Алена Маслюкова: “Крымінальная справа супраць Tor Band – гэта помста творчым асобам, якія аб’ядноўвалі беларусаў сваёй творчасцю”

by homieldays

Папулярныя рокеры з Tor Band поўным складам групы апынуліся ў турме. Нават на фоне шэрагу постсавецкіх дэспатый такое абыходжанне з музыкамі — дзікунства. На днях Яўгена Бурло, Дзмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка беларускія праваабаронцы прызналі палітзняволенымі. “Штодзень” звярнуўся з гэтай нагоды да прадстаўнічкі ПЦ “Вясна” Алены Маслюковай.

 

Наколькі складана было прыняць рашэнне пра наданне статусу палітвязняў у дачыненні да музыкаў Tor Band?

— Сітуацыя з Tor Band была праваабаронцам вядомая. Але ж вы разумееце, што не заўсёды мы можам хутка зрабіць гэтую справу. Тут не мае значэння, ці адносяцца яны да вельмі папулярных асобаў, медыйных, ці гэта проста шараговыя грамадзяне, якія паўсталі супраць рэжыму. На жаль, сітуацыя ў Беларусі такая, што колькасць людзей, якія прыцягваюцца па палітычных артыкулах, вельмі вялікая. І таму, як ні дзіўна, ёсць нават чэргі на прызнанне палітвязнямі. Трэба дэталёва вывучаць кейсы, перш чым прызнаць.

Безумоўна, што Tor Band сваёй творчасцю паказваў, што яны не падтрымліваюць рэжым. Але ж, вы разумееце, творчасць і творчыя асобы заўжды былі вельмі вольнымі ў сваіх меркаваннях, выказваннях, творчасці. Перашкодаў на прызнанне Tor Band палітвязнямі не было. І іх можна было прызнаць палітвязнямі ў першы дзень затрымання. Але там такая сітуацыя была: іх перазатрымлівалі па адміністрацыйных артыкулах некалькі разоў. І ў мяне ёсць інфармацыя, што іх быццам бы загадалі затрымліваць паводле 19.11 КоАП роўна столькі разоў, колькі песень яны выклалі на ютубе, колькі песень было імі напісана за пратэстовы перыяд. За гэты час, пакуль музыкі знаходзяцца ў зняволенні, у нас з адкрытых крыніц назбіралася інфармацыі, каб прызнаць іх палітвязнямі.

Нават на фоне самых адыёзных аўтарытарных рэжымаў пасадка цэлага гурта ў турму выглядае дзіка…

Гісторыя ж ведае такія выпадкі. Вы ж памятаеце, што ў савецкія часы рабілі з дысідэнтамі… Гэты рэжым не ўнікальны. Ён як каток знішчае любыя парасткі творчасці, таму што, калі чалавек сапраўды творчы, то ён будзе змагацца з той сістэмай, якая не дае яму індывідуальнага росту ў творчасці, які абмяжовае яго тымі сталёвымі рамкамі, за якія выйсці немагчыма. Тое ж самае было ў нацыстоўскай Германіі, калі палілі кнігі і Бертальда Брэхта прызналі нечытэбельным. Чаму? Вось цытата з ягонага твору: “Ідуць бараны, б’юць у барабаны. І шкуру нясуць бараны на новыя барабаны…” Вось і ўсё. Таму і Tor Band. Я, напрыклад, вельмі захапляюся іх творчасцю. Першы раз, калі пачула іх творы, я не магла паверыць, што гэта робяць людзі, якія жывуць у маленькім беларускім гарадку Рагачове. І яны дасягнулі такіх вышыняў! Тое, што супраць іх завялі крымінальную справу, — гэта проста помста творчым асобам, якія аб’ядноўвалі беларусаў сваёй творчасцю.

Асабістая просьба да людзей, у якіх ёсць магчымасць і жаданне падтрымаць музыкаў, каб яны на рахункі СІЗА перавялі сродкі, якія толькі магчыма, каб людзі маглі там атаварвацца.

Падтрымаць музыкаў з папулярнага рок-гурта можна ў тры спосабы:

– Зрабіць грашовы перавод;

– Адправіць на іх імя пасылку;

– Напісаць ліст падтрымкі.

Адрас для пераводу грошай і пошты:

СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Яўген Валер’евіч Бурло

Дзмітрый Валер’евіч Галавач

Андрэй Канстанцінавіч Ярэмчык

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png