Пакуль адны беларусы шукаюць грыбы, іншыя — старую сядзібу, чорнае паліто і правільны выраз твару. У сацсетках набіраюць папулярнасць восеньскія фотасесіі ў стылі “Прыцемкаў”, “Навальнічнага перавалу” і Вэнздэй. Пахмурнае неба, апалае лісце і шляхецкая архітэктура — дэкарацыі, дзеля якіх неабавязкова ехаць у Трансільванію.
Прылукі. Фота: Анжаліка Граковіч, foto.by
У Прылуках пад Менскам захапленне ўжо ператварылася ў турыстычны ажыятаж. Пасля публікацый блогераў да сядзібнага комплексу Чапскіх масава паехалі аматары атмасферных здымкаў. Прычым у кадр часта трапляе не толькі адрэстаўраваны палац, але і старыя гаспадарчыя пабудовы — свіран, стайня і домік для рабочых. Мясцовыя скардзяцца на машыны, смецце і натоўпы. Іншыя ўдзельнікі дыскусіі радуюцца: у беларусаў прачнулася цікавасць да сваёй спадчыны, няхай і праз моду на прыгожыя фота.
“Штодзень” падумаў, дзе падобныя кадры могуць зрабіць гамяльчане. У нашай падборцы — чатыры месцы з рознай архітэктурай, але прыдатным для восеньскай фотасесіі антуражам. Адно з іх увогуле не патрабуе выезду з горада.
Красны Бераг: вежачкі, чырвоная цэгла і старая брама
Сядзіба Гатоўскіх — Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе Жлобінскага раёна нібыта створаная для фотасесіяў з рамантычным настроем. Палац узвялі ў 1890–1893 гадах, спалучыўшы элементы готыкі, рэнесансу ды іншых стыляў. Чырвоная цэгла, белыя дэталі фасадаў, эркеры і вежападобныя завяршэнні даюць багаты выбар ракурсаў. Асобная дэкарацыя — неагатычная ўязная брама са спічастай аркай і бакавымі вежачкамі. Побач раскінуўся парк на беразе Добасны: пасля партрэта каля палаца можна працягнуць здымкі сярод старых дрэў. Маёнтак належаў сям’і Гатоўскіх, а затым іхняй дачцэ Марыі, якая выйшла замуж за Вікенція Козел-Паклеўскага.
Жылічы: цёмны строй на фоне палацавай раскошы
Палац Булгакаў у Жылічах Кіраўскага раёна — варыянт для тых, хто гатовы выбрацца на Магілёўшчыну дзеля больш маштабных дэкарацый. Тут пануе класіцызм: светлыя фасады, велічныя калоны, порцікі і ўнутраны двор. Рэзідэнцыю пачаў ствараць у першай палове XIX стагоддзя Ігнацы Булгак, пазней комплекс пашыралі ягоныя спадчыннікі. Для фотасесіі можна выкарыстаць кантраст строгай архітэктуры і цёмнага адзення, перспектыву каланады, сілуэт на фоне вялікага будынка. У інтэр’ерах — ляпніна і парадныя залы, якія пасуюць ужо да вобраза загадкавай гаспадыні палаца. Магчымасць пастановачнай здымкі ўнутры і даступныя памяшканні трэба загадзя ўзгадніць з музеем.
Багуслаўскі фальварак: па атмасферу — у Прудок
Багуслаўскі фальварак у гомельскім Прудку дазваляе абысціся без загараднай паездкі. Комплекс звязаны з гаспадаркай Румянцавых і Паскевічаў, а ягоная гісторыя нагадвае, што шляхецкі маёнтак складаўся не толькі з палаца і бальнай залы. Для здымкаў цікавая менавіта гаспадарчая архітэктура: старая цэгла, арачныя абрамленні вокнаў, дэкаратыўныя элементы муры і вежападобныя выступы. Тут можна зрабіць больш стрыманыя партрэты, дзе галоўным фонам будзе фактура будынка. Назву фальварка даследчыкі звязваюць з імем Багуслава Корвін-Красінскага, ранейшага ўладальніка мясцовых земляў, — ніякія “паны Багуслаўскія” для гэтай гісторыі не патрэбныя.
Каранёўка: паляўнічы домік сярод старых дубоў
Паляўнічы домік Паскевічаў у Каранёўцы — яшчэ адзін аб’ект для атмасфернай фотасесіі непадалёк ад Гомеля. У 1865–1866 гадах ранейшую гаспадарчую пабудову перарабілі пад жылую рэзідэнцыю. Двухпавярховы дом з чырвонай цэглы ўпрыгожваюць белыя дэталі, балкон над уваходам і франтон з арачнай нішай, дзе знаходзіўся фамільны герб. Для восеньскіх здымкаў пасуюць як сам фасад, так і навакольны парк са старымі дубамі і штучным вадаёмам. Цёмнае паліто, апалае лісце і цагляныя сцены — свой рамантычны сюжэт можна стварыць і без паездкі ў Прылукі.
Прывабнасць такіх фотасесіяў — у магчымасці пабачыць знаёмыя мясціны па-новаму. Хтосьці прыедзе па здымак для Threads, а зацікавіцца гісторыяй гаспадароў палаца. Галоўнае, каб пасля знаёмства са спадчынай заставаліся фатаграфіі, а не смецце пад сценамі. І каб у пагоні за гатычным настроем не давялося мясцовым марыць пра шлагбаум.