Старонкі відэапраекта “Пакіньце вагон” гомельскага блогера Дзмітрыя Сабурава ўключылі ў спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Дзмітрый Сабураў. Фота: асабісты архіў героя публікацыі
Дзмітрый Сабураў з’яўляецца адным з аўтараў “Ротарнай Жаткі” — праекта, які разам з Віктарам Рубцовым і Арцёмам Шапаравым стаў вядомы ў часы кампаніі супраць дэкрэту «Аб дармаедах». Пазней блогер стварыў асобны канал “Пакіньце вагон!”, прысвечаны жыццю постсавецкіх мігрантаў у Чэхіі. Цяпер гэты канал прызнаны “экстрэмісцкім матэрыялам”. Паводле дзеючага заканадаўства, распаўсюд яго кантэнту ці спасылак на яго можа цягнуць адміністрацыйную ці нават крымінальную адказнасць.
У каментары для “Штодня” Дзмітрый Сабураў адзначыў:
“Ого, вось гэта навіна. Нарэшце. Я нават не ведаю, што гэта значыць і якія наступствы. Увогуле ўсё роўна, што яны там прызнаюць і кім. Гэта ж не мае ніякага дачынення да рэальнасці”.
Ён удакладніў, што канал “Пакіньце вагон!” спыніў існаванне яшчэ ў верасні 2025 года — у фінальным відэа Сабураў развітаўся з аўдыторыяй і паведаміў пра новы праект:
“Я ўжо не вяду гэты канал — у мяне новы YouTube-праект. “Пакіньце вагон!” я закрыў развітальным відэа ў верасні 2025-га. Пакуль я не ў Беларусі, мне нічога не пагражае. Але гэта было так і да прызнання канала “экстрэмісцкім” — я не быў на радзіме з 2018 года, бо разумеў, што мяне будуць пераследаваць за “Ротарную Жатку”.
Блогер падкрэсліў, што рашэнне беларускіх уладаў не мае рэальнага ўплыву на яго жыццё і назваў яго “папяровай фармальнасцю”.
За апошнія гады ў Беларусі сотні інфармацыйных і відэапраектаў прызнаныя “экстрэмісцкімі матэрыяламі”, у тым ліку тыя, што не маюць палітычнага характару.