У Гомелі працягваецца кампанія па “ўзмацненні адлову” бадзяжных жывёлаў пасля рэзананснага нападу сабак на школьніцу ў раёне Шведскай Горкі. Паводле паведамлення афіцыйнага тэлеграм-канала гарвыканкама, у рэйдах удзельнічаюць брыгады “Спецкамунтрансу”, супрацоўнікі РАУС, МНС і дружыннікі. Жывёлаў шукаюць у зялёных зонах і “лакальна абследуюць тэрыторыю, каб не спалохаць сабак”. Улады паведамляюць пра ўжо адлоўленых жывёлаў і анансуюць далейшыя “мерапрыемствы” па ўсім горадзе.
Аднак такі падыход выклікае ўсё больш крытыкі ў сацыяльных сетках. Людзі звяртаюць увагу не толькі на саму праблему бяздомных жывёлаў, але і на тое, як дзяржава выкарыстоўвае яе ў інфармацыйнай прасторы.
“Людзі, запомніце раз і назаўсёды: калі пачынаецца раскрутка нейкіх рэзанансных тэм, як цяпер з сабакамі, — значыць, пад гэты шум прымаюцца нейкія непапулярныя законы ці адбываецца нешта сур’ёзнае”, — піша адзін з карыстальнікаў. На яго думку, улады свядома пераключаюць увагу грамадства на эмацыйную тэму, каб адцягнуць ад іншых праблемаў.
Іншыя каментатары нагадваюць, што караць трэба не жывёлаў, а безадказнасць людзей. “Вінаватыя не дзікія зграі. У такой колькасці бяздомных жывёлаў вінаватыя толькі людзі: выкідваюць, не стэрылізуюць. Няўжо нельга пайсці шляхам іншых краін, дзе такой праблемы даўно няма?” — адзначаюць гамяльчане.
Асобна людзей раздражняе агульная атмасфера нагнятання страху. “У Гомелі цяпер нейкая масавая ліхаманка: навінавыя парталы распальваюць дзікую нянавісць ужо нават да хатніх сабак. У каментарах — суцэльны таксічны негатыў. Сабак на павадках і ў намордніках ледзь не абвінавачваюць у нядаўніх трагедыях”, — піша яшчэ адзін карыстальнік. Ён задаецца пытаннем: “Няўжо ў горадзе раптам скончыліся ўсе іншыя праблемы?”
Частка каментатараў бачыць у гэтым не проста інфармацыйную кампанію, а фактычнае апраўданне масавага знішчэння жывёлаў. “Ідзе нагнятанне сітуацыі, якое вядзе да вынішчэння жывёлаў. Навіны распальваюць нянавісць. А дзеці потым пачынаюць паводзіць сябе адпаведна — біць і дражніць жывёлаў. Потым вінаватай робіцца ўжо жывёла”, — піша жыхарка Гомеля.
Крытыкі дзеянняў уладаў нагадваюць: праблема бяздомных сабак не вырашаецца толькі адловам. Без сістэмнай стэрылізацыі, прытулкаў, кантролю за развядзеннем жывёлаў і адказнасці гаспадароў сітуацыя будзе паўтарацца зноў і зноў. Але замест размовы пра гэтыя меры грамадству прапануюць галоўным чынам рэйды, “жорсткія захады” і новую хвалю страху.
Штодзень
Чытаць па тэме:
Улады анансавалі рэйды і “ўзмацненне адлову” сабак
Замест прытулкаў – адлоў



