Жыхары Гомеля скардзяцца на выставу котак “Мурфэст”. “Гэта здзек на катамі!”, “Гэта поўны кашмар”, “Іх нібыта не кормяць” – такія ўражанні пакідаюць гомельцы пасля наведвання імпрэзы.
Фота: https://mur-fest.by
У Гомелі працуе выстава котак “Мурфэст”. На сайце ініцыятывы напісана, што можна будзе атрымаць асалоду ад стасункаў з жывёламі і зарад станоўчых эмоцый. Пра выставу зрабіў пазітыўнае відэа праўладны блогер Міша Картошкін. Маўляў, “гэта сапраўдая падзея для горада”, дзе прадстаўлена многа катоў у адным месцы.
Са старонкі праўладнага блогера ў ЦікТок
Аднак наведнікі зусім іншага погляду.
— Вельмі шкадую, што падтрымалі фінансава такое мерапрыемства! Гэта здзек над жывёламі! Людзі паводзяць сябе агідна, ніхто заўвагі не робіць. Кот схаваўся, яго нейкая бабка выцягвае…
— Каты спяць, памяшканне маленькае, паветра зусім няма… і колькасць катоў для выставы вельмі маленькае, грошы на вецер…
— Гэта здзек над катамі! Людзі дзеля грошай гатовыя на ўсё, з катамі так нельга!
— Прыйшлі туды, а коцікі нібыта пад чымсьці, абсалютна пасіўныя, амаль усе альбо спалі, альбо проста ніяк не рэагавалі, а дзеці іх цягалі як нейкіх цацак.
Водгукі пад паведамленнем пра выставу котак
Нават на старонцы праўладнага гучаць крытычныя меркаванні, праўда, сам Міша Картошкін на гэта адказвае па-хамску.
— Лепей бы на вуліцы дапамаглі жывёлам і рэкламу рабілі, каб людзі кармілі жывёлаў на вуліцы.
Міша Картошкін: “А вы ведаеце, як лепей?”
У Еўропе ёсць каціныя кавярні, дзе можна папіць каву ў коле катоў. Але там маюцца строгія абмежаванні ўзросту наведнікаў. Напрыклад, у Беластоцкую каціную кавярню “Kocie Cafe” можна прыйсці толькі пасля 14 гадоў, альбо з 12 гадоў у суправаджэнні дарослых. Чаму такія абмежаванні? Таму што з гэтага ўзросту дзеці пачынаюць кантраляваць свае эмоцыі. Гучныя гукі і хаатычныя паводзіны — гэта дадатковы стрэс для катоў. Для дзяцей ва ўзросце ад 6 да 11 гадоў таксама арганізуюць сустрэчы, але гэта вызначаныя 1,5 гадзіны. На гэты час кавярня звычайна зачыненая для іншых наведнікаў, а дзеці сустракаюцца з прадстаўніцай фонду, якая расказвае ім пра катоў. То бок каціная кавярня – гэта не выстава катоў і не спосаб атрымання прыбытку, а спосаб знайсці дом для катоў, якія там знаходзяцца. Больш за тое, уладальнікі кавярні цудоўна разумеюць, што вялікая колькасць пахаў наведнікаў і ежы звязаная са стрэсам у катоў. Аднак ідуць на гэта, каб знайсці дом для катоў.
На сайце выставы котак “Мурфэст” гаворыцца пра котатэрапію, пра місію па пошуку дому для катоў мы інфармацыі не знайшлі. І толькі на старонцы ў Інстаграме на 4 дзень пасля шквалу крытыкі, з’явілася паведамленне, што для катоў шукаюць гаспадароў. Але для наведнікаў выставы няма ніякіх узроставых абмежаванняў. Больш за тое, арганізатары спрабуюць пераканаць, што вялікая колькасць катоў у адным памяшканні з вялікай колькасцю наведнікаў – гэта шчасце для жывёлаў. Аднак жыхары Гомеля, як паказваюць каментарыі, зусім іншага меркавання.
Чытайце таксама