Беларуская паненка, якая пісала па-польску. Вяртаючы Дануту Кораль

“Беларусь дзяцінства, якая пахла яблыкамі і свежай узаранай зямлёй, адышла ў нябыт”. Гэты сказ — з кнігі “Wydziedziczeni” (“Пазбаўленыя спадчыны”) малавядомай беларускаму чытачу пісьменніцы Дануты Кораль. У ім ёсць адчувальны на ўзроўні рэцэптараў пах яблыкаў, знаёмы палескі краявід і чалавечая страта. За некалькімі словамі паўстае цэлы свет, які можна пазнаць і адчуць, нават калі ніколі ў ім не жыў.

Калі ўпершыню сутыкаешся з яе сямейнай сагай “Пазбаўленыя спадчыны”, уражвае і захапляе стыль пісьменніцы: лёгкасць аповеду, вобразнасць і адсутнасць штучнасці. Міжволі ўзнікае пытанне: чаму пісьменніца з такім талентам засталася вядомай пераважна вузкаму колу чытачоў і даследчыкаў? Адказ даводзілася шукаць у самой сямейнай гісторыі. Рэвалюцыя, страта дому, вымушаны выезд у Польшчу ў 1919, вайна, акупацыя, новая несвабода. Некалькі пакаленняў сям’і Нолькенаў спрабавалі ўладкаваць жыццё сярод катастрофаў ХХ стагоддзя, якія зноў і зноў перакрэслівалі іх намеры.

Родавае гняздо сям’і Нолькенаў у Касцюкоўцы

Для беларускага чытача кніга Кораль мае асаблівую каштоўнасць. Яна захоўвае памяць пра Гомельшчыну, пра шляхецкія дамы і людзей, якія лічылі гэты край сваім. Пра свет, дзе “нямецкае” прозвішча, польская мова і беларуская зямля маглі быць часткамі адной сямейнай гісторыі.

Бабуля Дануты Кораль у Касцюкоўцы, у сваім пакоі. 1914 год

Радзіма, атрыманая ў спадчыну

Данута Кораль, у дзявоцтве Нолькен, нарадзілася 13 чэрвеня 1922 года ўжо ў эміграцыі. Яе бацькам быў барон Эдвард Нолькен, апошні ўласнік сямейнага маёнтка ў Касцюкоўцы пад Гомелем. Нолькены мелі балтыйска-нямецкае паходжанне, а гісторыя роду была звязаная са Швецыяй і землямі былога Вялікага княства Літоўскага. У сям’і захоўвалі дакументы пра баронскі тытул, памяталі продкаў, падтрымлівалі сувязі з іншымі родамі. Аднак жыццёвы цэнтр гэтага адгалінавання сям’і знаходзіўся ў Касцюкоўцы.

Эдвард Нолькен, бацька пісьменніцы. Апошні ўладальнік Касцюкоўкі

Стары дом з незвычайным дахам, ганак на чатырох калонах, герб, вялікі парк — гэтыя рысы сядзібы Данута захавала ў сваёй кнізе. Яна ўзнаўляла свет, страчаны сям’ёй яшчэ да яе нараджэння. У 1919 годзе Нолькены пакінулі Гомельшчыну. Дачка атрымала ў спадчыну аповеды пра дом, сямейныя звычкі, людзей, гаспадарку і выезд, які спачатку мог здавацца часовым. Беларусь прысутнічала ў яе жыцці праз памяць бацькоў, праз іх знаёмых і тое, як яны тлумачылі сваё месца ў свеце.

У кнізе ёсць словы, якія дазваляюць зразумець, чым для гэтага асяроддзя стала эміграцыя:

“Вырыванне каранёў — жорсткае, супярэчнае прыродзе і мусіць пакідаць глыбокія шнары, а нават раны, якія не загойваюцца. Гэтае пачуццё закранула ўсіх, хто назаўсёды пакідаў Беларусь. Усё, што яны любілі, з чым сябе атаясамлівалі, што складала не толькі матэрыяльны набытак, але і давала пачуццё душэўнай бяспекі, засталося ў мінулым”.

Тут Беларусь названая непасрэдна — як прастора любові, саматоеснасці і бяспекі. Страчаны маёнтак быў часткай значна большай страты.

“Гімназія ўсіх беларускіх паненак”

Прыметнік “беларускі” з’яўляецца ў Кораль і там, дзе аповед ужо даўно перамясціўся за межы Беларусі. Згадваючы сваё навучанне, яна піша, як маці павяла дачку на іспыт у варшаўскую гімназію імя Цэцыліі Плятэр-Зыберк на вуліцы Пекнай:

“Гэта была гімназія ўсіх беларускіх паненак, якіх штогод дзяжурная цётка прывозіла з Гомеля ў Варшаву. Вучыліся ў ёй паненкі Лісоўскія, Галынскія, Крушэўскія, Сяножэнцкія, Будзяноўскія ды іншыя — толькі Нолькенаўны сярод іх яшчэ не было”.

У гэтым пераліку прозвішчаў адчуваецца цэлая сетка сямейных сувязяў. Нават у Варшаве людзі заставаліся часткай асяроддзя, якое памятала Гомель і Беларусь. Дачцэ выбіралі школу з улікам традыцыі: сюды ўжо вазілі на вучобу дзяўчат з іх кола.

Данута ў дзяцінстве

Данута не проста пералічвае выпускніц. Выразам “беларускія паненкі” яна акрэслівае знаёмую супольнасць, у якой геаграфічнае паходжанне працягвала мець значэнне. Таму так хочацца назваць і яе саму беларускай паненкай, якая пісала па-польску. Гэта азначэнне апісвае сувязь з краем, успадкаваную разам з сямейнай памяццю.

Касцюкоўка, дзе бацьку называлі “Эдзя”

У аповедах пра Эдварда Нолькена паўстае чалавек, які любіў вясковае жыццё і гаспадарку, цікавіўся тэхнікай, намагаўся ўкараняць новыя сельскагаспадарчыя машыны. Адзін з эпізодаў прысвечаны амерыканскай жняярцы-вязалцы. Яна прыбыла разабранай, з інструкцыяй. Эдвард разам са сваяком Міхасём Солтанам доўга збіралі яе, а калі нарэшце вывелі ў поле, паглядзець на дзіўны механізм збегліся сяляне. Машыну цягнула пяцёрка коней. Яна пачала выдаваць гатовыя снапы — і здзіўленне гледачоў ператварылася ў захапленне.

Ядвіга Ханецкая-Нолькен, маці пісьменніцы

Гэта сцэна паказвае тое, як Кораль ажыўляе мінулае. Замест пераліку гаспадарчых удасканаленняў — людзі вакол машыны, чаканне, рух, імгненне агульнай радасці.

Гэтак жа праз дыялог яна перадае адносіны паміж уласнікамі сядзібы і вяскоўцамі. На адным з рэвалюцыйных сходаў, ужо пасля рэвалюцыі, бальшавіцкі агітатар абураўся, што мясцовы пан звяртаецца да старога селяніна на “ты”. У адказ з натоўпу прагучала:

“А ты чуў, як мы, старэйшыя, да яго звяртаемся?”

І далей:

“Мы яму гаворым: “Ты, Эдзя!” Бо мы яго ведаем ад дзяцінства, а яго бацька ведаў нас ад дзяцінства і ніводнай крыўды не было”.

Гэты эпізод важны як частка сямейнага ўяўлення пра Касцюкоўку. З яго нельга вывесці гісторыю адносінаў паміж усім беларускім сялянствам і
землеўласнікамі. Але ён дазваляе пачуць, якімі Нолькены памяталі сувязі са сваімі суседзямі: працяглымі, асабістымі, заснаванымі на знаёмстве некалькіх пакаленняў.

Дом, які працягваў жыць у аповедах

Касцюкоўка прысутнічала ў сямейнай памяці дзесяцігоддзямі пасля выезду. У сярэдзіне 1960-х гадоў яе наведала сваячка, Гелена. Яна сустрэлася з мясцовымі жыхарамі і прывезла ў Польшчу весткі пра былую сядзібу. Паводле пераказанага ў кнізе аповеду старажылкі, дом спалілі сяляне пасля таго, як у ім размясцілі органы, звязаныя з прымусовай калектывізацыяй. У сямейнай сазе гэты эпізод стаў часткай апошняга развітання з родным гняздом.

Ваколіцы Касцюкоўкі, 1912

Апісанне змененай Касцюкоўкі пабудаванае на рэчах, якія можна ўбачыць, адчуць і нават пакаштаваць: зніклыя парк і сады, змрочныя заводскія пабудовы на месцы сядзібы, жабрацтва і п’янства. Праз іх аўтарка перадае маштаб страты:

“Беларусь дзяцінства, якая пахла яблыкамі і свежай узаранай зямлёй, адышла ў нябыт”.

У тым жа фрагменце Кораль жорстка апісвае ўбачаную сваячкай савецкую рэчаіснасць. Тут гаворыць чалавек з пэўнай сямейнай гісторыяй, досведам страты і ўласным поглядам на мінулае. Менавіта гэтая перспектыва дапамагае зразумець эмацыйную сілу тэксту. “Каб Эдвард гэта ўбачыў, ён бы памёр у другі раз”, — падсумавала сваю паездку Гелена.

Уменне бачыць чалавека

Літаратурны талент Дануты праяўляецца і ў тым, як яна піша пра блізкіх. У яе ёсць і цеплыня, і іронія, і здольнасць заўважаць супярэчнасці. Распавядаючы пра ўласнае выхаванне, аўтарка пераходзіць да трэцяй асобы і называе сябе Данкай. Дзяўчынка, якую вучылі давяраць людзям і не праяўляць празмернай цікавасці да матэрыяльнага, вырасла жанчынай, якая не стала дамагацца вяртання сямейных рэліквій і не шкадавала пра страчанае.

У іншым месцы Кораль піша пра тое, як з гадамі змяняецца стаўленне да бацькоў. Спачатку дзяцей вядзе любоў, потым яны судзяць старэйшых, а разуменне прыходзіць пазней. Часам — занадта позна.

“У вандроўцы праз жыццё варта назапашваць самае каштоўнае: любоў да людзей, часам вельмі цяжкую талерантнасць і жаданне зразумець іншага чалавека. А калі нешта і губляць — дык толькі бязлітаснасць, суровасць прысудаў і фанатызм”.

Пасля гісторыяў войнаў, выгнання і разбурэнняў гэты заклік мае асаблівую вагу. Ён паказвае, да якога чалавечага выніку прыходзіць аўтарка, асэнсоўваючы жыццё сваёй сям’і.

Польская вернасць і беларускі след

У гады нацыстоўскай акупацыі Данута была звязаная з Арміяй Краёвай. У сямейных гісторыях пра вайну захоўваецца выразная непрыязнасць да нацызму і спробаў выкарыстаць паходжанне людзей у інтарэсах акупантаў. Кораль распавядае пра сваяка, які на патрабаванні падпісаць фольксліст, які мог бы спрасціць жыццё тытулаваным Нолькенам, адказваў адмоваю, паказваючы дакумент пра шведскае паходжанне роду. Сваё прозвішча ён выкарыстоўваў як нагоду адмовіцца ад навязанай нямецкай ідэнтычнасці.

Пра беларускіх партызан Данута згадвае ў адным з самых цяжкіх эпізодаў кнігі. Падчас акупацыі, працуючы ў школьнай бібліятэцы, яна сутыкнулася з настаўнікам Вольфам — фанатычным нацыстам, які пазней атрымаў заданне арганізоўваць школу для нямецкай меншасці на захопленых тэрыторыях.

Пра ягоныя метады ёй расказаў Рыхард Бартэль, сын мясцовага фольксдойча. Вольф загадаў пяцікласнікам выгадаваць хатніх жывёлаў, а потым уласнаручна забіць іх — каб давесці фюрару сваю гатоўнасць выканаць любы загад. Сястра Рыхарда Берта выгадавала чорнага ката, які ўсюды хадзіў за ёю. Калі настаў час забіваць, яна схапіла гадаванца і ўцякла на гарышча. Брату давялося знясці яе адтуль.

Кораль перадае гэтую гісторыю праз кароткі дыялог, у якім жах адкрываецца паступова:

“— А коцік? — ціха спытала Данка.
— Я забіў, бо яна не магла…”

Далей аўтарка піша:

“Таму вестка, што беларускія партызаны спалілі Вольфа разам з яго школай, выклікала ва ўсёй сям’і радасць — хоць гэтае слова і не пасуе да слова “смерць”. Але Вольф таксама не пасаваў да слова “чалавек”, таму ўсё ўраўнаважылася”.

Гэтая згадка дадае яшчэ адзін беларускі след у сямейную гісторыю. Вестку пра дзеянні беларускіх партызан у доме Нолькенаў успрынялі як адплату за нацысцкую жорсткасць. Адначасова эпізод паказвае літаратурнае майстэрства Кораль: замест доўгіх тлумачэнняў яна выбудоўвае сцэну вакол успамінаў пра гібель жывёлы, а маральнае ўзрушэнне перадае праз некалькі рэплік і рэзкі заключны сказ.

Вярнуць у беларускую памяць

У кнізе Дануты Кораль можна шукаць звесткі пра Нолькенаў, Ханецкіх, гомельскія сем’і, сядзібы і вымушаную эміграцыю. Яе аповеды пра сям’ю Паскевічаў таксама даюць уяўленне пра тое, што абмяркоўвалі і як ацэньвалі людзей у гэтым асяроддзі.

Родавы некропаль Нолькенаў на могілках парафіі Маці Божай Шкаплернай у Казуні-Белянах. Фота: ecmentarze.pl

Аднак каштоўнасць кнігі не вычэрпваецца фактамі, якія можна вынесці з яе для гістарычнай даведкі. Яна захоўвае мову сямейнай памяці: жарты, крыўды, інтанацыі, маральныя выбары, любоў да страчаных мясцінаў.

Данута Кораль памерла 10 лютага 2010 года, ва ўзросце 87 гадоў. Яе бацькоўскі дом у Касцюкоўцы даўно знік, але ў яе прозе ён застаўся населеным. У ім размаўляюць, спрачаюцца, прымаюць гасцей, збіраюць машыны, чакаюць вяртання да звычайнага жыцця. Яе кнігу варта перакласці на беларускую мову. І праз яе сувязь з нашай гісторыяй, і праз мастацкую якасць. Данута захавала Беларусь, якую ведала праз блізкіх і якую змагла зрабіць адчувальнай для чытача. Цяпер чарга беларускага чытача пачуць яе.

Штодзень

Можна пачытаць па тэме:
Злы дэман княгіні Паскевіч
Як беларускія сяляне з гомельскай Касцюкоўкі спалілі рэўкам

Related posts

Эндура пад Мазыром: эфектныя заезды могуць знішчыць унікальны ландшафт і паплавы Прыпяці

Ад Кантакузаўкі да “Вэндсдэй”: як гомельская вёска аказалася звязаная з румынскім замкам

Улады пацвердзілі блокпасты пад Гомелем, але не растлумачылі ахову Зябраўкі і Каранёўкі (відэа)