Улады Гомеля абвясцілі пазапланавы гарадскі суботнік на 10 студзеня — пасля моцнага снегападу, з наступствамі якога камунальныя службы, відавочна, не спраўляюцца ў поўнай меры. Замест сістэмнай уборкі вуліц і двароў гараджанам прапануюць “аб’яднаць намаганні” і самастойна чысціць снег.

З адпаведным заклікам звярнуўся старшыня гарвыканкаму Уладзімір Прывалаў, падкрэсліўшы, што мерапрыемства будзе праводзіцца “без збору сродкаў”. Паводле яго слоў, мэта суботніка — “палепшыць стан горада” і “стварыць камфортныя ўмовы для ўсіх жыхароў”.
Чыноўнік таксама заявіў, што ўдзел у суботніку павінен стаць праявай “агульнай клопату пра родны горад”. Фактычна ж адказнасць за наступствы неспрыяльных умоў надвор’я ўскладаецца на саміх гараджан, якіх запрашаюць выйсці на ўборку снегу ў выходны дзень.