Гомель чакае татальны знос прыватнага сектара

У Гомелі рыхтуюць масавы знос прыватнага сектара: больш за дзве тысячы дамоў пойдуць пад бульдозер, астатнім загадаюць мадэрнізавацца.

Улады Гомеля абвясцілі аб маштабных зменах у гарадской забудове. Паводле рашэння, агучанага на нарадзе пад кіраўніцтвам старшыні аблвыканкама Івана Крупко і прадстаўніка Лукашэнкі ў рэгіёне Руслана Пархамовіча, горад чакае фактычна татальная перапланіроўка прыватнага сектара, паведамляюць дзяржСМІ рэгіёна.

Зараз у Гомелі налічваецца каля 25 тысяч прыватных дамоў. Паводле плана, у першую чаргу знесуць больш за 700 з іх — пад пашырэнне дарог, будаўніцтва пуцеправодаў і шматпавярховых дамоў. Гэты працэс расцягнецца на некалькі пяцігодак.

Другі этап прадугледжвае знос яшчэ больш як дзвюх тысяч сядзіб, што стане ўдарам па цэлых мікрараёнах, дзе яшчэ захоўвалася традыцыйная гарадская забудова.

Аднак нават тым, хто застанецца ў сваіх дамах, спакою не будзе. Прыкладна 22 тысячы ўладальнікаў прыватных дамоў будуць абавязаныя правесці “мадэрнізацыю або рэканструкцыю” сваіх пабудоў. Інакш кажучы, людзей прымушаюць укладваць грошы ў дарагі рамонт і падключэнне да “абноўленых” інжынерных сетак.

Штодзень

Слайдар пастоў