Праблема бадзяжных жывёлаў не адпускае новага кіраўніка Гомеля Руслана Пархамовіча. Ён згадвае пра яе і на нарадах і падчас візітаў на прадпрыемствы. Гэта на фоне таго, што зоаактывісты кажуць пра “крывавую мясарубку”, запушчаную пасля ягонага прыхода на пасаду.

У Гомелі працягвае нарастаць абурэнне пасля кампаніі па “ўзмацненні адлову” бадзяжных жывёлаў, якую ўлады разгарнулі пасля нападу сабак на школьніцу ў раёне Шведскай Горкі. У сацыяльных сетках жыхары горада ўсё часцей называюць тое, што адбываецца, не “адловам”, а фактычным вынішчэннем жывёлаў.
На гэтае абурэнне ў сваім стылі “рэагуе” і прызначэнец Лукашэнкі Пархамовіч: забойства не спыняецца, затое праходзіць інфармаванне супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў і апаратныя нарады.
На сёння ў Гомелі зарэгістраваныя больш за 7 тысячаў жывёлаў. Пархамовіч спрабуе зарэгістраваць астатніх. З тым, каб жыхары Гомеля на гэта пайшлі, чыноўнікі не спраўляюцца, таму ён патрабуе прыцягнуць валанцёраў, якія будуць тлумачыць неабходнасць рэгістрацыі жывёлаў.
Ідэя гарадскіх уладаў, падаецца, зразумелая: забіць зараз як мага больш, і на фоне “пустых” вуліцаў актывізаваць работу па рэгістрацыі хатніх, збіраць падатак з тых, хто рэгіструе, і штрафаваць тых, хто дапускае парушэнні. Нават калі апусціць неэтычнасць і амаральнасць падобнага падыходу, ідэя ўсё роўна не можа спрацаваць ідэальна: будуць нараджацца новыя, незарэгістраваныя каты і сабакі. Гарадскім уладам відавочна не хапае сістэмнага падыходу, гатоўнасці выдзяляць бюджэтныя сродкі і … трохі чалавечнасці.