“Радыяцыя не знікае праз подпіс пад дакументам”: Улады выключылі Гомель са спісу пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС гарадоў
Пастанову пра гэта падпісаў кіраўнік ураду Аляксандр Турчын. Сам дакумент яшчэ не апублікаваны, але з анонсу становіцца зразумела, што такім чынам улады эканомяць грошы. Прынамсі на дзіцячых школьных абедах.
Поўны спіс гарадоў і мястэчак, дзе больш “няма” радыяцыі пакуль не апублікаваны. Але вядома, што ачысціліся і Лельчыцы.
Тлумачэнне традыцыйнае для беларускіх уладаў: радыяцыя з гэтых месцаў проста знікла: “Па абследаванні забруджаных тэрыторый з адборам пробаў глебы і ацэнцы дозавых нагрузак на насельніцтва паказаў значнае паляпшэнне абстаноўкі ў асобных населеных пунктах, размешчаных на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях”.
Пастанова пачне працаваць з пачатку наступнага года, дзеці з Гомеля змогуць есці бясплатна ў школах да канца вучэбнага года (чэрвеня 2027 года).
У зоне радыеактыўнага забруджвання па дакументах знаходзіліся 2022 населеныя пункты, у якіх жыве амаль мільён чалавек. А цяпер стане 1845 населеных пунктаў (-177), у якіх жывуць 364,2 тысячы чалавек (-566,4).
Не зусім зразумела, што акрамя бясплатных школьных абедаў згубяць гэтыя паўмільёна чалавек: пастанова Ураду пакуль не апублікаваная, большасць “чарнобыльскіх ільготаў” адмененыя даўным-даўно. Таксама незразумела, на якую эканомію разлічваюць улады, дзякуючы гэтаму рашэнню.
Патэнцыйна могуць забраць дадатковы дэкрэт для жанчынаў са складанымі родамі, першачарговае засяленне ў інтэрнаты для студэнтаў і залічэнне ў вну і ПТВ, бясплатнае аздараўленне ў санаторыях для дзяцей і праезд да іх і на лячэнне. І, канечне, перастануць выдаваць пасведчанні пацярпелых ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Пытанне, што будуць рабіць са старымі.
Радыяцыю беларускія жыхары з падачы ўладаў даўно не заўважаюць, таму рэакцыі на пастанову няшмат. Але большасць тых, хто выказаўся, рашэннем абураныя.
“Гамяльчане, запускаем збор на пуцёўку ў гомельскі санаторый на 30 дзён. Пуцёўка будзе падораная таму, хто прыняў рашэнне выключыць Гомель з зоны радыеактыўнага забруджвання”, – саркастычна пажартавала Ж.Ш.
“Гомель выключылі з зоны радыеактыўнага забруджвання, бясплатнае харчаванне для дзяцей захаваецца да чэрвеня 2027 года. Вырашылі ў Год беларускай жанчыны не «ўзрадаваць» такой навіной? Цікава, наколькі цяпер будзе расці нараджальнасць”, – піша А.А. Яна лічыць, што ўтрымліваць сям’ю ў Беларусі становіцца ўсё цяжэй.
У каменты аператыўна прыйшлі задаволеныя рашэннем: “Вы нараджалі для бясплатнага стрававання?”
Жыхарка Мазыра І.А. лічыць, што калі ў іх няма апошніх чарнобыльскіх ільготаў ад дзяржавы, то і Гомелю не трэба: “Ніколі не разумела, чым Гомель адрозніваецца ад Мазыра, у якім зоны няма ўжо больш за 20 гадоў. І нічога — нараджаюць, вучацца, жывуць, аплачваюць дзіцячыя садкі і г.д. Усё будзе добра”.
“Гэта нават не ведаю, як назваць. Відазменены генацыд запаволенага дзеяння. Праз гадоў 40 пачнуць штабялямі выміраць ад анкалогіі… Аж узнікае жаданне перакрыць усё матам”, – крытыкуе рашэнне Ю.Б. М.А. лічыць, што Лукашэнка такім чынам знішчае народ Беларусі.
“Радыяцыя не знікае ад подпісу пад дакументам, – выказаўся пра праблему палітык Анатоль Лябедзька. – Эканоміць на дзецях і на памяці пра Чарнобыль — дрэнная дзяржаўная палітыка”.