Чаму 7 лістапада – гэта не нашае свята

Беларусь – адзіная краіна, дзе 7 лістапада з’яўляецца выходным. Сёлета яно прыпала на суботу. Таму ў любым выпадку гэта непрацоўны дзень. Аднак, нягледзячы на выходны, 7 лістапада – абсалютна не нашае свята. Разбіраемся, чаму.

Адзначэнне 7 лістапада 2026 года ў Гомелі. Фота: ГП

 

Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі святкуюць цяпер у лістападзе. Што звязана з тым, што ў 1917 годзе Расейская імперыя не перайшла на грыгарыянскі каляндар, які на той момант быў ужо ў большасці еўрапейскіх краін. Увогуле Рэч Паспалітая таксама перайшла на грыгарыянскі каляндар яшчэ ў 1582 годзе. А вось Расейская імперыя, якая забрала ладную частку Рэчы Паспалітай пасля трох падзелаў, толькі ў 1918 годзе.

Асноўны эпізод кастрычніцкай рэвалюцыі – гэта штурм Зімовага палацу ў Санкт-Пецярбургу, які, як вядома, практычна ніхто не ахоўваў. Акрамя жанчын, юнкераў і чатырох дзясяткаў георгіеўскіх кавалераў, якія там знаходзіліся на лячэнні, ахоўваць палац не было каму. Аднак крэйсер Аўрора, матросы і запас алкаголю, які знаходзіўся ў Зімовым, – гэта ўсё не наша. Гэта ўсё адбывалася ў Петраградзе. Больш за тое, Часовы ўрад, які знаходзіўся ў Зімовым у 1917 годзе, не падтрымліваў ідэю аўтаноміі Беларусі нават у складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі. Як вядома, Беларускі Нацыянальны Камітэт, які аб’ядноўваў розныя палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі і старшынёй якога быў Раман Скірмунт, незадоўга да рэвалюцыі, у красавіку 1917 года, ездзіў у Петраград. Старшыні часовага ўраду князю Львову была перададзеная  дакладная запіска з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі. Аднак пераканаць Часовы ўрад прызнаць аўтаномію не атрымалася.

Пасля кастрычніка 1917 года аўтаномію Беларусі таксама ніхто не збіраўся прызнаваць. У снежні 1917 года адбыўся Першы Усебеларускі З’езд. Правядзенне падобнага мерапрыемства нібыта дазволілі ў Маскве: Народны камісарыят па нацыянальных справах на чале з Іосіфам Сталіным даў згоду правядзенне беларускага з’езду. Самае галоўнае пытанне з’езду – ідэя самавызначэння Беларусі. Аднак і гэтага было замнога для Масквы. У выніку Першы Усебеларускі З’езд, на якім прысутнічаў 1800 дэлегатаў, быў разагнаны бальшавіцкімі камісарамі, а 27 чалавек арыштавана.

Бальшавікі, якія прыйшлі да ўлады ў выніку кастрычніцкай рэвалюцыі, нічога добрага беларусам не прынеслі.

Што атрымалі беларусы?

Сталінскія рэпрэсіі закранулі ўсе пласты насельніцтва. Як адзначаў даследчык рэпрэсій Леанід Маракоў, у інтэрв’ю Кастусю Лашкевічу для tut.by, “чэкісты расстралялі альбо саслалі ў канцлагеры больш за 80% нашых літаратараў. Для параўнання, ва Украіне – 35-40%, у Расеі не больш за 10-15%. У молах рэпрэсій трапілі без малога ўсе беларускія святары, кожны трэці настаўнік, інжынер. У 1938-м расстралялі практычна ўсіх дырэктараў заводаў, фабрык, іншых вялікіх прадпрыемстваў – сотні і сотні кіраўнікоў. Думаю, што ўжо ў 1930-я гады працавалі сакрэтныя інстытуты НКВД. Там убачылі надзвычай вялікі патэнцыял у геапалітычным размяшчэнні рэспублікі. Таму больш за ўсё яны баяліся незалежнасці Беларусі, а каб гэтага не адбылося, вынішчылі ўсю інтэлектуальную верхавіну нацыі.”

Русіфікацыя

Беларусізацыя, якая распачалася ў 1924 годзе на II сесіі ЦВК БССР, працягнулася нядоўга. Ужо ў 1929 годзе з Масквы была накіраваная камісія, якая раскрытыкавала беларускую творчую інтэлігенцыю. А ў 1930 годзе па справе “Саюза вызвалення Беларусі” былі арыштаваныя больш за 110 дзеячаў навукі і культуры Беларусі.

У 1933 годзе была праведзеная рэформа беларускай мовы, якая наблізіла яе да рускай. Рэформа датычыла не толькі правапісу, але і фанетычных і марфалагічных асаблівасцяў беларускай мовы.

Як адзначае Станіслаў Станкевіч у кнізе “Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу”, “рэалізацыя бальшавіцкай моўнай палітыкі ў БССР, падобна як і ў іншых нацыянальных рэспубліках, праводзіцца адначасна ў двух кірунках, якія ўзаемна сябе дапаўняюць і паступова, але паслядоўна вядуць да будучай поўнай нівеляцыі беларускае мовы: 1. у кірунку звужэння сферы ўжывання беларускай мовы ў публічным жыцці рэспублікі й замены яе расейскай, як «другой роднай мовай» беларускага народу; 2. у кірунку ўсебаковае русіфікацыі яшчэ дапушчанай да публічнага ўжывання беларускай літаратурнай мовы.”

Знішчэнне незалежнасці

У 1918 годзе ў газеце “Звязда” быў надрукаваны артыкул рэдактара выдання, сакратара Цэнтральнага бюро Кампартыі Беларусі і члена ўраду рэспублікі латыша Вільгельма Кнорына, дзе ён адзначаў: “Час нацыянальных дзяржаваў мінуў… Мы лічым, што беларусы не з’яўляюцца нацыяй”. Між іншым, сам Кнорын не пазбегнуў рэпрэсій бальшавікоў, якіх ён так абараняў: у 1938 яго прыгаварылі да смяротнага пакарання за шпіянаж і расстралялі.

Беларусь атрымала незалежнасць толькі пасля распаду СССР. Таму Кастрычніцкая рэвалюцыі прынесла беларусам толькі русіфікацыю, рэпрэсіі і знішчэнне незалежнасці.

Штодзень

 

 

 

Related posts

Генерал, якога баяліся бальшавікі. Як Булак-Балаховіч спрабаваў здабыць Беларусь са зброяй у руках

Свая Вэнздэй: дзе гамяльчанам зрабіць восеньскую фотасесію з гатычным настроем

Беларуская паненка, якая пісала па-польску. Вяртаючы Дануту Кораль