Алег Ларычаў – адзін з самых знаных каардынатараў стварэння графіці ў Беларусі і арт-менеджар. Штодзень сабраў, што вядома пра затрыманага па палітычнай крыміналцы ураджэнца Мазыра.
Што адбылася
Паводле праваабаронцаў, Алег Ларычаў знаходзіцца за кратамі ўжо 35 дзён. Але цяпер стала вядома, што яго перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы. Меркавана яна звязаная з затрыманнямі іншых людзей нібыта датычных у “экстрэмісцкім фарміраванні” “Да Зораў”. Па гэтай справе затрымалі ў прыватнасці гусляра Алеся Чумакова.
Графіці Ларычаў захапіўся больш за 10 год таму
Першыя публічна вядомыя графіці Алег з неназванымі мастакамі стваралі ў Мазыры яшчэ ў 2012 годзе.

Супольнасць Urban Myths, за якой стаяў Алег і якая прасоўвала ў Беларусі стрыт-арт, з’явілася ў 2011 годзе (спачатку называлася Signal). З праектам працавалі больш за 30 мастакоў.
У 2013 годзе у межах праекта ў Гомелі з’явілася графіці прысвечанае Станіславу Шабунеўскаму. Гэта адзін з архітэктараў, што пакінуў пасля сябе вялікую архітэктурную спадчыну ў горадзе над Сожам: будынак Гомельскай класічнай гімназіі (зараз – стары корпус БелДУТа), будынкі Арлоўскага і Віленскага банкаў, “дом доктара”, Мікольская царква, шпіталь, Дом Камуны і інш.

Алег Ларычаў шмат год арганізоўваў фестывалі вулічных мастакоў
Алег Ларычаў арганізоўваў фестываль Urban Myths. У межах іх у Беларусь прыязджалі вулічныя мастакі з усяго свету. Яны прыдумлялі канцэпцыю малюнкаў пад час візіту ў Мінск і рэалізоўвалі іх на сценах дамоў сталіцы Беларусі. Як казаў у 2016 годзе Ларычаў, прыезд і праца аднаго мастака абыходзіліся ў сярэднім у 3000 долараў. Некалькі год у фестывалю былі спонсары, але адзін час ён быў на паўзе праз адсутнасць сродкаў.
Большасць графіці, створаныя вулічнымі мастакамі на фестывалі, заставаліся з мінчанамі на шмат год.

Але, напрыклад, на мурал “Чалавек без імя” шмат скардзіліся мясцовыя жыхары і праўладныя актывісты. Таму па выніку рысунак зафарбавалі. Малюнак паспеў патрапіць у дзясятку найлепшых графіці свету за кастрычнік 2015 года.

Дзесяць год таму Алег патрапіў на бігборды
У 2016 годзе ўлады паставілі на вуліцах серыю бігбордаў пра жыхароў Мінска, якія зрабілі нешта важнае для сталіцы Беларусі. Каля партрэта Алега было напісана: “Гэта я арганізоўваю фестывалі выяўленчага мастацтва ў Мінску”.

Алег Ларычаў вядомы таксама вострасацыяльнымі графіці
Алега некалькі разоў затрымлівалі, ён паведамляў пра збіццё міліцыяй пры затрыманні. Прычынай гэтага ў тым, што яго падазравалі ў пратэсных арт-акцыях. У прыватнасці, графіці з крытыкай работы чыноўнікаў і сілавікоў, а таксама ў дамалёўцы малюнка “Мінск-Масква”, які сімвалізуе сяброўства сталіц Беларусі і Расіі: у букеце “беларускага хлопчыка” і ў вянку “расійскай дзяўчынкі” з’явіўся калючы дрот.
У 2017 годзе Алега Ларычава моцна збілі невядомыя, ён неаднаразова атрымліваў суткі і штрафы апошні раз у 2022 годзе.
Каманда Ларычава працягвала працаваць у Беларусі пасля 2020 года
Каманда Urban Myths працягнула працаваць, ствараючы графіці па ўсёй Беларусі і ў апошнія гады. Апошняе на сёння вядомае графіці, якое каардынаваў Алег Ларычаў з’явілася ў Лідзе.

За 2024-2025 год былі створаныя 4 муралы, былі работы і ў 2021, 2022 гадах, у тым ліку тыя, дзе спонсарам выступаў самы буйны дзяржаўны банк Беларусі – “Беларусбанк”.
Фота: https://www.instagram.com/streetartum/