“Кнігі пішуцца не ад добрага жыцця”. Уладзіслаў Наважылаў – пра новую кнігу, Гомель і тэрапію літаратурай

Чаму беларускія аўтары так рэдка трапляюць на англамоўны кніжны рынак? Навошта ператвараць Вільню ў прастору магічнага рэалізму, а Гомель — у горад, складзены з гукаў і кружэлак? І чаму літаратура часам становіцца не столькі творчасцю, колькі спосабам перажыць рэчаіснасць?

Напярэдадні выхаду новай кнігі “Непрытомнасць” і англійскага перакладу “Яблыка ў валізцы” мы пагаварылі з Уладзіславам Наважылавым пра беларускую літаратуру ў выгнанні, недаацэнены Гомель, уласныя літаратурныя сусветы і пра тое, чаму кнігі пішуцца не заўсёды ад добрага жыцця.

Уладзіслаў Наважылаў. Фота: ФБ героя публікацыі

 

Наколькі мы разумеем, неўзабаве ў агульным продажы з’явіцца ваша новая кніга? 

– Новая кніга будзе называцца “Непрытомнасць”. Але я не толькі ёй хачу пахваліцца. Яшчэ ёсць такая важная справа: цяпер робіцца пераклад маёй кнігі “Яблык у валізцы” на англійскую мову. Ён павінен выйсці недзе бліжэй да восені і ўжо тады з’явіцца ў продажы. Мне здаецца, гэта вельмі важная падзея, таму што не так ужо часта беларускіх аўтараў перакладаюць на англійскую. Тым больш такіх, як я, – цалкам андэрграўндных і не надта вядомых. Гэта першая навіна, якой хочацца пахваліцца.

І другая навіна – гэта новая кніга. Праўда, усё яшчэ можа мяняцца, бо цяпер у мяне на руках толькі тэставы асобнік. Магчыма, будзе мяняцца і назва. Першапачаткова задумвалася, што кніга будзе называцца “Непрытомнасць”, а цяпер разглядаюцца і іншыя варыянты. Што гэта за “Непрытомнасць”? Два гады таму я зрабіў вольны працяг сваёй аповесці “Аранжавыя дзверы”, якую яшчэ ў 2002 годзе напісаў па-руску. І вось увесь той сусвет, які не змясціўся ў “Аранжавых дзвярах”, неяк перакачаваў у гэтую “Непрытомнасць”. “Непрытомнасць” – гэта кніга з такой магічнай рэальнасці жыцця беларускіх эмігрантаў у Вільні. Але ў кнізе будуць і іншыя творы. Ёсць некалькі апавяданняў, ёсць такія апакаліптычныя, філасофскія рэчы, як “Караблік” і “33 разы па карку”. Гэта трэба чытаць, пра іх я зараз шмат расказваць не буду.

І вельмі важна, што там ёсць яшчэ адна аповесць, таксама пра магічны рэалізм, але ўжо пра Гомель. Раней яна называлася “Дзе заелася кружэлка”, хоць назва яшчэ можа змяніцца. Сэнс там у тым, што я намаляваў Гомель як нейкі тагасветны горад, дзе ўсё завязана на гуку, на музыцы. Гэта літаральна горад, складзены з касет, кружэлак і іншых гуканосьбітаў. І жывуць там, канешне, адпаведныя істоты. Але калі прыгледзецца, становіцца зразумела, што гэта менавіта Гомель. Мне апошнім часам вельмі цікавая гэтая тэма – разглядаць Гомель у розных ракурсах. Таму што, слухайце, Гомель – вельмі класны горад. Мне здаецца, ён недаацэнены. Трэба яго культываваць, паказваць, што гэта за месца. Для мяне Гомель – невычэрпная крыніца натхнення і ідэй. Хаця, калі б мне сёння сказалі вярнуцца жыць у Гомель, я б, напэўна, адказаў: не, дзякуй.

Калі не сакрэт, як атрымалася арганізаваць пераклад кнігі? Самі выдаўцы выйшлі на цябе? Ці калегі паспрыялі?

– Гэта была першапачаткова ініцыятыва выдавецтва “Грунвальд”, з якім я працую, і асобна Вольгі Іваноўскай. Яна сама пераклала гэтую кнігу, і ад самага пачатку гэта абмяркоўвалася. Я проста пра ўсё гэта забыўся, бо мне падавалася, што прыярытэт у гэтай задачы не такі высокі. А на самой справе аказалася інакш. Я спадзяюся, што чытачам, якія будуць чытаць гэтую кнігу па-англійску, яна спадабаецца. Вольга вельмі добра пераклала. Гэта далёка не першы яе досвед у перакладзе, яна вельмі дасведчаны чалавек.

І я спадзяюся, што людзі, якія будуць чытаць гэтую кнігу на англійскай мове, пранікнуцца той атмасферай Беларусі, у якой мы ўсе гэтыя гады жывём, у якой творым і ў якой размаўляем са сваімі прывідамі, скажам так.

Тут яшчэ такі прыкол. Я проста запытаў у ChatGPT, колькі беларускіх аўтараў перакладзена на англійскую мову. І ён адказаў, што недзе 3–5 працэнтаў беларускіх аўтараў калі-небудзь перакладаліся на англійскую. Адпаведна, трапіць у гэтыя пяць працэнтаў – гэта, канешне, вялікі гонар. Але галоўнае нават не гэтая лічба. Галоўнае тое, што гэта менавіта тая кніга, менавіта тое апавяданне, у якім ёсць кавалак Беларусі, пра які, на мой погляд, трэба было расказаць.

Папярэдняя кніга “Яблык у валізцы” была аўтабіяграфічнай, а ў новай вы звяртаецеся да магічнага рэалізму. Міжволі ўзгадваецца Толкін, які падчас Другой сусветнай вайны ствараў свой уласны міфалагічны свет. Ці не з’яўляецца для вас такое пісьменніцтва ў пэўным сэнсе тэрапіяй?

А кнігі наогул – гэта тэрапія. Мы ж пішам кнігі не таму, што вельмі добра жывём. Мы пішам іх, каб надаць нейкую каштоўнасць пражытаму дню. Бывае адчуванне: вось сёння я нічога не напісаў – значыць, дзень прайшоў дарэмна. І не важна, што я пакарміў ката, зрабіў нейкую працу, зарабіў грошай, купіў веласіпед ці яшчэ нешта матэрыяльнае. Для мяне ўсё гэта не мае асаблівай вагі.

Бо я сябе не пераадолеў і нічога не запісаў. І калі ты пішаш кнігу, прынамсі ў маім выпадку гэта так, то кожная напісаная глава, верш ці нават некалькі абзацаў азначаюць, што гэты дзень захаваўся ў маёй гісторыі, у маім сусвеце. Ён неяк адзначаны, ён становіцца матэрыяльным. Таму ўсё, што я пішу, – гэта не проста тэксты. Гэта спосаб пакінуць след. Спосаб захаваць час. Таму ты, па сутнасці, усё правільна сказаў. Толькі мне падаецца, што ўсё значна больш трагічна, скажам так. І гэта больш тэрапія, чым падаецца.

Штодзень
Можна пачытаць па тэме:
Гутарка з “тэрарыстам”
Уладзіслаў «Нож» Наважылаў распавёў новыя падрабязнасці сваіх уцёкаў з «хіміі»
90-я без фільтраў: як выжывалі героі гомельскага андэграўнду

Related posts

Ад “Трох чарапах” перад АМАПам да ўрокаў гітары. Піт Паўлаў вучыць беларусаў граць

Ларыса Шчыракова: Прырода ў Непале можа быць небяспечнай нават у спакойным стане, а калі разбушавалася стыхія, то выратавацца немагчыма.

Наста Сасыкбаева: “Для нас гэта не карнавал, для нас гэта палітычная акцыя”