Паступова заканчваецца тэрмін, як прэзідэнт Украіны даў Аляксандру Лукашэнку: прыбраць з мяжы рэтранслятары, якія дапамагаюць наводзіць расійскія дроны. “Штодзень” паслухаў, што кажуць пра “ўльтыматум Зяленскага” эксперты.
Тры прычыны ўльтыматуму
Украінскі палітолаг Яўген Магда ў эфіры “Еўрарадыё” назваў тры прычыны, чаму Украіна перайшла да жорсткай рыторыкі ў адносінах з Лукашэнкам. Па-першае, гэта падтрымка Захаду, другое з’яўленне ў Офісе прэзідэнта Кірыла Буданава (які ведае, “як ажыццяўляць псіхалагічны ціск на Лукашэнку”).
“І трэцяе — я думаю, што Лукашэнка насамрэч даўно заслужыў на такі сігнал”, – сказаў Магда. Ён прыгадаў і тое, што было 24-га лютага, і што было далей, і “хто каму гніда”.
Пры гэтым, палітолаг як цывільны чалавек лічыць, што на фоне ўдараў па Расіі за тысячы кіламетраў, без праблемаў патрапяць па тэрыторыі Расіі (“гэта ўжо не вайсковая справа, а геаграфія”), плюс “не ад добрага жыцця”, але “ва ўкраінцаў ёсць адзін з найлепшых у свеце досведаў выкарыстання дронаў у сучаснай вайне”.
Пад асаблівай пагрозай беларускія Нафтапераапрацоўваючыя заводы: “Мы бачылі, што было на мінулым тыдні з маскоўскім НПЗ. Гэта не проста дэманстрацыя… Калі так будуць гарэць НПЗ у Беларусі, то з чаго Лукашэнка харчавацца будзе? За кошт чаго Лукашэнка будзе напаўняць дзяржаўны бюджэт і падтрымліваць свае асабістыя інтарэсы?”
Эксперт лічыць, што цяпер сітуацыя складваецца так, што “Лукашэнку лепш зняць рэтранслятары і атрымаць нейкі час, бо ягоная абаронка працягвае працаваць на Маскву”. А ў выпадку невыканання ўльтыматуму “Украіна павінна адрэагаваць”.
“Адказ павінен быць асіметрычным. Украіна зараз аб’ектыўна не мае ні магчымасці, ні жадання наступаць на тэрыторыю Беларусі”, – адзначыў Яўген Магда.
У гэтай сітуацыі, лічыць ён, дамоўленасці могуць быць і непублічнымі, але “мы ўбачым гэта па эфектыўнасці расійскіх дронаў, убачым гэта па рыторыцы Лукашэнкі”.
“Лукашэнка павінен разумець, што калі ён хоча захаваць сваю ўладу, а ён хоча яе захаваць, то яму трэба быць больш гнуткім. Ён прывык азірацца толькі на Пуціна і часам атрымліваць нейкія цыдулкі з Кітая. А цяпер яму давядзецца ўлічваць яшчэ і інтарэсы Украіны, бо Украіна стала больш магутным гульцом”, – сказаў украінскі палітолаг.
Прычына ціску на Беларусь – гэта дроны
“Я жыву на паўночным усходзе Кіеўскай вобласці і рэгулярна бачу па маніторынгавых каналах падчас паветранай трывогі, як дроны ідуць у бок Жытомірскай вобласці. Дарэчы, гэта адна з прычын, чаму ідзе ціск на Рэспубліку Беларусь. Дроны ляцяць фактычна ўздоўж мяжы, атрымліваючы сігналы альбо ад пунктаў кіравання, якія рускія могуць разгарнуць, альбо ад звычайных вышак сотавай сувязі. Тым больш, што Беларусь адмяніла роўмінг з Расійскай Федэрацыяй. На расійскіх сім-картках. Гэта вельмі важна”, – распавёў у эфіры свайго блога палітычны аналітык Ігар Тышкевіч.
Ён апісаў схему кіравання дронамі: адзін з іх вісіць і падтрымлівае сувязь, астатнія знаходзяцца пад яго кіраваннем, прычым адзін знаходзіцца блізка да мяжы.
У каментар Ігар Тышкевіч выказаў меркаванне, што, найхутчэй, Лукашэнка выканае патрабаванне Зяленскага.
“Больш-менш адкрытая пагроза нанясення ўдараў па Беларусі”
Прагучала больш-менш адкрытая пагроза нанясення ўдараў па тэрыторыі Беларусі, лічыць гісторык і палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман.
“Я пакуль не зыходжу з таго, што можа быць нанесены нейкі маштабны ўкраінскі ўдар. Нешта кропкавае — магчыма, гэтага я не выключаю, было б дзіўна выключаць, бачучы ўдары, якія Украіна наносіць па расійскай тэрыторыі. Але нешта маштабнае пакуль здаецца мне малаверагодным”, – адзначыў у эфіры праекта “Адкажам за мір” Фрыдман.
Ён лічыць, што “Украіна, мяркуючы па ўсім, вядзе супраць беларускіх уладаў – калі Лукашэнка вымушана адмоўчвацца – паспяховую інфармацыйную і псіхалагічную вайну”.
Паводле яго, “у сённяшняй Украіны ёсць і вайсковыя, і тэхнічныя, і лагістычныя магчымасці рэалізаваць гэты ўльтыматум”. А вось Лукашэнка сам выканаць тое, што ад яго патрабуюць, не зможа, кажа Фрыдман, бо рэтранслятары паставіла Расія, і яны ёй патрэбныя, таму ён звернецца да Пуціна (і размова ўжо прызначаная).
“Я хачу думаць, што пагрозы – элемент псіхалагічнай вайны. Наступствы для Беларусі ў выпадку, калі такія ўдары будуць нанесеныя, могуць быць цяжкімі, вельмі цяжкімі. Вайна ў поўным сэнсе гэтага слова прыйдзе ў Беларусь. Таму я спадзяюся, што да гэтага не дойдзе”, – дадаў Аляксандр Фрыдман.