Мінімальны кошт праезду ў грамадскім транспарце аднолькавы для ўсіх абласных цэнтраў Беларусі (ад красавіка 2025 года – 90 кап.) Аднак віды білетаў і іх колькасць у розных гарадах розныя. Параўналі, чым адрознівацца сістэма білетаў у розных рэгіёнах і як выглядае на гэтым фоне Гомель.

Тралейбусы «Альгерд» курсіруюць па гомельскіх вуліцах з 2025 года. Фота: belkagomel.by
Самая сціплая прапанова ў Віцебску. Акрамя разавага квітка ёсць толькі дзве простыя опцыі, якія існуюць не адно дзесяцігоддзе – праязны на месяц і на дэкаду. Унікальная тут толькі наяўнасць трамваю, чаму іншыя абласныя цэнтры могуць пазайздросціць.
Варта адзначыць, што толькі ў Віцебску і Гродна актуальную інфармацыю пра кошт праезду можна знайсці на беларускай версіі сайта (пры спробе пераключыць мову на старонцы «Гомельаблаўтатранс» трапляеш у 2022 год з квіткамі па 80 кап., на брэсцкім сайце кнопкі змены мовы не працуюць, а магілёўскія транспартнікі ўвогуле не палічылі патрэбным займець беларускую версію).

Фота: voat.by/for-passengers/tariffs
Трохі больш разнастайная карціна ў Магілёве. Не толькі на месяц ці дэкаду, але і на палову месяца можна набыць праязны. Да таго ж кожны з гэтых білетаў прадаецца ў варыянце «толькі на працоўныя дні» — добрая магчымасць з’эканоміць тым, хто жыве далёка ад месца працы, але выходныя праводзіць у сваім раёне. Адзіны мінус: гэтыя праязныя не паадыходзяць працаўнікам са зменным графікам, выходныя якіх могуць прыпадаць на любы дзень тыдня.

Фота: mogobltrans.by
Дакладна такая ж сістэма і ў Гродна.

Фота: ap1.by
Гомель займае пачэснае другое месца. Акрамя квітка на адну паездку і праязных на месяц, паўмесяца і дэкаду маецца праязны а дзень. Гэта вельмі зручная рэч, як для тых, хто прыехаў на пару дзён як турыст ці па працы, так і для саміх гомельцаў (можна ездзіць па ўсім горадзе і рабіць неабмежаваную колькасць перасадак). Мае сэнс набываць праязны на дзень, калі запланаваная колькасць паездак больш за 4 (гэта стандартная практыка коштаўтварэння ў еўрапейскіх гарадах).

Фота: getgomel.by
Больш за ўсё варыянтаў аплаты праезду ў Брэсце. Цана праязнога білета можа залежаць ад тэрміну яго дзеяння (месяц, дэкада, палова месяца, 7 дзён, 3 дні ці суткі), альбо ад колькасці паездак (на 5, 10, 20, 30, 40, 50 і 60 паездак). Праязны на месяц можна купіць у версіі «толькі на працоўныя дні». Сістэма вельмі падобная на еўрапейскую: шмат варыянтаў для мясцовых, але замежнікам бывае складана не згубіцца ў такой колькасці прапаноў.
Фота: brestgortrans.by

