HomelDays_Logo_Main-mobil

Улады пацвердзілі знос амаль усіх будынкаў на Барыкіна, у тым ліку гістарычнага Дома сувязі

Пра знос міжваеннага Дома сувязі па вуліцы Барыкіна, 1, пачалі гаварыць з тыдзень таму. Улады пацвердзілі, што пад знос ідуць абодва бакі вуліцы.

Што за дом

Жылы дом у стылі канструктывізму быў узведзены ў 1930-я гады як ведамаснае жыллё для работнікаў гарадской сувязі. Дом – адзін з тыповых у той час. Але яму ўжо амаль 100 год, і ў яго ўнікальны фасад.

“Будынак у Гомелі, у адрозненне ад мінскага субрата, паспяхова перажыў нямецкія бамбёжкі суседняга чыгуначнага вузла летам 1941 года і быў адноўлены пасля вайны”, — пішуць аўтары тэматычнага тэлеграм-канала “Спадчына”.

Дагэтуль на першым паверсе дома працуе пошта, а на фасадзе вісіць мемарыяльная дошка Емяльяну Барыкіну, сакратару падпольнага гаркама КПБ.

Будынак, падобна што, у кепскім стане, жылых кватэраў там усяго тры, у астаніх памяшканнях – офісы.

 

“Паляпшэнне” вуліцы Барыкіна

 

Пра змены на вуліцы Барыкіна размовы ідуць ужо больш за 10 год. Пра знос гістарычнага будынку, які прапагандысты паралельна ўключалі ў пешыя маршруты цікавостак Гомеля яшчэ ў пачатку года, упершыню публічна загаварылі каля тыдня таму. Да прапагандыстаў звярнуўся адзін з уладальнікаў трох кватэраў, якому маёмасць дасталася ад бабулі, са скаргай на яе кепскі стан.

На гэты запыт ва ўпраўленне архітэктуры гарвыканкама пацвердзілі, што паводле генплана дом падлягае зносу. Пляцоўка пад ім часткова трапляе ў зону новай шматкватэрнай забудовы, а часткова — у межы пашырэння вуліцы Барыкіна і санітарна-ахоўную зону чыгункі.

Аднак хуткага зносу, хутчэй за ўсё, не будзе. “Улічваючы, што рэалізацыя горадабудаўнічай дакументацыі носіць працяглы характар, назваць канкрэтныя тэрміны зносу не ўяўляецца магчымым”, — удакладніла начальнік упраўлення Таццяна Несцерава.

Далей – болей. Пад знос пойдуць дамы з абодвух бакоў вуліцы: раней паведамлялі, што знясуць 52 прыватныя дамы, пачнецца будоўля 7-8 шматпавярховікаў.

“Няцотны бок мы знеслі, на гэтым няцотным баку застаўся адзін дом, гэта ўезд у Савецкі раён, будзе дом, мы цяпер на стадыі праектавання, рыхтуем перадпраектную дакументацыю. Гэта сорак трэцяя пазіцыя, уезд у сам раён. Першая высотка будзе 23 паверхі, якія праектуюцца. І правая частка, цотны бок, з боку трэцяй школы, гэта той раён, які мы плануем пад знос”, — распавёў рэгіянальнаму тэлеканалу Галоўны інжынер “УКБ Гомеля” Канстанцін Навуменка.

Паводле яго, “гэты раён будзе зносіцца ад трэцяй школы і будзе ісці ў бок, у бок Кузнечнага моста”, а таксама “калегі будуць зносіць з боку вуліцы Гомельскай, Якубава, гэта Гомельскі ДСК, там таксама гэта бок трэцяй школы, толькі насупраць”. Яны плануюць на няцотным баку вуліцы паставіць шэсць высотных дамоў, ад 18 да 23 паверхаў. Архітэктурнай канцэпцыі гэтых дамоў пакуль няма.

Штодзень
Фота: тг-канал “Спадчына”

Чытаць па тэме:
Гомель чакае татальны знос прыватнага сектара

Гомель: паміж памяццю і бульбянішчам

Слайдар пастоў