Затрыманая ў Кіеве беларуская журналістка Іна Кардаш была на пахаванні бацькоў Міхася Жызнеўскага і акцыях апазіцыі ў Мінску

Некалькі дзён таму стала вядома пра затрыманне СБУ ў Кіеве беларускай журналісткі Іны Кардаш. Яе абвінвачваюць у шпіянажы на карысць афіцыйнага Мінска, які цягнуўся больш за 10 год.

Фота: з сацсетак Іны Кардаш

«Штодзень» сабраў уражанні гомельцаў, якія сутыкаліся з Кардаш.

«З ёй мы некалькі разоў перасякаліся на прыёмах, што ладзіла ўкраінская амбасада ў Мінску, куды я быў запрошаны як валанцёр, што дапамагае Ўкраіне. Цікава, колькі яшчэ такіх гісторый раскрыецца навокал?» – напісаў грамадскі актывіст Андрэй Стрыжак.

«Калі што, не беларуска, а грамадзянка Рэспублікі Беларусь. З пятнаццатага года яна свабодна ездзіла то ў Беларусь, то ва Украіну, невыпадкова была на пахаванні ў 2018 годзе бацькоў Міхася Жызнеўскага (героя Украіны, які загінуў пад час Рэвалюцыі Годнасці ў Кіеве, Штодзень) ў Гомелі. Там я з ёй пазнаёміўся. Яна брала інтэрв’ю», – прыгадаў грамадскі актывіст Барыс Анікееў.

Ён таксама адзначыў, што Іна Кардаш была на форуме рэгіёнаў ў 2018 годзе ў Гомелі, калі прыязджаў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, «невыпадкова была на акцыях ў 2019 годзе супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі ў Мінску».

«Іна Кардаш, я лічу, што яна проста адпрацаваны элемент якую злілі. У мяне няма ніякіх падставаў выказвацца наконт яе. Бог суддзя. Хай вырашае як быць», – заключыў Анікееў.

У сваю чаргу InformNapalm у выпадку абмена Кардаш просіць абмяняць яе на беларускага журналіста Дзяніса Івашына, які ўзначальвае беларускую рэдакцыю выдання, асуджаны на 13 год калоніі ўзмоцненага рэжыму і прызнаны палітвязнем.

«Дзяніс не быў агентам, ён быў і застаецца чалавекам добрай волі, які змагаўся за праўду і справядлівасць і расказваў свету пра расійскую агрэсію. Дзяніс шчыра падтрымліваў і падтрымлівае вызваленчую барацьбу ўкраінскага народа», – адзначылі ў InformNapalm.

Штодзень

Слайдар пастоў