Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр паказвае “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча па-руску. У лістападаўскай афішы класіка беларускай літаратуры суседнічае з Талстым, Пушкіным і замежнымі аўтарамі. Пры гэтым ніводнай іншай беларускамоўнай пастаноўкі ў афішы не прадстаўлена.
Пастаноўку паводле аповесці Караткевіча тэатр вызначае як “неануар” з узроставым абмежаваннем 16+. Прэм’ера адбылася 11 траўня 2025 года. Рэжысёр і аўтар інсцэніроўкі — Дэвід Разумаў, мастачка-пастаноўшчыца — Таццяна Стысіна. У спектаклі апавядаецца гісторыя маладога этнографа, які трапляе ў стары замак і пачынае расследаваць таямніцу “дзікага палявання”. Аднак знаёмства з беларускім класічным творам гледачам чамусьці прапануюць праз рускую мову. У апублікаванай афішы на лістапад 2026 года ўсе назвы і апісанні пададзеныя па-руску. Сярод пастановак — “Власть тьмы”, “Русалка”, “Сильвия”, “Дары волхвов”, “Все пьесы Шекспира за один вечер”. Рускамоўнымі назвамі прадстаўленыя і дзіцячыя спектаклі, і гастрольныя паказы Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа.
Сцэна са спектакля “Дикая охота”. Калаж: Штодзень
Канфлікты з чыноўнікамі, ад’езд акцёраў і праблемы кіраўніцтва
Сённяшняя афіша існуе на фоне працяглых праблем установы, пра якія раней расказваў “Штодзень”. У матэрыяле пра былога гомельскага ідэолага Віталя Атаманчука мы згадвалі канфлікт вакол праекта “Інтымны тэатр” у 2016 годзе. Чыноўніку не спадабалася назва, хоць яе сэнс тлумачылі блізкасцю тэатра да гледача. Пасля канфлікту звольнілі дырэктарку Зою Пархамчук, а ў знак нязгоды сышлі чатыры акцёры. Пра грубае стаўленне чыноўніка публічна расказвала актрыса Алеся Бардухаева-Арол. Алеся і Андрэй Бардухаевы-Арлы, якія працавалі ў Маладзёжным, пазней стварылі прыватны Team Theatre. У 2020 годзе яны асудзілі гвалт сілавікоў і падтрымалі купалаўцаў. У кастрычніку 2025 года дырэктарку Маладзёжнага Алену Шошыну перавялі кіраваць абласным драмтэатрам. Тады суразмоўцы “Штодня”, знаёмыя з сітуацыяй ва ўстанове, расказвалі пра даўгі, нізкія заробкі і прайграную тэатрам працоўную судовую спрэчку. Гэта былі сведчанні крыніц выдання пра перыяд яе кіраўніцтва.
Адміністрацыйнае ўмяшанне, сыход творчых людзей, фінансавыя праблемы і працоўныя канфлікты складаюцца ў карціну зацяжнога крызісу Маладзёжнага тэатра. Такім чынам, адсутнасць беларускай мовы ў афішы — яшчэ адна яго праява.