Добраахвотна-прымусовы шлях на суботніках абралі ўлады ў якасці фінансавання рэканструкцыі двух аб’ектаў, якія прадстаўляюць гісторыка-культурную каштоўнасць.

Фота: Палац Войніч-Сяножэцкіх у вёсцы Хальч Веткаўскага раёна
Для таго каб абраць два будынкі, чыноўнікі правялі адбор у два этапы. Улічвалічвалі катэгорыю каштоўнасці, наяўнасць дакументацыі, турыстычны патэнцыял і ці ўключаны будынак у турыстычны маршрут, ступень захаванасці. Гэта сярод іншага ўказвае на тое, што спіс аб’ектаў, якім трэба рамонт, вялікі.
Першы з іх — сядзібна-паркавы комплекс Войніч-Сяножэцкіх у вёсцы Хальч Веткаўскага раёна. Ён адзначаецца ўнікальнай архітэктурай у стылі позняга класіцызму, архітэктар невядомы. Рэгіянальныя ўлады адзначаюць, што дакументацыя для рэканструкцыі ўжо гатовая. У межах работ плануюць правесці кансервацыю і ўмацаванне некаторых канструктыўных элементаў, адновяць інтэр’еры. Таксама створаць экспазіцыю з фондаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Апошняя рэстаўрацыя палаца праводзілася ў канцы 1970-х гадоў – каля 50 год таму.
Яшчэ адзін аб’ект — флігель сядзібы Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе Жлобінскага раёна. Помнік архітэктуры ў стылі эклектыкі і садова-паркавага мастацтва канца XIX стагоддзя. Запланаваная на 2026 год рэстаўрацыя прадугледжвае ўзнаўленне абстаноўкі памяшканняў будынка.
На Гомельшчыне, паводле звестак рэгіянальных уладаў, размешчана 883 аб’екты, якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасць. Іх стан не ўдакладняецца.
Штодзень таксама нагадвае, што суботнік, у той форме, у якой ён арганізуецца ў Беларусі, – гэта форма прымусовае працы. Работа падчас суботніка павінна аплачвацца (калі ў непрацоўны час, то ў двайным памеры), супрацоўнікі павінны згадзіцца на такую занятасць. І тым больш парушэнне, калі нехта вымушаны плаціць за тое, каб не ўдзельнічаць у суботніку.