“Да працы дабіраліся паўзком. Інакш немачыма. Ногі ў снезе заблытваюцца”

Гомельская вобласць перажыла чырвонае і аранжавае папярэджэнне, снегапад, завіруху, снегу насыпала нязвычна шмат. Камунальнікі за суткі рэабілітавацца не паспелі, у жыхароў цяпер клопат ці можна праехаць паміж гарадамі, як там у дварах і ці варта адпраўляць у такое надвор’е дзяцей. «Штодзень» працягвае сачыць за сітуацыяй.

Заклікі ўладаў і незадаволенасць работай камунальнікаў

Незадаволеных работай камунальнікаў да гэтага часу даволі шмат. Падаецца, што сістэма настолькі сыплецца, што нават на піке мабілізацыі не можа даць тое, што патрэбна жыхарам. Вось і працягваюць улады заклікаць далучыцца да прыборкі снегу, а жыхары скардзіцца на тое, што дворнікаў у іх дварах не бачылі з пачатку снегу.

У прапагандзе і ўладаў сітуацыя падаецца наступным чынам: адбываецца “бітва за горад”, снегапад, які “аб’ядноўвае нас” (Буда-Кашалёва), “працоўныя калектывы прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў выйшлі расчышчаць вуліцы, двары і пад’езды» (Рагачоў) і рэдкія просьбы спыніцца (“Снег мы вельмі чакалі, але не ў такой колькасці. Гаршочак, не вары!”, Гомельскі раён).

У жыхароў менш пафасу і больш незадавальнення, хоць больш стала тых, хто піша, што трэба падзякаваць дарожнікам за магчымасць ездзіць па горадзе.

“У пасёлку Перамога з пачатку снегападаў ніхто так і не прачысціў, а ў вас жа ўсё пад кантролем”, – піша О.

Актыўна жыхары Гомеля абмяркоўваюць, як дабіраліся сёння на працу. “Засталіся дома, у школу не пайшлі”, – прызнаецца Р.Л. Па звестках К, “у вёсках падвоз дзяцей адмянілі”. “Нармальна на 57-м аўтобусе, на некаторых прыпынках буксавалі”, – апісвае Кн.

“Я тройчы ўпаў” – прызнаецца Гл. “Дабіралася на сабаках, на аленях і пешшу”, – адзначыла А. “Да маёй працы недалёка, прабіраліся па гурбах з вялікімі намаганнямі. Але было весела”, – кажа С.С. “Паўзком. Інакш немагчыма. Ногі ў снезе заблытваюцца”, – дадала А.

Л.А. піша: “Сёння не ўсе змаглі выехаць на машынах — многія сталі пешаходамі”.

“Учора дазваніліся ў 115, пакінулі заяўку пачысціць праезд у двары. Каляіна ўжо такая, што машыны пузам труцца. Як думаеце, калі ён праедзе?” – запыталася К. “Як толькі больш важныя вуліцы і трасы пачысцяць — дык адразу напрацягу зімы”, – адказвае К.Л.

“А я ўчора штурхаў таксі, каб на ім з’ехаць. І смешна, і сумна адначасова”, – прызнаецца А.А.

Паводле ягонага меркавання, “за ачышчэнне горада адказвае ЖКГ”. “Кропка. Яны павінны былі быць гатовыя — і яны павінны гэтым займацца. Не я і не мой сусед, і не мая цётка. Факт, што з пачатку зімы ў нас ні разу не з’яўляліся ні трактар, ні прыбіральшчыкі, выклікае толькі пытанні. P.S. Двор і паркоўку чышчу сам; суседзі дапамагаюць з расчысцікай двара, бо на іншае ўжо не разлічваем”, – кажа ён.

А прапануе самім чысціць, бо “ЖКГ можа і да вясны не прыехаць”.

“Цэнтральныя вуліцы ўсюды норм. Перыферыя і двары — поўны атас. Калі няма навыкаў язды ў такое надвор’е — лепш не выязджайце. І так, лапаты ў рукі — і наперад “снег … расчышчаць”. Дворнікаў няма, а хадзіць і ездзіць як-небудзь трэба”, – прапануе К.

Р.Б. са Жлобіна піша, што і там складаная сітуацыя: “Калі вам не трэба на працу — заставайцеся дома. У горадзе сапраўдны жах на дарогах і ў дварах. Беражыце сябе і сваіх блізкіх”.

Ён таксам звяртаецца да МНС: “Паважаныя службы МНС, перад тым як выпадае моцны снегапад, вы заўсёды дасылаеце СМС. Дашліце, калі ласка, гэтую СМС у камунальныя службы, а то яны, б…, сядзяць і не ў курсе, колькі тут снегу. Пара ўжо прыбіраць”.

С. з Мазыры піша: “Лепш не ехаць і наогул не выходзіць: у некаторых месцах (амаль усюды) снег па калена — у прамым сэнсе”. Жыхары як мінімум з аднаго дома шукаюць трактар, каб расчысціць двары.

“Светлагорск замяло, вельмі мала чысцяць — кажуць “добра”, але па факце ўсё сумна”, – адзначае В.С.

На дарогах Гомеля скардзяцца цяпер на галалёд. “Там, дзе ноччу пачысцілі да голага асфальту, цяпер суцэльны лёд”, – піша В. “Так, таварышы, гэта фіяска. Галалёдзішча”, – дадае К.М. Але Г.Ж. лічыць, што “гэта яшчэ нармальныя дарогі!”.

Дапамагаць камунальнікам шмат хто не рвецца. “Стаяк капаў у кватэры. Два гады хадзіў у ЖКГ — кармілі “сняданкамі” і нічога не рабілі, пакуль не прарвала і не затапіла тры паверхі. Потым бегалі за мной, на каленях стаялі, у дупу цалавалі, каб падпісаў, што прэтэнзій няма. Дык вось: няхай працуюць як належыць, хоць начамі, але дапамагаць ім не буду — яны і пальцам не варухнуць дзеля вас! І цяпер ім пляваць, што не пачышчана!” – піша А.

Узровень незадавальнення такі вялікі, што каментары пра праблемы ёсць і ў сацсетках дзяржаўнай прапаганды. Па ім можна складаць мапу, дзе праблема з ачасткай ад снегу: Прудок (“ніводны тратуар не пачышчаны, прыпынкі не пачышчаны — не падысці да аўтобуса, ббо скарацілі дворнікаў”), 5-м мікрараён (“не было відаць ніводнага дворніка за гэтыя дні — дарогу не перайсці да прыпынку. 11-е ЖЭУ ў адпачынку”), “Стары аэрадром” (“ЖЭУ-8 — увогуле ніхто нічога не чысціць. Мы забылі, як выглядае дворнік, хоць рэгулярна ва ўсіх кватарантаў утрымліваюць грошы за ўборку двара”), Цялегіна, Навапалеская (“немагчыма прайсці ад вакзала ў бок запраўкі на Дакутавіч, а гэта новая дарога да Палескага моста”), Савецкі раён (“у дварах спецтэхніка не з’яўляецца”).

“Вы здзекваецеся? А як дзецям, тым больш пажылым людзям — яшчэ і нічога не чышчана: новая пешаходная сцежка больш за метр з пліткі! І дзе вашы 200 адзінак тэхнікі — вы здзеквацеся?” – пытаюцца людзі.

 

Улады прыдумалі раздаваць бясплатна лапаты ў арэнду на некалькі гадзінаў, працуюць 27 пунктаў. На відэа пакзаваюць, як людзі іх забіраюць, але ёсць і прычыны для крытыкі.

“ЖКГ малайцы, адзінае, што змаглі зрабіць — гэта закупіць лапаты”, – саркастычна выказваецца Л. “А ёсць хоць адзін пункт бясплатнага гарачага харчавання памочнікам або прыемных грашовых бонусаў?” – кажа СБ. “Горад мне дапаможа выплаціць крэдыт — тады я за… Няма чаго было дворнікаў скарачаць”, адзначае Е. М.П. гатовы далучыцца: “Толькі пасля таго, як начальнікі ЖЭУ і КЖРЭУП самі стануць на лапату”.

“Няма мне чаго рабіць — хадзіць па лапату да камунальнікаў. Для гэтага ёсць служба, работнікі якой атрымліваюць еўрапейскі заробак і маюць самую перадавую спецтэхніку ў свеце. Вось хай і займаюцца снегабарацьбой”, – піша А.

Пуктаў для лапат у арэнду не хапае: “Я так разумею, ва Урыцкім, Бальшавіку, Чонках і г.д. пунктаў не арганізавалі”. Але і ёсць і недавер да самога паведамлення, С.Ф. дадае: “Як быццам у горадзе іх арганізавалі”.

Іншыя скардзяцца, што лапатаў насамрэч няма ці яны ў кепскім стане. “На Целігіна, 21 — адна лапата, ды яшчэ і ручка хістаецца”, – піша Н. Іншы карыстальнік пацвярджае: “Лапат не хапае”.

“Ды фігня ўсё гэта: прыйшоў у 18:00 на Кожара, 7 узяць лапату — ага, усё закрыта, святла няма, працуем да пяці… Які ў гэтым сэнс — да пяці?” – пытаецца Дж.П. Ён дадае: “Дзе камунальшчыкі, куды ідуць нашы падаткі? Заплаціце людзям нармальныя грошы — і ўсё будзе”.

 

Сітуацыя на дарогах паміж гарадамі розная. Даведацца пра яе аператыўна фактычна немагчыма, у гэтай сітуацыі самая правераная крыніца інфармацыі – тэматычныя чаты.  Сёння зраніцы “на 280-м км па трасе М5 у бок Гомеля аўтобус завяз у снезе — ехаў у бок Буда-Кашалёва”, паведамляе А. У чаце паведамілі, што ноччу спыняўся рух на трасе Мінск—Гомель.

“Дарога Ветка—Добруш цалкам засыпаная. Снег па шчыкалатку”, – пішуць у адным з тэматычных чатаў у абед.

“Не ведаю, як на Гомель, але на Лельчыцы проста п***ец: больш за 60 не разгонішся”, – піша С.В. з Мазыра. Праўда, А.Г. з ім спрачаецца: “Вы ўсе скардзіцеся на хуткасць 50–60 — ехаць немагчыма. Скажыце дзякуй дарожнікам, што вы ўвогуле едзеце”. А А.П. перакананы, што “дарога на Гомель лепшая, чым у нас у горадзе і раёне — 3 гадзіны дарога заняла”.

Ці весці дзяцей у школу? “Пытанняў шмат, адказаў няма. МНС з усіх “труб” крычыць — небяспека, а міністэрства адукацыі паперкамі прыкрываецца. Здаровы сэнс цяпер не ў пашане. Дзеці даражэй за паперкі міністэрства. Ёсць вочы і здаровая ацэнка сітуацыі на практыцы. На вуліцы каля 3-х гадзін ледзяны дождж. Сітуацыя пагаршаецца з кожнай гадзінай. Пытанне да міністэрства адукацыі: кім трэба быць, каб гэта ігнараваць? Якім нарматыўным дакументам ураўнаважыць надвор’е за акном????” – пытаецца Л.

“Мне пофіг на паперкі — я гляджу ў акно, ацэньваю сітуацыю і як маці прымаю рашэнне пакінуць дома. Добра, што ёсць магчымасць, і школьнікі не малыя”, – дадае М.

Агулам ад снегу ўжо шмат хто стаміўся, хоць і прыгожа, і сапраўдная зіма. “Хочацца сказаць: “гаршочак, спыніся”. Не трэба нам ужо снегу. Мы стаміліся чысціць”, – заклікае З.С.М.

 

Антыдасягненні ўлады: да дэпутата ніхто не прыйшоў, на прыборку ганялі школьнікаў пад канвоем

Нават праз сіта дзяржаўнай прапаганды трапляюцца кур’ёзныя выпадкі. Так у афіцыйным пабліку Гомельскага раёна пішуць: “Па ініцыятыве жыхара п. Зябраўка Барыса Батурына, якую падтрымалі дэпутаты Прыбыткоўскага сельскага Савета дэпутатаў Галіна Чумакова і Дзмітрый Буднікаў, пасля працоўнага дня жыхары дамоў №245 і №256 па вуліцы Цэнтральнай пасёлка Зябраўка выйшлі расчысчаць ад снегу прыдамавую тэрыторыю”.

Але неяк склалася так, што “жыхары дома №245 дружнай камандай (болей за 10 суседзяў) займаліся расчысткай”, то да “дэпутата” ніхто не далучыўся: “Дзмітрый Буднікаў аказаўся адзіным удзельнікам добраахвотнай акцыі — суседзі праігнаравалі заклік дэпутата далучыцца да ўборкі снегу, што, праўда, не перашкодзіла яму пачысціць частку прыдамавой тэрыторыі”.

Дабрачынная акцыя за кошт падлеткаў, якіх на прыборку снегу вадзілі пад канвоем? У сённяшняй Беларусі магчыма і гэта. Паведамленне у Савецкага РАУСа называецца “Юныя патрыёты і супрацоўнікі міліцыі дапамаглі пенсіянерцы”. Праўда, далей становіцца вядома, што “патрыёты” – гэта падлеткі, у “адносінах якіх адбывацца індывідуальна-прафілактычная работа”. “Міліцыянты” – інспектар па справах непаўнагадовых і намеснік камандзіра роты ППС і лапаты на іх разлічаныя не былі.

 

Штодзень

Фота: з раённых чатаў Гомельшчыны

Слайдар пастоў