай, мне 16 гадоў…Калі здарылася аварыя, мяне паклалі ў бальніцу ў Мінску. У мяне быў высокі ўзровень радыяцыі на шчытападобнай залозе, былі дрэнныя аналізы крыві. Праляжаў я там цэлы месяц. Калі мяне выпісалі, узровень радыяцыі ўжо знізіўся, але кроў поўнасцю не нармалізавалася. А цяпер, у цяперашні час, нас на радыяцыю не правяраюць. Дрэнна, што ў крамах нічога добрага з прадуктаў не купіш. А наконт таго, што ў нас выпадаюць валасы — гэта няпраўда!”

“Кажуць, што і цяпер на наш раён даюць пуцёўкі ў лагеры, але мае два малодшыя браты яшчэ нідзе не былі. У нашай зоне ў многіх ёсць свае сады, але нічога з гэтых дрэў есці нельга. Мы, старэйшыя, гэта разумеем, а малыя ўсё роўна цягнуцца. У крамы, калі і прывозяць гародніну і садавіну, то па кааператыўных цэнах. Маўляў, у вас зарплаты падвоеныя — дык купляйце, не шкадуйце грошай. Не патрэбныя нам гэтыя грошы. Перавязіце нас у чыстае месца — мы ўсё вырасцім самі! Оля, 16 гадоў.”

“Я нікуды не хачу адсюль з’язджаць. Я так люблю гэтыя мясціны, Палессе. Мне не патрэбныя ні дыскатэкі, ні іншыя забавы. Я знайшоў і адкрыў для сябе цэлы дзіўны свет — гэта кнігі. Хачу прачытаць іх як мага больш, колькі паспею. Я жыву з бабуляй і дзядулем. Больш за ўсё ў жыцці мяне ўразіла смерць мамы. Праз год пасля аварыі яна захварэла на рак і памерла. Уразіла чэрствасць і абыякавасць лекараў у бальніцы. Я ведаю, што праз два-тры гады мяне “з’есць” рак крыві — усё з-за тых трох рэнтгенаў, якія я атрымаў. Трыццатага красавіка наш клас паслалі ў поле перабіраць бульбу. Мы знаходзілі мышыныя гнёзды з малымі — ім было 6–9 дзён. Усе яны былі мёртвыя. Мы не разумелі, што гэта, пыталіся адзін у аднаго…Балівар, 11 клас, Хойнікі.”

У артыкуле ў “Парусе” №3 за 1990 год Святлана Саврасава распавядае пра абставіны арганізацыі паездкі юных жыхароў Гомельшчыны ў Індыю.

Паводле яе, ідэя адправіць беларускіх дзяцей на зімовыя канікулы ў Індыю належала акадэміку Яўгену Вяліхаву. Пражыванне групы аплачвалася Фондам Гандзі — амерыканскім дабрачынным адукацыйным цэнтрам, які займаецца распаўсюджваннем ідэй і філасофіі Махатмы Гандзі сярод школьнікаў розных краін. Паездка працягвалася 21 дзень, беларуская група пабыла ў розных гарадах Індыі, звязаных з жыццём вялікага філосафа. Аднак падрабязнасці вандроўкі рэдакцыя часопіса абяцала апублікаваць у наступным нумары.

Пошукі гэтай публікацыі зацягнуліся. Давялося перагарнуць не адзін нумар, перш чым удалося напасці на след. І толькі ў больш познім выпуску — №8 за 1990 год — нарэшце знаходзіцца тое, што шукалі.

Менавіта там, у гэтым артыкуле, і раскрываецца галоўнае: як на самой справе прайшла паездка дзяцей з Хойнікаў у Індыю.

Першы ўрок Індыі

У лёгкай манеры Светлана Саўрасава распавяла пра абставіны наведвання Індыі беларускімі дзецьмі, пра іх уражанні, іх расчараванні і ў чымсьці няспраўджаныя чаканні. Замест экзатычнай усходняй “казкі” перад імі паўстала іншая карціна — дзеці і дарослыя трапляюць у рэальнасць беднай Індыі з жабракамі, трушчобамі і антысанітарыяй. І менавіта гэта робіць матэрыял яшчэ больш каштоўным: краіна, якая сама жыла ў нястачы, усё ж знайшла ў сабе сілы працягнуць руку дапамогі.

Ахмедабад. Фота: https://www.livingwatersmuseum.org/river-in-the-city

І ў гэтым кантэксце асабліва выразна гучаць моманты, што раскрываюць дэталі той паездкі і паказваюць абсурднасць савецкай сістэмы, якая нават у такой сітуацыі не здолела забяспечыць дзяцей грашыма падчас паездкі.

“Мы ні ў каго нічога не прасілі. Калі ехалі ў Краіну казак, нам не памянялі ні рубля. Кішэнныя грошы, выдзеленыя Фондам Гандзі — па 200 рупій на чалавека, — растаялі ўжо на першым базары. Мы не шкадавалі вынаходлівых жабракоў за акном. Мы былі бяднейшыя за іх. Гэта быў першы ўрок…”

Таксама дзякуючы аўтарцы мы даведаліся прозвішчы некаторых дзяцей-удзельнікаў паездкі: “У Хойніцкай першай школе вучыцца добрая палова “індыйцаў” — Лена і Валера Калыханы, Іра Скітовіч, Міша Снежка, Сяргей Мароз, Ігар Галезнік, Люда Рэва, Наташа Юферава, Аня Барысенка, Аксана Малашчанка…”

Чалавек без пратаколу

Вельмі своеасаблівыя і па-дзіцячы непасрэдныя ўспаміны пакінулі беларускія дзеці пра праўнучатага пляменніка Махатмы Гандзі Ёгеша, які “за ўсё плаціў, але паводзіў сябе проста, не чытаў мараляў, не вучыў, як жыць.

Ёгеш Гандзі

У гарадской клініцы Ахмедабада Ёгеш Гандзі дамогся для беларускай групы поўнага медыцынскага абследавання. З дваццаці чатырох дзяцей у чатырнаццаці выявілі анемію пачатковай стадыі, шасцярым было рэкамендавана дадатковае абследаванне печані…

Забаўны штрых — беларусы трошкі пакрыўдзіліся на Ёгеша за тое, што ён не “вытрымаў сваё слова”: абяцаў нам джынсавыя касцюмы і красоўкі — і нічога не купіў. “Толькі не падумайце, што мы няўдзячныя, што нас і так утрымлівалі на ўсім гатовым, а нам яшчэ і джынсу падавай. Справа не ў гэтым. Проста мы думаем: калі добры чалавек выконвае свае абяцанні, ён ад гэтага становіцца яшчэ лепшым…”, — гаворыцца ў артыкуле.

Беларуска-індыйскае сяброўства, зрэшты, на візіце хойніцкіх дзяцей не скончылася. Праз пару месяцаў у Хойніках пабываў Ёгеш Гандзі.

“Ён еў і піў тое, чым яго частавалі дзеці і іх бацькі. І з’ехаў у тых самых ботах, у якіх прыехаў — значыць, паводзіў сябе зусім не так, як звычайна паводзяць сябе ў зоне заезджыя начальнікі з Масквы і Мінска. Ён падарыў камітэту “Дзеці Чарнобыля” персанальны камп’ютар. І яшчэ раз пацвердзіў гатоўнасць прыняць на канікулы ў ЗША групу дзяцей з зоны. Яму ціснулі руку, абдымаліся з ім, фатаграфаваліся побач. Пра яго, напэўна, разгублена перашэптваліся:

“Трэба ж! Хто яму гэтыя дзеці! Што, яму грошы больш няма куды траціць?..”

Ёгеш Гандзі перажываў, што сустрэцца ў Хойніках яму давялося толькі з дваццаццю трыма сваімі беларускімі дзецьмі. Дваццаць чацвёрты трапіў у бальніцу ў Мінску…

У 2014 годзе ў Варшаве ад раку памерла і Святлана Саўрасава — журналістка, без якой гэты тэкст проста не з’явіўся б.

Ян Сарока для Штодзень

Чытайце таксама

Як Чарнобыль змяніў жыццё гомельцаў: ад замоўчвання да змагання за праўду

Мікалай Слюнькоў: партыйныя вяршыні, Чарнобыль і забыццё

“Мы так жыць не жадаем і не будзем! Хто за страйк?”: як Гомель баставаў 35 год таму і пры чым тут Чарнобыль

Ад акопаў у Рудым лесе да дронаў: што адбываецца ў Чарнобылі на фоне вайны

Слайдар пастоў