Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова ўдзельнічае ў стварэнні п’есы

Ларыса Шчыракова, гомельская журналістка і былая палітычная зняволеная, паспрабавала сябе ў новым акцёрскім амплуа.

У Варшаве 25 ліпеня прайшла чытка п’есы Аляксандра Чарнухі “Свінні”. “Для мяне гэта асаблівая падзея — мой акцёрскі дэбют разам з сапраўднымі прафесіяналамі, таленавітымі акцёрамі “Вольнай сцэны”. Абяцаю цікавую пастаноўку, інтэракцыю, добры настрой, шмат гумару, сала з самагонам і катарсіс у фінале”, – напісала Ларыса Шчыракова напярэдадні.

Раман “Свінні” — гэта гісторыя аднаго выдуманага райцэнтра ў неіснуючай дзяржаве. Чыноўнікі, якія страцілі сувязь з рэальнасцю і якія пасылаюць адзін аднаму важныя, але ад гэтага яшчэ больш смешныя факсы; сілавікі ў балаклавах, якія добра выконваюць толькі адну задачу — ахоўваюць помнік Леніну; спіты рэдактар раённай газеты, што строчыць атрутныя пасквілі пра нябачнага ворага; грозная дырэктарка дома культуры, якая ўмее толькі выпальваць цэнзурай любую песню. Так апісваюць у рэцэнзіі кнігу Аляксандра Чарнухі, паводле якой ствараецца п’еса.

Першая чытка адбылася на фестывалі “Тутака”, у Варшаве прайшла другая. Адна з гераінь п’есы прамаўляе голасам Шчыраковай: “Ну, чыста, спакойна, я з дзецьмі пагуляць іду, спарткомплекс там, харашо нам жывецца…”

Пасля чыткі Ларыса Шчыракова прызналася “Белсату”, што па-сапраўднаму “кайфавала ад працэсу”, хоць на самым пачатку адчувала хваляванне.

“Для мяне гэта быў гонар, вялікае шчасце і задавальненне, таму што я ўбачыла, наколькі гэта магічнае дзеянне – акцёрства. Я ўвесь час адчуваю, што гэта – магія”, – кажа Ларыса Шчыракова.

“Для мяне асноўная ідэя гэтай п’есы ў тым найперш, што, калі чалавек аддае перавагу сытаму страўніку і калі імкнецца толькі набіць трыбух, абмяжоўваючы сябе чаркай ды шкваркай, – ён ператвараецца ў свінню. Гэта для мяне самая галоўнае ў п’есе, якую я лічу вельмі глыбокай. І гэтую п’есу трэба глядзець усім гэтым чарка-шкварачнікам, якія кажуць: “А навошта нам свабода? Навошта нам нейкія грамадзянскія правы? Нам і так добра”, – дадала яна.

 

Штодзень
Фота: Белсат

Related posts

Жыхары Старой Валатавы абурыліся адключэннем вады на 11 дзён

Праўладнае відэа паказала сядзібу Ціханоўскага ў Агародні Гомельскай

Беларуска раскрытыкавала дэкор Добрушскага фарфору — і запусціла дыскусію пра якасць