Гомельскі “Рускі дом” святкуе дзесяцігоддзе. У юбілейным допісе арганізацыя дзякуе наведнікам за “ўсмешкі” і анансуе дзесяць новых праектаў. “Штодзень” сабраў сваю юбілейную дзясятку – ініцыятывы, у якіх за размовамі пра культуру, адукацыю і сяброўства праступаюць апраўданне акупацыі, прапаганда вайны і прасоўванне расійскага ўплыву.
“Мы хотели подарить вам новые возможности для развития и творчества – и у нас получилось!” – паведамляе арганізацыя ў Telegram. Заканчваецца віншаванне абяцаннем: “Дальше – больше!”
Пра дэструктыўную работу “Рускага дома” мы пісалі неаднаразова. Дадзеная дзяржаўная расейская арганізацыя ў сваёй дзейнасці спрабуе ахапіць як мага больш шырокае кола жыхароў Гомеля. У гэтым спісе – дзеці, настаўнікі, супрацоўнікі прадпрыемстваў і нават прадстаўнікі рэстараннага бізнесу.
Ушанаванне Татарскага з удзелам школьнікаў
У красавіку 2023 года ў “Рускі дом” прывялі навучэнцаў гомельскай школы №59. Перад кінасеансам яны ўшанавалі памяць Уладлена Татарскага — расійскага ваеннага прапагандыста і ўдзельніка вайны супраць Украіны.
“Вельмі кранальная падзея адбылася сёння ў нашым Доме”, — пісала арганізацыя пра візіт дзяцей з педагогам Дзмітрыем Уклейкам. Так наведванне культурнай пляцоўкі ператварылася ў жалобны рытуал у гонар чалавека, які падтрымліваў расійскую агрэсію. Прычым удзельнікамі гэтага рытуалу зрабілі беларускіх школьнікаў.
Дзіцячы конкурс да дзесяцігоддзя анексіі Крыма
У сакавіку 2024 года “Рускі дом” абвясціў конкурс малюнкаў, прымеркаваны да дзесяцігоддзя захопу Крыма Расіяй. Запрашалі дзяцей ад 12 да 17 гадоў. Да малюнка патрабавалася прыкласці чатырохрадковы верш пра паўвостраў.
“Работа павінна быць творчай і самастойнай”, – гаварылася ва ўмовах. Палітычны сэнс гэтай творчасці, аднак, вызначылі арганізатары: беларускім падлеткам прапанавалі далучыцца да святкавання анексіі ўкраінскай тэрыторыі. Прызы абяцалі ўсім удзельнікам.
“Першыя ластаўкі”ў акупаваны “Артэк”
Літаратурны конкурс “Жывая класіка” стаў для гомельскіх школьнікаў шляхам у акупаваны Крым. У траўні 2023 года “Рускі дом” паведаміў пра адпраўку пераможцаў у “Артэк”. “Першыя ластаўкі паляцелі з Гомеля ў крымскі Артэк!” – радаваліся арганізатары. У праграме абяцалі “патрыятычныя акцыі, мітынгі, канцэрты” і ўдзел у “Бессмяротным палку”. За ўзнагародай для юных чытальнікаў стаяла і нармалізацыя акупацыі: украінскі паўвостраў падавалі як звычайнае месца расійскага дзіцячага адпачынку.
Гастранамія з прысмакам акупацыі
Прасоўваць паездкі ў Крым спрабавалі і праз рэстаранны бізнес. У 2022 годзе су-шэф-кухар гомельскай “Фасолі” Іван Крашаніннікаў удзельнічаў у праекце “Посол русской кухни”. Галоўным прызам была гастранамічная стажыроўка ў Ялце. “Неделя моря, солнца и дегустаций вкусной еды”, — рэкламаваў магчымасць “Рускі дом”. Акупаваная тэрыторыя ў гэтай падачы ператваралася ў прывабную пляцоўку прафесійнага развіцця. Пытанне, каму належыць Крым і чаму паездка туды патрабуе крытычнага стаўлення, за морам і дэгустацыямі знікала.
Канцэрт удзельнікаў аўтапрабегу ў падтрымку вайны
У ліпені 2023 года гомельцаў запрашалі ў парк на канцэрт удзельнікаў аўтапрабегу “Дарогі славы – наша гісторыя”. Анонс распаўсюдзіў “Рускі дом”. “Штодзень” праверыў, што стаіць за патрыятычнай назвай. У інфармацыі пра мерапрыемства знайшлося прамое тлумачэнне: “Аўтапрабег адбудзецца ў падтрымку спецаперацыі”. Так пад выглядам музычнай праграмы ў беларускім горадзе рэкламавалі выступленне ўдзельнікаў акцыі ў падтрымку расійскай агрэсіі.
Фота: тг-канал “Рускі дом у Гомелі”
Ідэалагічная стажыроўка для настаўнікаў
У жніўні 2023 года “Рускі дом” паведамляў пра паездку гомельскіх настаўнікаў на павышэнне кваліфікацыі ў Расію. Аднак праграма не абмяжоўвалася выкладаннем мовы і літаратуры. У ёй значыліся “тэхніка культурнай дыпламатыі, ідэалагічнае выхаванне, інавацыйныя педагагічныя тэхналогіі”. Сярод пунктаў культурнай праграмы было наведванне епархіі, якая падтрымлівала расійскіх вайскоўцаў ва Украіне. Праца з педагогамі дазваляе ўплываць і на іхных вучняў: засвоеныя падчас стажыроўкі падыходы могуць вярнуцца разам з настаўнікам у беларускі клас.
“Дарогамі Кацярыны” – праз гісторыю расійскай анексіі
“Рускі дом” падтрымаў турыстычны праект “Дарогамі Кацярыны”, прысвечаны падарожжам Кацярыны II. На Гомельшчыне прапанавалі распрацоўваць маршруты, інфраструктуру і тэматычныя сувеніры. “Асноўны праект, які мы сёння абмяркоўваем і які падтрымаў Рускі дом, – “Дарогамі Кацярыны”, – пацвярджала тагачасная кіраўніца прадстаўніцтва Вольга Бараненка.
Беларускі рэгіён прапанавалі адкрываць праз постаць імператрыцы, пры якой пачаліся падзелы Рэчы Паспалітай і далучэнне беларускіх земляў да Расійскай імперыі. Каланіяльную гісторыю ператваралі ў турыстычны брэнд.
Гістарычны клуб з каардынатарам НОД
У лютым 2025 года “Штодзень” пісаў пра ўдзел Арцёма Сакоўскага ў арганізацыі гістарычнага клуба пры “Рускім доме”. Паводле сабраных тады звестак, ён быў рэгіянальным каардынатарам расійскага руху НОД, які прасоўвае ідэю “аднаўлення вялікай айчыны”. На сустрэчу запрашалі дзяцей-рэканструктараў, прадстаўнікоў ваенна-патрыятычнага мотаклуба і кадэцкага асяроддзя. Пра ўдзельнікаў паведамлялі: “Яны распавялі і паказалі, як з гадамі мянялася форма чырвонаармейцаў”. У дадзеным выпадку бачым, як гістарычная асвета стала пляцоўкай для збліжэння дзяцей з носьбітамі прарасійскіх палітычных поглядаў.
“Новае пакаленне” заводскіх ідэолагаў
У жніўні 2025 года па праграме “Новае пакаленне” ў Сібір паехалі прадстаўніцы Гомельскага завода ліцця і нармаляў Ала Музыка і Ганна Мігун. У паведамленні “Рускага дома” іх прадставілі як «спецыялістак па ідэалагічнай і інфармацыйнай працы”. Гэты выпадак паказвае, што абмены ахопліваюць людзей, адказных за ідэалогію на беларускіх прадпрыемствах. Пра сам завод “Штодзень” раней пісаў у сувязі са сведчаннямі палітычнага ціску і запалохваннямі іншадумцаў у афіцыйным тэлеграм-канале.
Збор для шпіталяў праз фонд Талая
У чэрвені 2025 года “Рускі дом” распаўсюдзіў заклік збіраць пасцельную бялізну для шпіталяў і пунктаў часовага размяшчэння. “Цяпер там крытычная сітуацыя”, – тлумачылі арганізатары. Збор вялі праз філіялы фонду Аляксея Талая. Дакладнага спіса атрымальнікаў у паведамленні не было. Аднак яно засведчыла супрацоўніцтва культурнага прадстаўніцтва з фондам, чые паездкі і праекты звязаныя з акупаванымі тэрыторыямі Украіны.
Інвалід-вазочнік Аляксей Талай падчас адной з “гуманітарных” паездак на Данбас
Што стаіць за культурнай шыльдай
“Рускі дом” у Гомелі з’явіўся ў 2016 годзе і ўваходзіць у сістэму расійскага дзяржаўнага агенцтва “Рассупрацоўніцтва”. У нашым матэрыяле пра ягоныя адукацыйныя праграмы даследчыца Украінскага інстытута Надзея Коваль адзначала ўбудаванасць такіх устаноў ва ўладную структуру і фінансаванне з федэральнага бюджэту: “То бок няма ніякай аўтаноміі”. Падобную ацэнку змяшчае санкцыйнае абгрунтаванне ЕЗ: “Рассупрацоўніцтва” названае галоўным дзяржаўным агенцтвам прасоўвання крамлёўскай “мяккай сілы” і гібрыднага ўплыву, якое фінансуе прапагандысцкія праекты і распаўсюджвае расійскія палітычныя наратывы. У кастрычніку 2026 года 71 еўрадэпутат падпісаў зварот да кіраўніцтва ЕЗ, заклікаўшы выпрацаваць скаардынаваныя меры для спынення працы гэтых структур. Асобна ў Германіі гучала прапанова перадаць будынак берлінскага “Рускага дома” Украіне як рэпарацыю – яе выказваў былы дэпутат Бундэстага Фолькер Бек. Гэта прапановы розных палітыкаў, а не прынятае рашэнне ЕЗ аб канфіскацыі маёмасці ўсёй сеткі.
У Гомелі ж арганізацыя святкуе юбілей і абяцае працяг. Дзесяць прыведзеных гісторый паказваюць, што яе дзейнасць даўно выйшла за межы знаёмства з рускай культурай: праз дзяцей, педагогаў, ідэолагаў і мясцовы бізнес тут паслядоўна пашыраюць прастору расійскага палітычнага ўплыву.