Страчаная памяць гомельскіх паркаў 

У апошнія гады ў Гомелі шмат гавораць пра добраўпарадкаванне. Абмяркоўваюць новыя грамадскія прасторы, рэканструкцыю паркаў і сквераў, замену старых элементаў гарадскога асяроддзя на новыя. Пакінем эстэтычныя і экалагічныя пытанні такога добраупарадкавання. Агучым іншае: а якія гісторыі расказваюць гараджанам гэтыя прасторы? Між тым менавіта з такіх гісторый складаецца вобраз горада, піша эколаг і ўрбаніст Дзмітрый Янкоў для блога Мова Гомель.
Людзі прывязваюцца не да пліткі і не да ліхтароў. Яны прывязваюцца да месцаў. Да гарадскога саду, дзе гулялі іх бацькі. Да гаю, які захаваў сваю старую назву. Да парку, што нагадвае пра мінулае горада. З такіх дэталяў нараджаецца пачуццё прыналежнасці да месца. А з мноства такіх месцаў нараджаецца гарадская ідэнтычнасць.Гэта важна не толькі для саміх жыхароў. Сёння гарады канкуруюць паміж сабой за турыстаў, інвестыцыі і чалавечы капітал. Перамагаюць не самыя добраўпарадкаваныя гарады, а самыя пазнавальныя. Тыя, што маюць уласны твар і здольныя расказаць сваю гісторыю.
Гомелю ў гэтым сэнсе пашанцавала. Горад мае багатую гісторыю і мноства ўнікальных сюжэтаў. Праблема ў тым, што далёка не заўсёды яны знаходзяць адлюстраванне ў гарадской прасторы.

Умоўны макет драўлянага замка, які мог бы таксама быць цікавым турыстычным аб’ектам у парку.

 

Самы відавочны прыклад – цэнтральны парк. Для большасці гамяльчан гэта палац Румянцавых і Паскевічаў часоў Расійскай імперыі, набярэжная і прагулачныя алеі. Але менавіта тут знаходзіўся старажытны Гомій. Тут размяшчаліся гарадзішча, дзяцінец і замак, з якіх пачыналася гісторыя горада больш за тысячу гадоў таму.

Сёння, акрамя помніка Радзіму (імя заснавальніка горада наўрад ці назавуць адзінкі гамяльчан), дарумянцаўская гісторыя горада практычна не прачытваецца. Наведвальнік можа прайсці праз увесь парк і так і не зразумець, што знаходзіцца на месцы старажытнага цэнтра Гомія.

Пры гэтым існуюць дзясяткі спосабаў зрабіць гісторыю бачнай без будаўніцтва новых помнікаў і паходу ў музей. У парку маглі б з’явіцца бронзавы макет старажытнага Гомія, пазначэнне межаў замчышча ў пакрыцці дарожак, стэнды са старымі рэканструкцыямі горада, аглядныя пункты з накладаннем гістарычных панарам, інтэрактыўныя маршруты, якія расказваюць пра раннюю гісторыю горада.

Візуалізацыя “партала ў мінулае”, які маглі б усталяваць у Гомелі. Від на былую Базарную плошчу з боку Працоўнае вуліцы, 1930-ы. На кадры бачныя касцёл, Пажарная вежа.

Падобным чынам паступілі ў Вільні падчас рэканструкцыі Сквера Рэфарматараў. Горад не стаў ствараць яшчэ адзін мемарыяльны комплекс на месцы былых могілак. Пасля перыяду савецкага забыцця памяць пра мінулае зноў стала часткай прасторы. Гісторыя стала часткай прагулкі.

Чырвонаю пліткаю адлюстраваная мяжа ніжняга віленскага замку на плошчы.


Іншы прыклад – былы Гарадскі сад, потым Піянерскі сквер, а цяпер сквер імя Андрэя Грамыкі. Калісьці гэта была адна з самых пазнавальных грамадскіх прастор Гомеля. Да нашых дзён не захаваліся гістарычная агароджа, многія элементы добраўпарадкавання і афармлення. Разам з імі паступова знік і вобраз самога Гарадскога саду.
Між тым менавіта такія дэталі робяць прастору ўнікальнай. Невялікі дэманстрацыйны ўчастак гістарычнай агароджы, старыя фатаграфіі саду, аднаўленне асобных малых архітэктурных форм маглі б вярнуць месцу яго ўласны характар. Не ператварыць яго ў музей, а нагадаць гараджанам, што гэтая прастора мае сваю гісторыю. І чаму б не сумясціць мінулае з сучаснасцю і не назваць яго Садам імя А. А. Грамыкі?
Яшчэ больш паказальнай выглядае гісторыя Старога Аэрадрома. Сама назва раёна ўжо з’яўляецца гатовым гарадскім брэндам. У ёй ёсць сюжэт, вобраз і памяць месца. Але ў скверы Будаўнікоў гэтая гісторыя практычна ніяк не праяўляецца. Менавіта авіяцыйная тэма магла б стаць асновай ідэнтычнасці тэрыторыі. Дарожкі, што паўтараюць абрысы былых узлётных палос, схемы аэрадрома ў пакрыцці, стэнды са старымі фатаграфіямі мясцовасці і мадэляў самалётаў таго часу, тэматычная дзіцячая пляцоўка – усё гэта дазволіла б стварыць прастору, якую немагчыма зблытаць ні з якой іншай. Ды і гісторыя Паўла Сухога значна больш дарэчна выглядала б менавіта тут, а не на Замкавай вуліцы старога горада.
Падобным чынам паступілі ў Берліне з тэрыторыяй былога аэрапорта Тэмпельхоф. Пасля закрыцця аэрапорта горад захаваў памяць пра мінулае гэтага месца. Менавіта авіяцыйная гісторыя сёння робіць парк адной з самых пазнавальных грамадскіх прастор нямецкай сталіцы.

Аналагічны лёс напаткаў і вёску Ціценкі разам з прылеглым Ціценскім гаем. Разам са старымі назвамі знікае і памяць пра тое, што сённяшні індустрыяльны раён Гомсельмаш калісьці вырас на месцы вёскі на ўскрайку вялікага ляснога масіву. Ціценская вуліца стала праспектам Касманаўтаў. Разам з гэтым паступова знікае і сувязь прасторы з яе прыроднай гісторыяй. Нядаўна добраўпарадкаваны сквер Машынабудаўнікоў, вядомы ў народзе як Яблыневы сад, мог бы стаць, напрыклад, Ціценскім садам. Што важней — ушанаваць памяць прадпрыемства, за чые сродкі была добраўпарадкавана тэрыторыя, ці захаваць унікальную лакальную памяць месца?
Між тым еўрапейскія гарады ўсё часцей робяць стаўку менавіта на такія лакальныя сюжэты. Старыя тапонімы, забытыя назвы, мясцовыя легенды становяцца часткай культурнага брэндынгу тэрыторый. Яны дапамагаюць ствараць унікальны вобраз месца і адрозніваць яго ад сотняў іншых падобных прастор.
Студэнцкі сквер таксама мае багатую гісторыю. Ён аб’ядноўвае адразу некалькі слаёў гарадской памяці: гісторыю могілак, гісторыю ўніверсітэта, гісторыю раёна і ваенную гісторыю. Менавіта гэтая шматслойнасць магла б стаць яго галоўнай каштоўнасцю.
Магчыма, рашэннем тут магло б стаць не далейшае ўзмацненне нейкай адной тэмы, а больш выразнае занаванне прасторы. У скверы знайшлося б месца і для мемарыяльнага саду, які нагадваў бы пра гісторыю Новікаўскіх могілак, і для Алеі памяці, прысвечанай падзеям Вялікай Айчыннай вайны, і для прастор адпачынку, зносін і заняткаў студэнтаў. У такім выпадку розныя перыяды гісторыі не канкуравалі б адзін з адным, а суіснавалі б у межах адной гарадской прасторы.
У Варшаве можна знайсці нямала прыкладаў, калі зялёныя прасторы захоўваюць адразу некалькі гістарычных пластоў адначасова. Чалавек можа гуляць, адпачываць, чытаць, сустракацца з сябрамі і адначасова дакранацца да гісторыі месца. Памяць не прыгнятае прастору, а становіцца яе натуральнай часткай.
Напэўна, у гэтым і заключаецца галоўны ўрок, які Гомель мог бы пераняць у іншых гарадоў. Моцная гарадская ідэнтычнасць нараджаецца не з аднастайнасці. Яна нараджаецца з разнастайнасці мясцовых гісторый.
Стары Аэрадром, Ціценскі гай, Гарадскі сад, Новікаўскія могілкі, старажытнае гарадзішча – гэта не проста факты з краязнаўчых кніг. Гэта гатовыя гарадскія вобразы. Менавіта яны робяць Гомель непадобным да іншых гарадоў.
Любы гарадскі брэнд пачынаецца не з лагатыпа і не са слогана.
Ён пачынаецца з павагі да ўласнай гісторыі. З умення бачыць каштоўнасць у тым, што дасталося нам ад папярэдніх пакаленняў. І з гатоўнасці расказваць гэтыя гісторыі праз сам гарадскі ландшафт.

Штодзень

Аўтар: Дзмітрый Янкоў, спецыяльна для Мова Гомель

Related posts

Пяць гадоў працы і 4 тысячы рублёў доўгу. У Гомелі ў валанцёраў “Лапкі” хочуць забраць маёмасць праз спрэчку з арэндадаўцам

Ад Кантакузаўкі да “Вэндсдэй”: як гомельская вёска аказалася звязаная з румынскім замкам

Улады пацвердзілі блокпасты пад Гомелем, але не растлумачылі ахову Зябраўкі і Каранёўкі (відэа)