Рэгіянальны праваабарончы сайт “Палеская вясна” быў узламаны. Інфармацыю пра гэта пацвердзіў Праваабарончы цэнтр “Вясна” пасля таго, як блізкія да беларускіх сілавікоў Telegram-каналы заявілі пра атрыманне доступу да сайта і паштовага сэрвісу, звязанага з яго адміністраваннем.
У афіцыйным паведамленні ПЦ Вясна падкрэсліваецца, што “Палеская вясна” амаль два гады не абнаўлялася і фактычна заставалася архівам старых публікацый.
Так выглядае цяпер узламаная старонка “Палескае Вясны”
Праваабаронцы запэўніваюць, што ўзламаны сайт і згаданая сілавікамі паштовая скрыня не былі звязаныя з цэнтральным сайтам арганізацыі і іншымі яе інфармацыйнымі рэсурсамі.
”Гэтыя рэсурсы, а таксама афіцыйныя электронныя скрыні і, адпаведна, звароты, якія накіроўваюцца праз іх, знаходзяцца ў бяспецы», — паведамляе ПЦ “Вясна”.
Цяпер праваабаронцы высвятляюць, ці сапраўды быў атрыманы доступ да паштовай скрыні, пра якую пішуць блізкія да сілавікоў каналы.
Таксама ў “Вясне” абверглі заявы пра нібыта атрыманне зламыснікамі інфармацыі, звязанай з фінансамі арганізацыі. У ПЦ называюць гэтыя паведамленні беспадстаўнымі і лічаць іх спробай дыскрэдытаваць дзейнасць праваабаронцаў.
“Вясна” паабяцала паведамляць новую інфармацыю па меры высвятлення абставінаў узлому.