Гомельская філія Праваабарончага цэнтра “Вясна” паведаміла пра спыненне працы свайго Telegram-бота @Homiel_Bot. Праваабаронцы працягваюць прымаць звароты праз іншыя каналы сувязі.
Новы лагатып “Гомельскай Вясны”
“Мы закрываем бот — @Homiel_Bot, але працягваем заставацца на сувязі”, — гаворыцца ў паведамленні.
Звязацца з гомельскім прадстаўніцтвам можна праз @homelspring, са светлагорскім — праз @svietlahorskspring. Пра затрыманні і парушэнні правоў чалавека прапануюць паведамляць у агульны бот ПЦ «Вясна» — @viasna_bot, які працягвае працу.
Па кансультацыю і дапамогу можна звяртацца ў @ViasnaSOS, у юрыдычную службу — @zvarot96, у інфармацыйную — @Viasnainfo.
Перад гэтым выявілі два фэйкавыя боты і ўзламалі “Палескую Вясну”
24 кастрычніка праваабаронцы знайшлі ў Telegram два падробленыя чат-боты, якія выкарыстоўвалі назву і аватар “Гомельскай Вясны”. Пра гэта арганізацыя паведаміла на сваім сайце 25 кастрычніка. Людзі, якія шукалі праваабарончай дапамогі, маглі перадаць асабістыя звесткі невядомым. У філіі мяркуюць, што падробкі маглі стварыць прадстаўнікі беларускіх сілавых структур.
Яшчэ адным інцыдэнтам стаў узлом рэгіянальнага праваабарончага сайта “Палеская Вясна”. Рэсурс амаль два гады не абнаўляўся і захоўваўся як архіў публікацый. Прадстаўнік гомельскай філіі пацвердзіў факт узлому, але зняпраўдзіў заявы прыўладных каналаў пра атрыманне паштовай перапіскі і базы рэспандэнтаў. Паводле яго, паказаныя як доказ лісты не паступалі на пошту рэсурсу, а згаданай базы не існавала.
Праваабаронцы заклікаюць браць кантакты з афіцыйных рэсурсаў арганізацыі і правяраць дакладныя адрасы акаўнтаў: назву і выяву профілю зламыснікі могуць скапіяваць.