Мінкульт прызнаў гістарычнай каштоўнасцю стэлу першай нафтавай вышкі ў Рэчыцкім раёне

Міністэрства культуры Беларусі прыняло рашэнне ўключыць памятную стэлу з мазаічным пано “Першаадкрывальнікам беларускай нафты” ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны. Адпаведная інфармацыя з’явілася на профільных рэсурсах, прысвечаных нафтавай галіне.


Гісторыка-культурнай каштоўнасцю прызнаны мемарыяльны комплекс, размешчаны ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці — побач са свідравінай № 8. Менавіта з яе ў жніўні 1964 года быў атрыманы першы нафтавы фантан, які фактычна паклаў пачатак прамысловай здабычы нафты ў Беларусі. Побач са стэлай таксама знаходзіцца памятны знак, усталяваны ў гонар здабычы 100-мільённай тоны беларускай нафты.

Гісторыя айчыннай нафтаздабычы звязана перш за ўсё з Гомельшчынай. Афіцыйна адлік пачатку прамысловай здабычы вядзецца з 17 кастрычніка 1964 года — даты, калі нафта пайшла са свідравіны № 6 Рэчыцкага радовішча. Пры гэтым свідравіна № 8 дала нафтавы фантан яшчэ 20 жніўня таго ж года, але гэтая дата па невядомых прычынах не стала афіцыйнай.

Паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі выяўлена 96 радовішчаў нафты, з якіх 62 знаходзяцца ў распрацоўцы. Прамысловыя запасы ацэньваюцца прыкладна ў 45,4 мільёна тонаў. У 2023 годзе кампанія Беларуснафта здабыла 1,87 мільёна тонаў нафты. Пры цяперашніх аб’ёмах і без дадатковых прыростаў запасаў гэтага ўзроўню хопіць прыкладна на 25 гадоў здабычы.

Штодзень
Фота: neft.by

Слайдар пастоў