HomelDays_Logo_Main-mobil

“Гэта была казка для мяне”. Як дзяўчынка з Гомеля трапіла ў Італію пасля Чарнобыля

Летнія вакацыі для многіх беларускіх дзяцей 1990-х былі не толькі часам адпачынку, але і магчымасцю ўпершыню пабачыць іншы свет. Пасля Чарнобыльскай катастрофы дзясяткі тысяч дзяцей з Гомельшчыны і іншых пацярпелых рэгіёнаў праводзілі лета ў Італіі, Іспаніі, Германіі, Ірландыі і іншых краінах Еўропы. Для кагосьці гэта стала першай паездкай за мяжу, для кагосьці — успамінам на ўсё жыццё, а для некаторых — досведам, які паўплываў на іх далейшы лёс. З нагоды пачатку летніх вакацый “Штодзень” пачынае серыю матэрыялаў, у якіх гамяльчане ўзгадваюць свае дзіцячыя падарожжы на аздараўленне ў 1990-х і пачатку 2000-х гадоў. Гэтая гісторыя — пра Італію, якая для маленькай дзяўчынкі з Гомеля стала сапраўднай казкай.

Гомельскія дзеці на адпачынку ў Італіі. 1990-я. Фота: ilmoscone.it

“Я здымаю капялюш перад італьянцамі”

У Італію я ездзіла летам 1994 года, потым яшчэ ў 1995. Па запрашэнні мы ездзілі ў складзе вялікай групы ад нашага горада. А ўжо ў 1996-м мяне і яшчэ адну дзяўчынку запрашалі індывідуальна. Горад, у які я ездзіла, — гэта правінцыя Кампаніі, маленькі горны гарадок.

Пра ўражанні. Мабыць, адной фразай — гэта была казка для мяне, таму што рэзкі кантраст у параўнанні з тым, што я бачыла вакол сябе, з тым, да чаго прывыкла. Еўрапейскі лад жыцця, еўрапейскія гарады, дамы, узровень жыцця — для мяне гэта было здзіўляючым адрозненнем.

Першая паездка ў 1994-м годзе была на аўтобусах, і я памятаю, як мянялася карцінка за акном: наша даволі шэрая рэчаіснасць паступова змянялася дагледжанымі вуліцамі, дамамі з балконамі ў кветках, тэрасамі са столікамі. На дзіцячае ўспрыманне ўсё гэта рабіла вялікае ўражанне.

Сям’я, у якой я жыла, была, мяркуючы па ўсім, даволі заможная: вялікі дом на некалькі паверхаў, сад у двух узроўнях, у кожнага дарослага члена сям’і — па машыне. У маёй гаспадыні не было дзяцей, быў муж, і з ёй жылі яе бацькі. На фоне двухпакаёвых кватэр у маім горадзе гэта выглядала ўражвальна.

Пра стаўленне да дзяцей

На момант першай паездкі мне было гадоў дзевяць або дзесяць. Я звярнула ўвагу на тое, што італьянцы зусім інакш ставяцца да дзяцей, чым прынята ў нашай культуры. Ні мае італьянскія аднагодкі, ні дзеці старэйшыя нічым асабліва не былі абцяжараныя. Калі для нас удзел у гаспадарцы і побыце — гэта такі must-have, калі дзеці шмат дапамагаюць па доме і маюць абавязкі, то ў іх дзецям шмат дазволена і мала з іх патрабавалася. Гэта было вельмі заўважна — наколькі іншае стаўленне да дзяцей. Вельмі шмат адкрытай прыязнасці. Менталітэт італьянцаў адрозніваўся ў іх карысць ад нашага — мы больш замкнёныя, больш хмурыя ў дачыненні і адно да аднаго, і да дзяцей.

Я хутка пачала запамінаць італьянскія словы. Горад маленькі, тэрыторыя невялікая, але тым не менш — фантан, плошча, усе неабходныя атрыбуты. Людзі выходзяць на гарадскую плошчу і разам бавяць час. Да таго ж супала гэта з нейкім мясцовым фестывалем, або, можа быць, выступленні былі арганізаваныя ў наш гонар. На плошчы збудоўвалася сцэна, нешта спявалі, нешта танцавалі — усё суправаджалася музыкай, абсалютна цёплая, натуральная атмасфера. У мяне такога вопыту ў Гомелі зусім не было — каб усе жыхары, знаёмыя і незнаёмыя, проста так збіраліся, дзеці разам гулялі, знаёміліся. Гэта было проста цудоўна — вось гэтыя вячэрнія выхады, вечаровыя прагулкі. Гэта самае яркае ўражанне — незвычайны і вельмі прыемны вопыт.

Адносіны з прымаючай сям’ёй, на жаль, не захаваліся. Першы час яны нам часта тэлефанавалі, мы таксама часам тэлефанавалі, але міжнародныя перамовы былі дарагімі. Пісаць лісты было нязручна — трэба было шукаць перакладчыка з італьянскай. І паступова гэтая сувязь згасла. Яны болей не запрашалі, і імкненне падтрымліваць сувязь з абодвух бакоў паступова згасла.

Хоць, шчыра кажучы, цяпер, калі б знайсці кантакты і напісаць, мне было б цікава павітацца, пагутарыць, даведацца, як у іх справы. Бацькі маёй гаспадыні, наўрад ці, яшчэ жывыя — на той момант яны былі ў вельмі сталым узросце.

Я здымаю капялюш перад італьянцамі — адгукнуцца на гэту сітуацыю не проста занепакоенасцю, а цалкам канкрэтнымі дзеяннямі. Яны велізарныя малайцы. На нацыянальным узроўні прыняць столькі дзяцей — гэта цалкам канкрэтныя выдаткі, людзі тралілі час, сілы, свае адпачынкі, прымаючы нашых дзяцей. Прынялі гэту сітуацыю блізка да сэрца і дзейсна адгукнуліся.

Хоць я памятаю, што ў нейкі момант пачалі хадзіць размовы, што італьянцам памяншаюць падаткі ў сувязі з дабрачыннай дзейнасцю, і маўляў, робіцца ўсё гэта дзеля падаткаў. Я як тады, так і цяпер да такой аргументацыі стаўлюся скептычна. Я ведаю, наколькі клопатна прымаць чужых дзяцей з чужой краіны з вельмі розным узроўнем культуры і паводзін — нярэдка дзеці дастаўлялі вялікія клопаты сем’ям. Італьянцы праявілі сябе як неабыякавыя людзі, гатовыя працягнуць руку дапамогі зусім чужому народу — нават не суседзі, нават з іншых еўрапейскіх груп, нейкія славянскія дзеці, — але яны прынялі гэту праблему блізка да сэрца. Здымаю капялюш. Вялікі дзякуй ім.

Кожнае расстанне з Італіяй я ўспрымала як драму. Я плакала ўсю дарогу, плакала па вяртанні, доўга мірылася з тым, што жыццё давядзецца праводзіць тут, а не там. Кантраст ладу жыцця, узроўню жыцця, побыту, спажывання — усё гэта для мяне дзіцем было моцна не на карысць месца, дзе я нарадзілася, і ніякія патрыятычныя пачуцці не грэлі. Калі бачыш, што можа быць інакш і значна лепш, цяжка любіць і цаніць тое, што ёсць. Адчуванні па вяртанні — быццам выкруцілі фарбы: паменшылі яркасць, насычанасць, кантраснасць. Наша рэчаіснасць здавалася больш шэрай, у глухіх колерах. Змірыцца з тым, што жыццё наперадзе ў Беларусі, а не ў Італіі, было балюча і цяжка.

Прывезла я з сабой таксама ўражанне аб італьянцах як аб прыязных, размашыстых, адкрытых людзях. Можа быць, гэта асаблівасць маленькага горада, дзе ўсе ведаюць адно аднаго. Уражанне аб Еўропе — як аб вельмі ўтульным месцы, хоць яно склалася менавіта дзякуючы таму, што я жыла ў маленькім пастаральным гарадку. Мяне вазілі на экскурсію ў Неапаль, гаспадыня вазіла на мора — у прыбярэжныя гарады, у Салерна. Але пры гэтым больш уражанняў засталося аб Італіі як аб пастаральным, утульным, вельмі прывабным месцы. Быццам уся Еўропа такая. Зразумела, што з часам гэтае ўражанне мянялася.

І, мабыць, галоўны вопыт, які можна адтуль вынесці, — гэта тое, як людзі ўмеюць працягваць руку адно аднаму ў бядзе. Тады на нашай тэрыторыі здарылася Чарнобыльская трагедыя, і зусім старонніх людзі, зусім старонні народ адгукнуўся і запрасіў да сябе дзяцей — каб яны маглі пабыць у чыстым экалагічным асяроддзі, паправіць здароўе, харчавацца чыстымі прадуктамі. Гэта добры вопыт, добры ўрок, калі апынаешся не назіральнікам, а ўнутры гэтай сітуацыі. Гэта тое, што робіць наша жыццё — здольнасць адгукацца, прыходзіць адно аднаму на дапамогу.

Штодзень

Чытайце па тэме:

Ад “цягнікоў шчасця” да прыёму беларускіх дзяцей у Італіі
Як Індыя прымала дзяцей з Гомельшчыны пасля катастрофы
Юры Варонежцаў: чаму Чарнобыль з намі дагэтуль

Слайдар пастоў