Дзяржаўныя медыя працягваюць практыку, якая ўжо стала нормай у Беларусі — прадстаўляць вынікі палітычных канфіскацый як “клопат пра спадчыну”. Чарговы прыклад — матэрыял “Гомельскай праўды” пра сядзібу ў аграгарадку Падароск Гродзенскай вобласці. У публікацыі, якая прэтэндуе на гістарычную аб’ектыўнасць, журналісты з сімпатыяй распавядаюць пра лёс маёнтка, але, калі справа даходзіць да апошніх гадоў, — праўда раптам перарываецца.
«Надежда на возрождение появилась в 2013-м, когда панский “маёнтак” на аукционе приобрел российский бизнесмен с белорусскими корнями за почти 120 тысяч долларов и начал восстанавливать. Планировал превратить поместье в интересный туристический объект, но так и не смог придать ему былое величие. Местные рассказали, что по решению суда усадьбу изъяли, отдельные ее объекты снова выставлены на аукцион, а пока поместье замерло в ожидании новой жизни», — піша “Гомельская праўда”.

Фота: https://www.facebook.com/majontak.padarosk
З матэрыялу можна падумаць, што бізнесмен “не здолеў выканаць абавязкі”, таму дзяржава “вымушана” вярнуць аб’ект. Але журналісты, відавочна, свядома замоўчваюць факт: сядзібу адабралі па палітычных матывах. Мецэнат, інвестар і кіраўнік праекта “Маёнтак Падароск” Павел Падкарытаў — не чарговы “нядобрасумленны ўласнік”, а чалавек, які ўклаў у аднаўленне помніка велізарныя асабістыя сродкі і працаваў паводле ўзгодненага з Міністэрствам культуры праекта. І калі б не судовае рашэнне аб канфіскацыі, вынік быў бы зусім іншы.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, у 2023 годзе сядзібу ў Падкарытава канфіскавалі, а ўжо ў 2024-м аддзел культуры Ваўкавыскага райвыканкама выставіў яе на продаж. Пры гэтым у склад лота трапілі нават аб’екты, якія дзяржаве не належаць.
Прадстаўнікі прадпрыемства “Маёнтак Падароск” удакладняюць: павільёны і тэхнічныя збудаванні на тэрыторыі сядзібы былі створаныя па прыватнай замове і не ўваходзяць у пералік нерухомасці, якая падлягала вяртанню. Больш за тое — падчас выканання рашэння суда гэтыя аб’екты не апісваліся і не былі перададзеныя дзяржаве. Таму спроба іх продажу — юрыдычна незаконная. Прадпрыемства ўжо накіравала адпаведную прэтэнзію і папярэджвае: пакупнікі могуць стаць саўдзельнікамі парушэння правоў уласнасці.
Акрамя таго, эксперты адзначаюць, што аўкцыён праходзіць у вельмі сумнеўных умовах: у сядзібы няма падключэння да вады і цеплазабеспячэння, калектар не адпавядае сучасным патрабаванням, а выдаткі на новы праект могуць пераўзысці кошт самога аб’екта.
Такім чынам, пад прыгожымі фразамі пра “адраджэнне” і “новую жыццё” дзяржава спрабуе легітымізаваць чарговую экспрапрыяцыю. Падобныя схемы ўжо неаднаразова выкарыстоўваліся — ад маёмасці Паўла Латушкі і Аляксандры Герасімені да сям’і Ціханоўскіх.
Гэтая практыка мае глыбокія гістарычныя карані. Канфіскацыі маёмасці “нядобранадзейных” пачыналіся яшчэ пры Кацярыне ІІ, працягваліся пасля паўстанняў ХІХ стагоддзя і ў часы сталінізму, калі “ворагаў народа” пазбаўлялі не толькі волі, але і маёмасці. У Беларусі ХХІ стагоддзя традыцыя адбіраць у тых, хто не даспадобы ўладзе, зноў стала інструментам пакарання.
Аднак сёння ўсё адбываецца ў эпоху лічбавай празрыстасці. Усе таргі, рашэнні і ўласнікі фіксуюцца ў адкрытых базах і могуць стаць доказамі ў будучых судовых справах. І калі дзяржаўныя газеты пакуль могуць пісаць “прыгожыя легенды” пра новае жыццё сядзібаў, то гісторыя памятае сапраўдных уладальнікаў. І яна яшчэ скажа сваё слова.