У Гомелі працягвае нарастаць абурэнне пасля кампаніі па “ўзмацненні адлову” бадзяжных жывёлаў, якую ўлады разгарнулі пасля нападу сабак на школьніцу ў раёне Шведскай Горкі. У сацыяльных сетках жыхары горада ўсё часцей называюць тое, што адбываецца, не “адловам”, а фактычным вынішчэннем жывёлаў.

Асаблівае абурэнне выклікалі паведамленні валанцёраў пра знікненне сабак і знаходжанне жывёлаў са слядамі гвалтоўнай смерці.
“Знойдзены чарговы сабачка з дзясяткаў зніклых. На целе былі сляды гвалтоўнай смерці — дроцік. Татальная зачыстка працягваецца”, — пішуць гамяльчане ў сацсетках.
Іншыя жыхары горада адкрыта заяўляюць пра атмасферу страху і беспакаранасці.
“Калі парушаюцца ўсе маральныя і дзяржаўныя законы, адбываецца поўны беспредел. Страшна адчуваць сябе настолькі безабароннымі, калі масавыя забойствы жывёлаў становяцца нормай на ‘заканадаўчым узроўні’”, — напісала адна з карыстальніц.
Частка гамяльчан спрабавала арганізаваць петыцыю супраць масавага знішчэння жывёлаў. Аднак, паводле паведамленняў у сацсетках, ініцыятыва хутка была заблакаваная.
“Валанцёры Гомеля спрабавалі стварыць петыцыю. Заблакавалі. Мала хто паспеў падпісаць”, — паведамляюць мясцовыя жыхары.
Паводле іх слоў, актывісты нават спрабавалі трапіць на асабісты прыём да старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай.
“Новы мэр Гомеля, прыйшоўшы ў горад, першай справай абвясціў вайну жывёлам. У Беларусі ёсць закон аб жорсткім абыходжанні з жывёламі. Але распараджэнне мэра аказалася вышэй за законы”, — сцвярджаюць аўтары допісаў.
На гэтым фоне крытыкі дзеянняў уладаў нагадваюць: у Беларусі па-ранейшаму няма сістэмнай праграмы стэрылізацыі бяздомных жывёлаў, дастатковай сеткі прытулкаў і падтрымкі валанцёрскіх ініцыятыў. Замест гэтага праблему прапануюць вырашаць сілавым шляхам — праз рэйды, адлоў і фактычную “зачыстку” гарадскіх тэрыторый.
Раней “Штодзень” ужо пісаў, што пасля рэзананснага выпадку ўлады Гомеля вывелі на рэйды не толькі камунальныя службы, але і супрацоўнікаў РАУС, МНС і дружыннікаў. У сацыяльных сетках тады таксама гучалі абвінавачанні ў распальванні нянавісці да жывёлаў і выкарыстанні тэмы сабак для інфармацыйнага нагнятання страху.
Чытаць па тэме:
Гамяльчане выступілі супраць масавага адлову