3 жніўня спаўняецца б 100 год беларускаму пісьменніку і грамадскаму дзеячу Алесю Адамовічу, які адзін з першых пачаў казаць праўду пра Чарнобыль і змагацца за галоснасць пра катастрофу.
Адамовіч Алесь. Фота: Вікіпедыя
Алесь Адамовіч — адзін з ініцыятараў стварэння ў Беларусі Фонду “Дзеці Чарнобыля”, дзякуючы якому мільёны дзяцей прайшлі аздараўленне за мяжой, ён сам быў сустаршынём Міжнароднага фонду “Дапамога ахвярам Чарнобыля”. У савецкія часы ён зазнаў пераслед за спробу раскрыць інфармацыю пра аварыю на ЧАЭС.
3 жніўня – ягоная неафіцыйная дата нараджэння. Маці, каб яго не ўгналі ў часы Другой сусветнай вайны ў Германію выправіла дату на больш познюю, у дакументаў у яго запісаны верасень 1927 года.
Пісьменнік Алесь Адамовіч “першы пачаў біць у званы пра чарнобыльскую бяду Беларусі”, – кажа дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі XII склікання, адзін з аўтараў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, журналіст Сяргей Навумчык.
“Шлю малітвы за ўсіх вас, над кім прапоўз шлейф нашай высокапаважанай навукі. З агідай успамінаецца тэлефізіяномія галоўнага па гэтых справах акадэміка (паўгода таму выступаў з тэлескрыні) — вядома ж, усякія там асцярогі за «мірны атам» — гэта ў іх там, а мы аптымісты, і начхаць. Побач з бюракратам казённы аптыміст — галоўны наш магільшчык. Дзякуючы «патрыятычнаму аптымізму» мы сустрэлі вайну ў споднім. А цяпер вось — Чарнобыль. Цікава, будзем дабудоўваць сваю — за 30 км ад Мінска? Ці ўсё ж такі апамятаемся? Хоць бы такой цаной”, – напісаў у 1986 годзе Алесь Адамовіч Васілю Быкаву
Далей ён пісаў рускаму крытыку Дзядкову: “Вы там нават не ўяўляеце, што гэта такое і як, і чым абернецца ў будучыні. Гэты самы, будзь ён пракляты, мірны атам аказаўся з тварам, ды не, з мордай таго ж самага крыважэрнага Марса і, хоць нагамі стаяў на зямлі ўкраінскай, але да яе спінай, а да нас мордай павярнуўся — па ветры. Ну і…”
“Чарнобыль высвеціў усю карціну таго, што названа «застоем», але што можна назваць і «закаранеласцю», і «развалам» (і тое, і другое — хоць, здаецца, гэтыя словы пра розныя станы)”, – пісаў пісьменнік у нататках.
Алесь Адамовіч патрабаваў галоснасці ў пытанні аварыі, называў яе бядой гістарычнага маштабу: “Памяншаючы маштабы бяды, мы пазбаўляем спачування тых, хто пацярпеў у многіх раёнах. Сапраўднага, народнага. Казённае — не ў разлік”.
“Вінаватых Чарнобыля трэба судзіць — пісаў Алесь Адамовіч. — Бо калі не спыніць гэтую безадказнасць, гэтую кругавую паруку і вялікую хлусню на ўсіх узроўнях, мы не выратуемся і ад Чарнобыля, і ад непазбежных новых катастроф”.
У 1987 годзе Алесь Адамовіч скончыў сцэнар “…Імя гэтай зорцы Чарнобыль” для мастацкага фільма, рэжысёрам якога павінен быў стаць вядомы амерыканец Стэнлі Крамер. Але фільм так і не з’явіўся.
“Жудасная катастрофа абрынулася на Беларусь. Тыя шэсць альбо сем дзён, калі вецер дзьмуў сюды — гэта страшэнныя дні, можа, роўныя чатыром гадам вайны па свайму выніку”, – казаў Адамовіч пра Чарнобыль на “Радыё Свабода”.
“Чарнобыль звязаны не толькі з вялікай хлуснёй, але і з прамымі злачынствамі. І, вядома, мы ўсе прыйдзем да экалагічнага Нюрнберга”, – адзначаў ён у 1989 годзе.