Нобелеўскі лаўрэат і старшыня праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі пакараны 10 гадамі калоніі. Намеснік старшыні “Вясны” Валянцін Стэфановіч – 9 гадамі калоніі. Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодны выбар” Уладзімір Лабковіч – 7 гадамі калоніі.
Сайт праваабарончага цэнтру “Вясна” публікуе рэакцыі міжнароднай супольнасці на ганебны прысуд вясноўцам.
Герман Рохас, старшыня камітэта “Пісьменнікі за мір” Міжнароднага ПЭН-цэнтра, сказаў:
“Міжнародны ПЭН-цэнтр узрушаны прысудам лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алеся Бяляцкага да 10 гадоў пазбаўлення волі. Бяляцкі прысвяціў сваё жыццё прасоўванню дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. У снежні яму забаранілі выступіць з прамовай на цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру, дзе яго віталі як маяк святла для рэгіёну і за яго межамі. Бяляцкі з’яўляецца сімвалам надзеі, які натхняе праваабаронцаў ва ўсім свеце, і яго трэба шанаваць як такога. Мы заклікаем да яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама да адмены прысуду і асуджэння”.
Міжнародная федэрацыя за правы чалавека FIDH заклікае да “жорсткай міжнароднай рэакцыі” на прысуд праваабаронцам “Вясны”.
“Пасля суда, які прайшоў з парушэннямі, нашы калегі Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч былі прыгавораны да 10, 9 і 7 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Мы асуджаем гэты жорсткі і абсурдны прыгавор і заклікаем да жорсткай міжнароднай рэакцыі”.
Выканаўчы дырэктар Civil Rights Defenders Андэрс Л. Петтэрсан.
“Ён адзін з самых моцных галасоў за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі. Адчайная спроба беларускага рэжыму прымусіць яго і іншых крытыкаў рэжыму замаўчаць доўгімі турэмнымі тэрмінамі жудасная, але не нечаканая. Дэмакратычны рух у краіне сутыкнуўся з жорсткімі рэпрэсіямі з боку рэжыму пасля пратэстаў 2020 года, і сітуацыя пастаянна пагаршаецца. Міжнародная супольнасць павінна працягваць падтрымліваць тых, хто выступае за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі”.
Рада Цэнтра абароны правоў чалавека “Мемарыял” апублікавала заяву з нагоды прысуду:
“Прысуд, як і сам крымінальны пераслед Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча – непрыхаваная беззаконная расправа за іх праваабарончую дзейнасць падчас кампаніі тэрору супраць грамадзянскай супольнасці і ўсяго народу Беларусі, разгорнутай дыктатарскім рэжымам у жніўні 2020 года пасля выбараў, якія прайграў Лукашэнка
Мы патрабауем вызвалення Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзя Лабковіча. Выказваем ім сваю падтрымку і салідарнасць. Свабоду палітвязням!”