Гомель на нашых вачах перастае быць беларускім горадам — не ў сэнсе геаграфіі, а ў сэнсе памяці і права на ўласны голас. Змены, што адбываюцца з ягонай прасторай, архітэктурай і сімволікай, ужо даўно выходзяць за межы “дрэннага густу” або карупцыйнай забудовы. Гэта працэс замяшчэння: ад жывога горада з уласнай гісторыяй — да чужой, навязанай матрыцы, у якой няма месца ні мясцовай памяці, ні намёка на адметнасць. У гутарцы з пісьменніцай Югасяй Калядой мы спрабуем паглядзець на Гомель у доўгай перспектыве — ад савецкага часу праз кароткі перыяд 1990-х да эпохі Лукашэнкі і, асабліва, да пералому 2020 і 2022 гадоў.

Югася Каляда
Штодзень: Хацелася б пагаварыць з табой пра Гомель, які змяняецца на нашых вачах. Як ты гэта адчуваеш: горад за апошнія гады — пачынаючы хаця б з 90-х — больш набыў ці больш страціў? Што для цябе ў гэтых зменах найбольш істотнае?
— Я б нават узяла большы перыяд, каб паказаць розніцу паміж тым, што робіць так званая лукашэнкаўская ўлада, і тым, што адбывалася ў савецкі час, падкрэсліць прынцыповую розніцу паміж гэтымі зменамі. Бо змены ў гарадской прасторы, у месцах, дзе жывуць людзі, у месцах памяці адбываліся і пры саветах. Але тая ўлада рабіла ўсё іначай, абсалютна іншым быў падыход.
Савецкі Саюз таксама вельмі моцна знішчаў — наўмысна, сістэмна — месцы памяці. Але ён не проста іх знішчаў, а замяняў іншымі месцамі. Там, дзе раней былі, напрыклад, рэфармацкая царква, храм, старыя могілкі, старыя помнікі, будынкі, трэба было не проста ўсё гэта разбурыць, а стварыць нешта такое, што будзе падабацца людзям. І хоць савецкая ўлада была злачыннай, усё ж працавалі архітэктары, працавалі творцы, і былі сярод іх сапраўды таленавітыя людзі, якія пераймалі заходнія, новыя традыцыі. Таму пры СССР было створана і нешта вартаснае — тое, што мела сапраўдную каштоўнасць, было прыгожым, фармавала новую гарадскую прастору. Такім чынам Гомель пазбавіўся свайго даўняга аблічча — умоўна дарэвалюцыйнага, ад якога засталіся толькі рэшткі, па якіх мы сёння можам нешта ўявіць. Але з’явіліся новыя месцы, і горад стаў даволі стыльным — горадам 1960–1970-х гадоў.
Давай возьмем канкрэтны прыклад і параўнаем, як усё змянілася пасля 1994 года…
— Напрыклад, кінатэатр імя Калініна. Гэта гістарычнае месца, там шмат чаго адбывалася, можна аднавіць гісторыю, як архітэктар Станіслаў Шабунеўскі будаваў на тым месцы. Кінатэатр Калініна быў узведзены ў стылі 1970-х гадоў, цалкам адпавядаў сусветным тэндэнцыям, быў вельмі стыльным, акуратным.
І што з ім зрабіла наступная ўлада — улада Лукашэнкі? Гэта настолькі безгустоўны “рамонт”, што хочацца сказаць: “Калі ласка, рабіце гэта ў сваіх спальнях, але што вы зрабілі з кінатэатрам?” Там нейкая сумесь — не ампір, не барока, не ракако — проста вензелі на чырвоных шпалерах. Прабачце за параўнанне, але так, як выглядалі парыжскія бардэлі, якія мы бачым на карцінах мастакоў. Гэта поўная безгустоўнасць. Абсалютная. І ўлады Лукашэнкі не запрашаюць ніякіх творцаў. Яны не проста тупа знішчаюць — яны робяць “бульбянішча”, выкапанае поле. Не як пасля вайны, а як пасля таго, як выкапалі бульбу, і вецер разносіць пыл, які хрыбусціць на зубах. Вось што яны робяць, вось так змяняецца Гомель. У гэтым і ёсць прынцыповая розніца: на цяпершніх кіраўнікоў не працуюць творцы, а проста няздары, якія не маюць ні таленту, ні мастацкага бачання, ні густу.

Разам з тым, нават у 1990-я ў гарадской прасторы з’яўляліся знакі асэнсаванай памяці. Напрыклад, мемарыял на плошчы Паўстання — стрыманы, без паказной пампезнасці. Ён узнік дзякуючы ініцыятыве мэра Святланы Гальдадэ і дакладна суадносіўся з трагедыяй гэтага месца. Гэта была не спроба перарабіць прастору, а, хутчэй, тактоўна яе абазначыць.
— Я для сябе адзначыла, што ў незалежнай Беларусі, у дэмакратычнай Беларусі, было занадта мала часу, каб зрабіць нешта сапраўды манументальнае. Бо гарадская прастора мяняецца вельмі павольна. Калі нешта будуецца наноў, гэта не адбываецца імгненна: патрэбны час, каб выраслі дрэвы (а дрэвы за дзень не вырастаюць); трэба, каб прастора была абжытая людзьмі, а на гэта сыходзяць гады. Таму мы не можам дакладна сказаць і нават не можам уявіць, як выглядаў бы горад, калі б ім займаліся дэмакратычныя ўлады, калі б людзі самі мелі ўплыў на гэтыя працэсы.
Тагачасная шыльда ахвярам канцлагера, створаная пры дэмакратах, здаецца, і сёння выглядае адэкватна. А вось тое, што цяпер з’явіўся цэлы ансамбль на плошчы з клумбамі, помнікам Ракасоўскага…
— Мне здаецца, што гэта ўжо нават не лукашэнкаўскія ўлады. Бо яны на такі размах не адважваліся: масава высякаць стары сквер каля аднаго з найстарэйшых будынкаў — былой Ланкастарскай школы, узведзенай яшчэ ў часы Румянцавых. Гэта ўжо іншы маштаб. Гэта ўжо не “лукашэнкаўская Беларусь”. Гэта новая эпоха, якая пачалася пасля 2020 года, а я б нават сказала — пасля 2022-га. Складаецца ўражанне, што нібыта прыйшлі ўжо нейкія іншыя ўлады, якім сам Лукашэнка вымушаны падпарадкоўвацца.
А калі браць перыяд з 1994 года — з моманту яго абрання — і да 2020-га, да года масавых пратэстаў, то гэта было тупое, бессэнсоўнае знішчэнне ўсяго, да чаго толькі дацягваліся рукі. І яно было накіравана не толькі на знішчэнне памяці — гэта было б занадта складаным тлумачэннем. На месцы могілак паўставалі дамы, бо людзі, дапушчаныя да ўлады, хацелі зарабляць грошы. Усё было падпарадкавана бізнесу. А тое, што там бегалі талакоўцы, актывісты, спрабавалі ратаваць драўляную спадчыну, — гэта нікога не хвалявала. Іх знішчалі не таму, што ўмоўны Лукашэнка хацеў знішчыць гістарычную памяць. А таму, што мясцовыя гарадскія ўлады хацелі проста зарабіць грошай за сваю кароткую кадэнцыю, пакуль яны мелі доступ да гэтых крыніц узбагачэння. Вось гэта і фармавала аблічча горада. Ён перастаў быць гарадской прасторай і апынуўся ў палоне тых, хто займаўся ўласным узбагачэннем. Абсалютна бездумнае знішчэнне ўсяго, што трапляла пад руку.
Часта ў Гомелі сярод упраўленцаў можна пачуць: “Не варта пакідаць астравы вёскі пасярод горада”. Адкуль такое зацятае змаганне учорашніх дзяцей вёскі з прыватным сектарам?
— Заданне ў мясцовай вертыкалі было простае — зарабіць грошы. У іх не было ніякай думкі пра развіццё гарадской прасторы. У мясцовых уладаў кароткая кадэнцыя, за якую трэба было многа засвоіць грошай. І яны гэта ведалі. Не пакінуць “вёску ў горадзе” — гэта іх не хвалявала. Хвалявала, дзе можна паставіць шматпавярховік і зарабіць на гэтым грошы. Я ўжо проста заплюшчваю вочы і пакрываю сэрца каменным панцырам, каб нічога не адчуваць. Так балюча ад гэтых знішчэнняў.
Бо мы ж бачым, калі ходзім па горадзе — мы не сляпыя. Мы можам зазірнуць за платы. Мы бачым, як там, дзе раней было чатыры ўчасткі, іх аб’ядналі ў адзін. І можна ў думках праляцець над гэтымі дамамі, як на верталёце. Вось каля першай Савецкай бальніцы, каля паліклінікі на Ландышава — там, на ўзгорку, высокія, закрытыя платы. За імі — велізарныя ўчасткі новых элітаў. І вось гэтыя кавалкі “вёскі” яны з вялікім задавальненнем пакідаюць сабе. Там будуюць шыкоўныя катэджы і выдатна жывуць. І вёска ў сярэдзіне горада іх зусім не бянтэжыць. Наадварот, ім гэта вельмі зручна. Бо гэта ўжо не вёска, гэта гарадскія дамы. Асабліва тыя, што выходзяць фасадамі на вуліцы і ганкі якіх выходзілі проста на вуліцу.
Калі Палескую разбуралі, можна ж было падысці і паглядзець на зрубы драўляных дамоў — яны былі такія моцныя, што прастаялі б яшчэ сто гадоў, а то і ўсе дзвесце. Гэта былі дамы не ў “вёсцы”, а прыгожая драўляная гарадская архітэктура. Пра гэта неаднаразова казалі абаронцы гэтай спадчыны. Але не. У іх не было ні найменшага жадання нешта захоўваць, нічога ачышчаць, ні пра якую памяць улады не думалі. Выключна пра ўзбагачэнне, пакуль іх не знялі, пакуль не пасадзілі. А калі нават пасадзілі, нічога, можна ж выйсці, а маёмасць, здабытая раней, застаецца. Так што горад проста аддалі на разрыванне зубамі прагных да здабычы людзей — чыноўнікаў.
Давай віртуальны шпацыр па Савецкай зробім. Чаго найбольш шкада?
— Дрэваў! Давайце скажам шчыра: дрэвы ж нельга пасадзіць за адзін дзень. І калі мы вернемся, гэта будзе жыццё без дрэў, з пашыранай праезнай часткай, па якой машыны будуць імчацца невядома куды, каб у выніку стаць у заторы на наступным павароце. Можна выкінуць тую лухту, якую панаставілі ў Піянерскім скверы, але аднавіць велізарныя дрэвы, якія памятаюць нас дзецьмі, — гэта ўжо немагчыма. Як і дрэвы каля Ланкастарскай школы.
А якая памяць, на тваю думку, застанецца ад перыяду лукашызму?
— Ніякай. Гэтыя велізарныя дамы, пастаўленыя на гістарычных месцах, — вось і ўся іх “архітэктурная спадчына”. Гэта не памяць, гэта жаданне ўзбагаціцца. Знішчаныя Валатаўская, Рагачоўская, тэрыторыі каля Сожа — на цудоўных месцах, дзе былі могілкі. Але справа нават не ў могілках, а ў тым, што там мусіла быць зусім іншая архітэктура. Гэта не пра памяць. Па іх нічога не застанецца, бо не было сэнсу ў іх дзейнасці.
У папярэдняй публікацыі мы размаўлялі з Алесем Плоткам пра розніцу паміж помнікам Мікалаю Румянцаву, усталяваным у 1996 годзе каля палаца, і пазнейшай статуяй Ракасоўскага з надпісам па-расейску — “ад расейскага ваенна-гістарычнага таварыства”. І на гэтым фоне кідаецца ў вочы маўчанне — маўчанне “ўдзячных грамадзян” і жыхароў Гомеля. Што паказальна: помнік Румянцаву падпісаны па-беларуску, нягледзячы на яго выразна імперскі статус. Больш за тое, там знайшлося месца і для дэвізу роду Румянцавых Non solum armis — “не толькі сілай зброі”. Па сутнасці, гэта прыклад таго, як чужыя для нас фігуры асцярожна ўбудоўваліся ў мясцовы культурны кантэкст, інкарпараваліся ў ідэалогію праз мову, сэнсы, форму. Пасля 2020 года, а асабліва пасля 2022-га, мы назіраем ужо зусім іншы сцэнар — грубы, дэманстратыўна “рускі”, без спробы дыялогу з гарадской памяццю. І тут узнікае пытанне: у якім кірунку гэта рухаецца далей? Ці не вядзе Гомель да мадэлі Севастопаля — з татальнай заменай сэнсаў і сімвалаў?
— Але гэта ўжо не мы ідзем. Гэта ўжо чыстая Расія. Захоп. І мы тут ужо не адыгрываем увогуле ніякай ролі. Я думаю, калі адкрыецца праўда пра тое, як усё гэта забудоўвалася, мае словы пацвердзяцца: гомельскія гарадскія ўлады былі проста пастаўлены перад фактам. Як, у прынцыпе, і цяпер — розніца з расійскімі куратарамі невялікая. Але ёсць адрозненне: цяпер гэта больш падобна да савецкага перыяду — не проста знішчыць і зарабіць, а замяніць памяць, падмяніць яе, зрабіць нас часткай Расію.
За што жыхарам Гомеля трэба трымацца, што шанаваць? Што мы можам супрацьпаставіць такім практыкам?
— Што трэба рабіць? Дакументаваць усё, што толькі можна. Фатаграфаваць. У мяне, напрыклад, ёсць падрабязныя фатаграфіі вуліцы Партовай, якая таксама была знішчаная: пашыраная дарога, знішчаныя дрэвы, абадраныя фасады. Але я магу аднавіць яе не толькі ў памяці, але і па фота. Трэба сфатаграфаваць увесь Гомель, які ён ёсць цяпер, і паспрабаваць перадаць гэта далей — як аднаўлялі фасады пасля Другой сусветнай вайны. Магчыма, нешта адновім мы. Магчыма, нашы дзеці ці ўнукі адновяць гэта па здымках, зробленых сёння. Цяпер трэба пачаць з фразы: расейская акупацыя. Бо галоўнае тут тое, што гэты захоп іншай культуры адбываецца не дэмакратычным шляхам, а менавіта праз захоп улады. І не проста захоп улады, а праз татальны кантроль усіх сфер жыцця ў Беларусі. Не пра культурны ўплыў з Усходу ці Захаду ідзе гаворка — тут адбываецца поўны захоп улады ва ўсіх сферах. Тэндэнцыя такая: ператварэнне гарадской прасторы ў нешта чужое.
Калі мы вернемся, скажам, гадоў праз пяць — мы ўжо не пазнаем Гомель такім, якім пакінулі яго ў 2022-м, 2021-м, 2020-м гадах.
— Мне нават страшна пра гэта думаць, як будзе выглядаць горад. Але адначасова я настолькі моцна яго люблю, што сілай сваёй думкі я змагу насыціць яго новымі вобразамі і сэнсамі. Я і цяпер там ментальна. У сваіх уяўленнях я хаджу па Гомелі, па гэтых вуліцах. Я нават стараюся не ўключаць яго на экране камп’ютара — мне хапае карцінак у галаве. Хаця яшчэ ёсць магчымасць (на гуглмапах ці на яндэксе) “адматаць” назад на некалькі гадоў віды гомельскіх месцаў — настальгія проста разрывае на шматкі. Але я і цяпер там. Я і цяпер спрабую асэнсаваць гэтыя вуліцы і замацаваць там сваю прысутнасць.
Калі я вярнуся, я, напэўна, цэлы тыдзень буду проста хадзіць па горадзе. Пайду на вакзал, прайдуся пешшу праз Дзявятку на Курчатава, праз дом № 9, зраблю зрэзку да ўнівермага. Там, праўда, знішчылі пераход і знеслі адзін-два дамы. Але я ведаю, як хутка там прайсці. Потым я ведаю, як зайсці за танк на Партовую, як спусціцца праз гаражы і прыватны сектар на Падгорную, і адразу — пад мост на “17-ты”. І там я стану, буду стаяць, слухаць, як машыны едуць па мосце. Павольна прайдуся па чыгунцы ў бок дарогі на Стары Аэрадром.