Брытанскае ўплывовае выданне BBC News апублікавала матэрыял пра беларускіх палітвязняў, вызваленых у выніку здзелкі паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Дональдам Трампам. Сярод іх — вядомая гомельская журналістка Ларыса Шчыракова і яе калега Яўген Меркіс.

Фота: BBC
Паводле BBC, 52-гадовую Шчыракову, якая правяла тры гады за кратамі па абвінавачанні ў “экстрэмізме” і “дыскрэдытацыі Беларусі”, у верасні прымусова вывезлі з краіны разам з яшчэ 51 палітвязнем. “Ты губляеш усё імгненна. Гэта траўматычная думка — усвядоміць, што ў 52 гады ты фактычна бяздомная,” — сказала журналістка ў інтэрв’ю BBC News.
Ларыса не змагла нават трапіць на пахаванне сваёй маці і цяпер не можа вярнуцца дадому: яна рызыкуе быць зноў арыштаванай. “Я пакінула сына, дом, сабаку і ўсе свае рэчы. Калі б я магла вярнуцца дадому пасля чатырох месяцаў, я б лепш засталася ў турме,” — адзначыла яна.
Яе калега і сябра Яўген Меркіс, таксама журналіст з Гомеля, адбываў зняволенне ў той жа турме і быў вызвалены разам з ёй. Ён расказаў BBC, што ў турме ўтрымлівалі ў надзвычай цяжкіх умовах: “Падлога — плітка, сцены халодныя, а калі тэмпература вышэй за мінус пяць, днём адчыняюць акно. Ты ў спецыяльнай форме, без кофты, усё забрана. Начуёш на драўлянай дошцы з металічнымі краямі.”
Меркіс таксама згадаў, як спрабаваў перадаць Ларысе знак падтрымкі — ён выдрапаў на дне міскі словы “Шчыракова, трымайся”. “Я ела сваю кашу і ўбачыла гэта. Гэта быў нібы знак. Нешта містычнае і вельмі кранальнае,” — узгадала Ларыса.
Цяпер абодва журналісты знаходзяцца ў Літве, дзе ім дапамагае беларуская дыяспара. Як адзначае BBC, большасць вызваленых палітвязняў застаюцца фактычна ў выгнанні і не могуць вярнуцца на радзіму, дзе іх зноў чакае турма.