Пасля абстрэлу рэчыцкага аўтобуса ў Бранскай вобласці Расіі паднялася дыскусія пра тое, ці варта ехаць адпачываць у краіну, якая вядзе вайну. “Штодзень” вывучыў, ці змянілася нешта ў працы гомельскіх тураператараў і што кажуць пра гэта іх кліенты.
Калі каротка, то на сайтах тых тураператараў, што прадаюць пуцёўкі ў Геленджык, зменаў фактычна няма. Быццам бы і не было таго абстрэлу – ні папярэджанняў нічога. А ў іншых туры з Гомеля ў Расію на сёння адшукаць немагчыма. У сацсетках іншая сітуацыя: некаторыя папярэджваюць пра змену маршрута, а кліенты запытваюцца, ці вяртаюць грошы пасля адмены тура.
Аўтобусныя туры ў Геленджык – прыклад адносна бюджэтнага адпачынку на моры (калі на секунду забыцца, што можна патрапіць пад абстрэл). Кошты праезду ад 400 рублёў у два бакі плюс пражыванне ад 380 рублёў за чалавека на дзесяць дзён, поўны тур ад 900 рублёў. Бліжэйшыя даты заезду – ды хоць заўтра.
Мы знайшлі каля дзесяці прапановаў аўтобусных тураў у Геленджык з выездам з Гомеля.
“Адпраўляючыся на адпачынак у Геленджык з Гомеля, вы трапляеце ў месца з мяккім кліматам, які параўнаем з Паўднёвым узбярэжжам Крыму”, – анансуе тураператар, не згадваючы пра інцыдэнт у Бранскай вобласці.
Ёсць таксама самастойны адпачынак, пераезд аўтобусамі: кошт 345 рублёў. На бліжэйшыя дні ў аўтобусах засталіся 1-2 месцы.
Сярод іншых не менш небяспечных прапановаў з праездам праз Расію – увесь Краснадарскі край, анэксаваны Крым, непрызнаная Абхазія.
Альтэрнатыва – авіятур у Грузію. Кошты пачынаюцца з 2600 рублёў. Аўтобусны тур у Грузію, дарэчы, не прынцыпова адрозніваецца па коштах ад Расіі – кошты за ад 1500 рублёў з турпаслугай за два тыдні і 1326 рублёў за 13 дзён.
У сацсетках хвалявацца пра адмены адпачынку ў Геленджык пачалі раней інцыдэнта ў Бранскай вобласці.
“Падкажыце, як абстаноўка ў Дзіўнаморскім, Геленджыку? З Беларусі напэўна лепш не ехаць у гэтыя месцы. Забраніравалі тур на канец ліпеня, але нешта мяркуючы па навінах нікуды мы не паедзем”, – напісаў карыстальнік Т. 8 чэрвеня.
На заўтра ён адсправаздачыўся: “Нам адмянілі тур. Турфірма вырашыла аб’яднаць даты, мабыць шмат людзей адмовілася ці не набралі. Хаця на гэтыя даты заўсёды вялікі попыт (езджу не адзін год)”. Плануе ехаць увосень.
У каментарах людзі пісалі “страшна” і пра адмены браніравання на ліпень у Абхазію, Геленджык. Расіяне пры гэтым адпісваліся і пра тое, што ў іх усё добра, так і тое “нічога не нармальна, ноччу ляталі ракеты”.
Знайшлася і рэакцыя тураператара на падзеі ў Бранскай вобласці. “Элада тур” паведамілі: “Паважаныя нашы сябры! У сувязі з існуючымі абставінамі, мы вымушаны часова прыпыніць наведванне ўсімі любімага курорта Галубіцкая. Просім прабачэння за адмену тураў. Усім, хто заключыў дамовы, грошы будуць вернутыя”. Станіца Галубіцкая ў Краснадарскім краі Расіі, на Азоўскім моры. Якія “абставіны” перашкаджаюць туды ехаць, аператар на ўсялякі не паведамляе.
В.Б. вырашыла адмяняць свой тур яўна пасля падзеяў у Бранскай вобласці. “Хто адмяніў свой тур у Краснадарскі край? Ці вяртаюць грошы за турпаслугу? У дамове напісана, што калі адмена па ініцыятыве заказчыка, то няма. Але я вось думаю, ці законна гэта, у сувязі з апошнімі падзеямі?” – спытала яна 18 чэрвеня.
У каментарах шмат незадавальнення, што яна сабралася ехаць адпачываць у Расію. Кажуць, што падзеі тыя ўжо чатыры гады, і тураператар нічога не вінаваты. З іншага боку паведамляюць, што за адменены тур у Грузію, аператар вярнуў менш за палову кошту (122 рублі з 300). Як мінімум пяць чалавек пісалі таксама пра адмену, адзін, што вярнулі цалкам.
“У ліпені ў Ейск запланаваная паездка, тураператар учора сказала, што туры не адмяняюцца, а маршрут змянілі, зараз не праз Бранск. Паглядзім, што будзе далей”, – адпісала Ю.П.