Заслона апускаецца: забароны на выезд пашыраюцца на супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў

У Беларусі працягваюць пашыраць практыку абмежавання выезду за мяжу для работнікаў дзяржаўнага сектара. Як стала вядома Штодню, супрацоўнікам некалькіх дзяржаўных прадпрыемстваў на Гомельшчыне ў апошні час давялі пералік краін, наведванне якіх не рэкамендуецца або патрабуе асобнага ўзгаднення з кіраўніцтвам.

Паводле інфармацыі крыніц, у спіс трапілі шэраг дзяржаў Блізкага Усходу, у тым ліку папулярныя сярод беларусаў турыстычныя кірункі, а таксама краіны Еўрапейскага звязу.

Гэта ўжо не першы выпадак узмацнення кантролю над замежнымі паездкамі беларусаў. Раней Штодзень паведамляў пра абмежаванні для чыноўнікаў, бюджэтнікаў і супрацоўнікаў сілавых структур. Тады нашыя крыніцы паведамлялі пра негалосныя забароны на наведванне Турцыі, Ізраіля і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Цяпер падобная практыка, падобна, пачынае распаўсюджвацца і на дзяржаўныя прадпрыемствы.

Фармальна сістэма кантролю за выездам існуе ўжо некалькі гадоў. Яшчэ ў 2023 годзе Савет Міністраў увёў абавязковае ўзгадненне замежных паездак для дзяржаўных службоўцаў. У 2024 годзе заканадаўства дадаткова ўзмацнілі, увёўшы адказнасць для асобаў, якія маюць доступ да дзяржаўнай таямніцы і выязджаюць за мяжу без дазволу. Аднак цяпер гаворка ідзе ўжо не толькі пра чыноўнікаў або сілавікоў. Паводле інфармацыі, якая паступае ў рэдакцыю, кола людзей, для якіх замежныя паездкі становяцца прадметам кантролю, паступова пашыраецца.

Штодзень
Чытаць па тэме: Чыноўнікам забаранілі паездкі ў Турцыю, ААЭ і Ізраіль

Related posts

Жыхары Старой Валатавы абурыліся адключэннем вады на 11 дзён

Праўладнае відэа паказала сядзібу Ціханоўскага ў Агародні Гомельскай

Беларуска раскрытыкавала дэкор Добрушскага фарфору — і запусціла дыскусію пра якасць