Ходнікі ля “Камінтэрну”. Як нечакана атрымалася добрае рашэнне

by ZB

Звычайна добрыя ўрбаністычныя рашэнні з’яўляюцца плёнам глыбокага аналізу, інтэлектуальных намаганняў і крэатыўнага падыходу. Але бывае і так, што штосьці ўдалае з’яўляецца непрадказальна, як выпадковы і нечаканы вынік нейкіх дзей. “Штодзень” адшукаў для вас такі прыклад у нашым Гомелі.

Менавіта так сталася пры рэнавацыі будынка фабрыкі “Камінтэрн”. Гаворка не пра аднаўленне непасрэдна фасада – цікавых архітэктурных рашэнняў тутака не адшукаць, банальнае таннае (па эстэтыцы, бо з сённяшнімі коштамі на будаўнічыя матэрыялы танных рамонаў быць не можа) аздабленне вентфасадамі.

Сучасны выгляд будынка прадпрыемства “Камінтэрн”. Крыніца: advego.com 

Частковае перапрафіляванне будовы таксама не з’яўляецца чымсьці незвычайным. Аддаць першы паверх у месцы, дзе праходзіць шмат асоб, даволі лагічна, толькі нейкіх новых крам жыхары Гомеля тут не пабачаць – тыя ж беларускія брэнды, што і ў іншых гандлёвых месцах. Хіба што заслугоўвае ўвагі з’яўленне міні-бістро “Бацькі” – гастранамічнай кропкі ў фармаце “смачней, чым у сталоўцы, танней, чым у рэстарацыі” у асяроддзі офісных будынкаў бракавала.

Дык што тады вартае нашай увагі ў дадзеным выпадку? Ходнік. Каб пакупнікі маглі з камфортам падысці да крам, уздоўж усяго будынка была пракладзена дарога. Але амаль адразу пасля пабудовы мінакі сталі ахвотна выкарыстоўваць гэты праменад як альтэрнатыўны вул. Інтэрнацыянальнай шлях. Звычайна на дарозе, як і ў астатнім жыцці, беларусы паводзяць сябе даволі кансерватыўна. Рэдка хто зробіць хоць маленькі крук, калі можна прайсці напрамкі, пойдзе новым шляхам, а не тым, з якім звыкся.

Мінакі крочаць уздоўж Камінтэрна. Крыніца: advego.com

Гэта добрае сведчанне таго, што цэнтр Гомеля ў сучасным яго стане нязручны для хады пешкі. Вузкія з-за расшырэння праезнай часткі тратуары, загазаванасць і шум з-за перапоўненасці транспартам цэнтральнай часткі горада, пешаходныя пераходы і светлафоры ў колькасці і месцах, якія задавальняюць выключна патрэбы аўтамабілістаў, а не мінакоў – усё гэта стварае сур’ёзны дыскамфорт для тых, хто перасоўваецца “на сваіх дваіх” і раварыстаў.

Да таго ж па Інтэрнацыянальнай месцяцца вельмі людныя, і не толькі ў гадзіны пік, прыпынкі грамадскага транспарту. Вялікая грамада ўвесь час стаіць у чаканні аўтобуса ці тралейбуса, не меншая – праходзіць праз тэрыторыю прыпынку, накіроўваючыся далей па сваіх справах. Дадайце да гэтага раварыстаў, частка з якіх жадае імчаць, не спыняючы хуткасці і не спешваючыся, і турбуе ўсіх навокал дзіньканнем (пры тым, што ў дадзеным выпадку раварысты не маюць ніякай перавагі і ніхто не абавязаны саступаць ім месца).

Гомельцы ў чаканні транспарту на прыпынку Камінтэрн. Крыніца:1gomel.by

Нічога дзіўнага, што паралельны шлях адразу стаўся сярод гомельцаў настолькі папулярным – і ад машын далей, і не трэба манеўраваць паміж вялікай колькасці людзей.

Шырыня ходнікаў нават дазваляе праводзіць фотасесіі. Крыніца: gstu.by

Чаму мы лічым, што стварэнне дарогі не было запланаванае і сталася нечаканым вынікам? Па-першае, праменад не прадугледжвае роварнай сцежкі (што было б лагічна пры запланаваным перанакіроўванні людскіх патокаў). Па-другое, паралельны шлях лагічна было б падоўжыць і спалучыць з высокім ганкам былога будынка “Гіпражыўмаша” (гомельская “цікавостка”: арганізацыя, для якой гэты будынак быў у свой час пабудаваны, была пэўны час таму вымушана з’ехаць на ўскраек горада, дзе арэндная плата меншая, бо, як і большасць офіснай забудовы савецкіх часоў у цэнтры Гомеля, нерухомая маёмасць недзе ў 2000-х адышла ва ўласнасць мінскай арганізацыі). У такім выпадку па паралельнай дарозе можна было б прайсці і да скрыжавання “пр. Леніна – Інтэрнацыянальная”, і выйсці на пр. Леніна.

На жаль, шырыня гомельскіх вуліц не дазваляе прымяніць аналагічные рашэнні ў большасці праблемных для пешаходаў месцаў. Казаць пра рэканструкцыю цэнтра горада на карысць аматараў ходзіць пешкі пакуль не даводзіцца (нават праблема адсутнасці адной-адзінай пешаходнай вуліцы шмат год абмяркоўваецца, але далей справа не ідзе). Што рабіць тым, каму даводзіцца рэгулярна ісці па цэнтральных вуліцах? Каб зберагчы сваё здароўе, лепей выдаткаваць трохі больш часу, але, там дзе гэта магчыма, праходзіць не самым кароткім шляхам, а паралельнымі вуліцамі.

Такіх варыянтаў няшмат, бо паркоўкі замест зялёных зон з’яўляюцца “адметнасцю” Гомеля на дадзеным этапе ягонага ўрбаністычнага развіцця. Але яны ёсць. Вось нашыя ўлюбёныя.

Пляханава замест Інтэрнацыянальнай. Патрыярхальны куточак прыватнай забудовы паміж магістральнымі лініямі, які захаваўся цудам.

Пушкіна (калі прайсці за цыркам, уздоўж стадыёна выйсці да Кніжнай, маршрут можна падоўжыць) замест Савецкай. Машын, канешне, і тут за апошняе дзесяцігоддзе паболела, але, прынамсі, не прыйдзецца марнаваць час у чаканні зялёнага святла светлафораў.

Станкабудаўнічы праезд замест пр. Леніна. Напэўна, не ўсе жыхары Гомеля ведаюць, але паміж галаслівым пр. Леніна і Цэнтральным рынкам знаходзіцца вулачка з невялічкімі хаткамі. Застаецца толькі здзіўляцца, што тут, як грыбы пасля дажду, не павылазілі хмарачосныя абрысы “забудовы ўшчыльнення”!

Станкабудаўнічы праезд. Крыніца: gomelstreet.by

Ці даводзіцца вам шукаць паратунку на суцішных вулачках? Калі так, распавядзіце пра свае маршруты!

Штодзень  

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png