“Дыктатура”: Карыстальнікі сацсетак спрачаюцца, чаму ў Беларусі ўпала нараджальнасць

Пытанне пра зніжэнне нараджальнасці ў сацсетках узнікла з падачы карыстальніка, які шукаў звесткі “для рэферата”. “Штодзень” сабраў самыя вострыя каментары, якія дакладна не спадабаюцца чыноўнікам.

Скульптуры “Маці”, якую дэмантавалі пасля перадачы будынка радзільні следчаму камітэту

Эміграцыя 2020 года:

“Беларускі нараджаюць у іншых краінах”

 

Адна з найбольш выразных тэм з дыскусіі: частка патэнцыйных бацькоў з’ехала з Беларусі пасля 2020 года.

“2020 год. З краіны з’ехала велізарная колькасць моладзі. Менавіта тая частка насельніцтва, якая непасрэдна ўплывае на нараджальнасць”. — напісаў Г.С.

“Агульная тэндэнцыя Еўропы. Але ж колькі моладзі з’ехала пасля 2015-га і потым пасля 2020-га? Ну вось…” — дадала Ж.М.

“Шмат сем’яў фертыльнага ўзросту з’ехала. Напрыклад, у Вільнюсе менавіта беларусаў нараджаецца больш за ўсё”, — падкрэсліў І.В.

“Каля 1 млн з’ехала, якраз у самым дзетародным узросце, беларускі нараджаюць у іншых краінах”, — лічыць Л.Ш.

 

“Дыктатура”: палітычныя прычыны

 

Палітычныя прычыны абмяркоўвалі больш акуратна, але яны прарываліся ў намёках.

“Дыктатура”, — каротка і ёміста сказаў А.

“30 гадоў стабільнасці і па пяцьсот”, — дадаў Я.

“Адна асноўная прычына, якая вельмі не хоча знікаць…”, — лічыць Н.С.

“Напэўна, нешта адбылося”, — адрэагавала на асабліва хуткае падзенне паказчыкаў у Беларусі за апошнія пяць гадоў С.Е.

 

Няўпэўненасць у будучыні і вайна

 

Блізкія да прамых палітычных прычынаў іх ускосныя наступствы: няўпэўненасць у будучыні, нестабільнасць і вайна. Асабліва гэта цікава на фоне палітычных заяваў беларускіх чыноўнікаў і нават мем “пра астравок стабільнасці”.

“Няма стабільнасці! Ні фінансавай, ні жыллёвай, ды і палітычнай — ні знешняй, ні ўнутранай”, — скардзілася Л.

“Пайшлі дэпрэсіўныя гады — і ў эканоміцы, і ў агульнай абстаноўцы. Людзям страшна за заўтрашні дзень, не кажучы ўжо пра нараджэнне дзяцей”, — лічыць Ф.

“Страшна нараджаць… страшна прачнуцца і ўбачыць вайну за акном. У такім выпадку як уцякаць з маленькім дзіцем?”, — пытаецца А.С.

 

Няма свайго жытла

 

Самая канкрэтная эканамічная прычына: людзі ў каментарах звязваюць немагчымасць заводзіць дзяцей з тым, што ў іх няма свайго жытла.

“Маладой сям’і цяпер нерэальна купіць кватэру, працуючы на дзяржаўнай працы”, — лічыць А.Л.

“Моладзі пра кватэру толькі марыць можна… Цяпер першы ўнёсак па іпатэцы немагчыма пацягнуць без бацькоў”, — перакананы С.

“Жыллё каштуе неабгрунтавана дорага, крэдыты з велізарнымі працэнтнымі стаўкамі і штомесячнымі плацяжамі”, — r.

Вельмі шмат простых і кароткіх адказаў: “Няма жылля”, “Няма дзе жыць”, “Немагчымасць купіць кватэру”.

 

Нізкія даходы і слабая эканоміка

 

Другая вялікая эканамічная група ў тым, што не хапае грошаў на жыццё.

“Невялікія заробкі, немагчыма пракарміць сябе, не тое што кучу дзяцей”, — лічыць Бр.

“Вельмі дарагія прадукты харчавання і жыллё”, — дадае А.Б.

“Жыллё, праца, даход, цэны, медыцына”, — пералічыў прычыны В.К.

У гэтым жа блоку адсутнасць нармальнай працы і праблемы рэгіёнаў: адсутнасць там працы, дарагое жытло.

 

Дыскрымінацыя жанчын на працы і “жахі з радзільняў”

 

Некалькі жанчын з каментароў красамоўна апісваюць, што сама сістэма робіць дзіця для жанчыны прафесійным мінусам.

“На павышэнне ўзялі не мяне, а калегу! Прычына — я маладая, хутка ў дэкрэт пайду… Пасля дэкрэту хацела змяніць працу — не ўзялі, бо ў мяне маленькае дзіця”, — апісала Т.К.

І іншыя каментары: “Дыскрымінацыя маці працадаўцамі”, “Няроўнасць пры прыёме на працу жанчын дзетароднага ўзросту”.

“Дзіцячыя сады, дзе на цябе будуць ціснуць, калі ты не забрала дзіця да пяці вечара, рабочы графік пры гэтым да шасці… У выніку жанчына тупа як вавёрка ў коле”, — паскардзілася Р.

Сярод іншага жанчыны кажуць і пра стаўленне да іх пры родах і саму сістэму і пра “жахі з радзільняў”. “Непаважлівае стаўленне да жанчын у медыцынскіх установах, карная гінекалогія”. — апісала прычыну С.

“Урачэбны гвалт у радзільнях, адсутнасць магчымасці нараджаць у прыватных платных установах”, — дадала К.

Сярод прэтэнзіяў і слабая абарона маці і дзяцей: “Развялася — цягні дзяцей сама”, “безадказныя таты, якія спакойна “сыходзяць па хлеб” і плацяць аліменты па мінімалцы”, “нармальнага закона аб хатнім гвалце няма”. Прыгадалі і пра “закон пра дармаедаў”, “які ўсіх стрыжэ пад адзін грэбень, уключаючы маці з маленькімі дзецьмі”.

Штодзень

Related posts

“Палігоны для тэставання амартызатараў”: гамяльчанін раскрытыкаваў веласцежкі — і тут панеслася

Цягнік Анапа-Мінск у Гомель зноў не прыедзе

Мост эпохі Эйфеля: у Гомелі закрываюць на рамонт канструкцыю XIX стагоддзя